Педагог і вучні на занятках

Педагогіка (стар.-грэч. Παιδαγωγική — мастацтва выхавання, ад παῖς — дзіця і ἄγω — вяду) — навука аб выхаванні, навучанні і адукацыі чалавека. Педагогіка даследуе працэс мэтанакіраванага развіцця і фарміравання ва ўмовах яе выхавання, адукацыі і навучання; з’яўляецца навучальным прадметам сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў, якія рыхтуюць настаўнікаў, выкладчыкаў, выхавальнікаў.

Прадмет і задачы

Педагогіка вывучае аб’ектыўныя сувязі паміж развіццём асобы і знешнімі фактарамі (выхаванне, асвета, навучанне), распрацоўвае тэорыю і методыку выхавання. Разглядае фарміраванне асобы ў асноўных сферах яе жыццядзейнасці (сям’я, калектыў, грамадства і інш.). Уключае педагагічныя навукі: агульную педагогіку, пераддашкольную, дашкольную, школьную, сямейную, спецыяльную, параўнальную, вытворчую, прафтэхпадрыхтоўчую, вышэйшай школы, ваенную, спартыўную, інжынерную, сацыяльную, андрагогіку (тэорыя і практыка выхавання і адукацыі дарослых), гісторыю педагогікі. і інш.

Гістарычная даведка

Слова «педагогіка» паходзіць ад грэчаскага παιδαγωγική, што азначае літаральна «дзетаваджэнне». У Старажытнай Грэцыі «педагог» — раб, які назіраў за дзіцем, адказваў за наведванне ім школы (часта — няздольны да фізічнай працы). Развіццё педагогікі неаддзельна ад гісторыі чалавецтва. Педагагічная думка зарадзілася і на працягу тысячагоддзяў развівалася ў старажытнагрэчаскай, старажытнаўсходніх і сярэднявечнай тэалогіі і філасофіі. Упершыню педагогіка вылучыць з сістэмы філасофскіх ведаў у пачатку XVII ст. англійскім філосафам і прыродазнаўцам Фрэнсісам Бэканам і замацавана як навука працамі чэшскага педагога Яна Амоса Каменскага. У працы «Вялікая дыдакгыка» ён разгледзеў асноўныя праблемы адукацыі і выхавання, упершыню падкрзсліў прынцыпы дыдактыкі і асновы прыродазгоднага выхавання дзіцяці, заклаў базіс класна-ўрочнай сістэмы навучання ў школе. Уклад у педагогіку зрабілі Дж. Лок, Ж.-Ж. Русо, І. Г. Песталоці, І. Ф. Гербарт, А. Дыстэрвег, К. Ушынскі і інш.

Да цяперашняга часу педагогіка з’яўляецца шматгаліновай навукай, якая функцыянуе і развіваецца ў цеснай узаемасувязі з іншымі навукамі.

Літаратура

  • Вадзінскі Д. Асновы педагогікі вышэйшай школы. — Мн., 1993.
  • Кулінковіч К. Гісторыя педагогікі. — Мн., 1995.
  • Кулінковіч К. Этнічная педагогіка беларусаў. — Мн., 1993.
  • Навумчык В. Педагогіка // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12. — 576 с. 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0198-2 (т. 12).
  • Снапкоўская С. Гісторыя адукацыі і педагагічнай думкі Беларусі (60-я г. XIX — пачатак XX ст.). — Мн., 2001.
  • Снапкоўская С. В. Педаго́гіка // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. Мн.: БелЭн, 1995. — С. 574. — 800 с. 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.

Спасылкі


This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.