Пашто́ва-дабрачы́нная ма́рка — знак паштовай аплаты з дадатковым наміналам, які прызначаны для адлічэння ў фонд пэўных арганізацый на дабрачынныя мэты.
Апісанне
Паштова-дабрачынныя маркі адносяць да марак агульнага выкарыстання. На іх, як правіла, пазначаецца сума паштовага збору, які можа быць аплачаны дадзенай маркай, і велічыня надбаўкі на дабрачынныя мэты. Разам з тым, вядомыя выпускі, на якіх надрукавана адна толькі сума паштовага збору, а неабходнасць іх продажу па павышаным кошце для атрымання дабрачыннай надбаўкі вызначалася асаблівымі ўмовамі.
Прычыны выпуску паштова-дабрачынных марак могуць быць самымі рознымі і вызначаюцца многімі фактарамі эканоміка-сацыяльнага характару той ці іншай пэўнай краіны. З дапамогай паштова-дабрачынных марак арганізуецца збор сродкаў на сацыяльныя патрэбы: у фонд дапамогі беспрацоўным, хворым і інвалідам, на паляпшэнне жыцця дзяцей і пенсіянераў, пацярпелым ад стыхійных бедстваў: землетрасенняў, паводак і г. д.