Пепты́ды — арганічныя рэчывы, якія маюць астаткі аднолькавых або розных амінакіслот, што злучаюцца пептыднай сувяззю.
Малекула пептыдаў — звычайна лінейны ланцуг з амінагрупай (—NH2) на адным і карбаксільнай групай (—COOH) на другім канцы ланцуга.
Бываюць пептыды з замкнёным ланцугом — цыклапептыды (таксіны, гармоны і антыбіётыкі).
Па колькасці амінакіслотных астаткаў адрозніваюць ды-, тры-, тэтрапептыды і г.д.. а таксама поліпептыды.
Да пептыдаў адносяць шэраг біялагічна актыўных рэчываў: глутатыён, анзерын, карназін, некаторыя гармоны (інсулін, глюкагон, вазапрэсін, аксітацын і інш.).
У жывых клетках пептыды сінтэзуюцца з амінакіслот ці ўтвараюцца пры ферментатыўным расшчапленні бялкоў. Шэраг актыўных пептыдаў і іх аналагі атрыманы штучна шляхам хімічнага сінтэзу.
Дасягненні хіміі пептыдаў спрыялі вырашэнню некаторых праблем біяхіміі і малекулярнай біялогіі (напрыклад, расшыфроўка генетычнага кода).
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0198-2 (т. 12).