Партэ́р (фр.: parterre ад раr на + terre зямля) — у садова-паркавым мастацтве — адкрытая частка саду ці парку на роўнай мясцовасці з газонамі, кветнікамі, вадаёмамі, бардзюрамі з кустоў. На партэры часта размяшчаюць фантаны, скульптуру, курціны, асобныя дрэвы.
Характэрны рэгулярным паркам XVII—XVIII стст. (у Версалі, Петрадварцы). Больш свабодныя па абрысах партэры ў пейзажных парках, звычайна ў выглядзе лужкоў (паркі Стоу ў Англіі, у Паўлаўску). У выглядзе партэра вырашаліся барочныя парадныя двары — курданёры перад галоўным фасадам палаца або сядзібнага дома.
На Беларусі пашырыліся ў XVII—XVIII стст. у рэгулярных парках, т.зв. італьянскіх садах, уяўлялі сабой прамавугольныя ўчасткі, акаймаваныя алеямі са шпалерамі (Альбінскі палацава-паркавы ансамбль); у XIX — пач. XX ст. выкарыстоўваліся ў кампазіцыях пейзажных паркаў, напрыклад, у Гомелі і Нясвіжы). Партэры шырока выкарыстоўваюцца ў ландшафтнай архітэктуры і азеляненні пры стварэнні буйных горадабудаўнічых ансамбляў - партэры на плошчах Незалежнасці і Перамогі ў Мінску і інш.
Літаратура
- Партэр. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0198-2 (т. 12).
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Партэр (садова-паркавае мастацтва)