Пасёлак — тып буйнога паселішча квартальнага тыпу ў сельскай мясцовасці. Таксама вылучаюць «пасёлкі гарадскога тыпу». Адпаведна, у статыстычных падліках насельніцтва пасёлкаў уключаецца ў склад сельскага насельніцтва, а пасёлкаў гарадскога тыпу — у склад гарадскога насельніцтва. Паводле Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы НАН Беларусі слова «пасёлак» з’яўляецца нядаўнім запазычаннем з расійскага «посёлок»[1].

Гісторыя

Сфармаваўся ў сярэдзіне — другой палове XX ст. як вынік рэалізацыі праграмы па ўзбуйненні і рэканструкцыі «перспектыўных» паселішчаў. Забудова пасёлкаў вялася паводле тыповага, радзей індывідуальнага праекту (генеральнага плану). У паселішчы вылучаліся наступныя функцыянальныя зоны:

  • адміністрацыйная (праўленне, пошта, ашчадная каса);
  • гандлёвая (комплекс прадуктовых і прамтаварных крамаў);
  • службаў побыту (пункты КБА, лазня, пральня);
  • культурна-адукацыйная (школа, дзіцячы садок, клуб, бібліятэка);
  • жылая (галоўны масіў забудовы);
  • вытворчая (фермы, механічныя майстэрні, перапрацоўчыя прадпрыемствы і г.д.).

Прадугледжвалася добраўпарадкаванне вуліц, пракладка інжынерных сетак (электрычнасць, сувязь, водаправод, каналізацыя), камфартабельная жылая забудова. Жылы масіў забудоўваўся блочнымі двух- чатырохпавярховымі будынкамі з невялікімі прысядзібнымі дзялянкамі і мінімумам гаспадарчых пабудоў. У падобныя паселішча назіраўся прыток працаздольнага насельніцтва, што вяло да заняпаду навакольных (г.зв. «неперспектыўных») вёсак.

Да канца 1980-х у сістэме сельскага рассялення Беларусі акрэсліліся значныя зоны, структуру якіх утварала даволі шчыльная сетка пасёлкаў: Бабруйск — Магілёў — Доўск; Слуцк — Салігорск; наваколле Мінску, Віцебску, Гомелю. Найбольш развітая структура пасёлкаў склалася на лініі Бабруйск — Магілёў[2].

Гл. таксама

Зноскі

  1. Пасёлак // Этымалагічны слоўнік беларускай мовы / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа. Т. 8: Немарач — Паяць. — Мн.: Навука і тэхніка, 1993. С. 181
  2. Беларусы: у 13 т. Т. 2. Дойлідства / А. І. Лакотка; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. І. Лакотка. — Мн.: Тэхналогія, 1997. С. 33—35.

Літаратура

  • Беларусы: У 8 т. Т.2. Дойлідства / А. І. Лакотка; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. І. Лакотка. — Мн.: Тэхналогія, 1997. — 391 с.: іл. ISBN 985-6234-28-X.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.