«Чырвоны курань смерці» | |
---|---|
Гады існавання | 1917— снежань 1919 |
Уваходзіць у | Зялёныя паўстанцы |
Тып |
партызаны конніца |
Функцыя | змаганне з бальшавікамі і белагвардзейцамі |
Колькасць | да 1000 чалавек |
Дыслакацыя | Севершчына, Жытоміршчына |
Войны |
Грамадзянская вайна ў Расіі Грамадзянская вайна ва Украіне |
Камандзіры | |
Вядомыя камандзіры | Яўген Ангел |
Партызанскі атрад атамана Ангела — баявы атрад узначалены Яўгенам Ангелам. Ангелаўцы сябе называлі «Чырвоны курань смерці».
Перадумовы
Яўген Пятровіч Ангел паходзіў з беднай сям’і, удзельнік Першай сусветнай вайны, прайшоў школу прапаршчыкаў. У 1917 годзе, калі фронт амаль разваліўся, Яўген Пятровіч вярнуўся на Севершчыну, адкуль паходзіў, і арганізаваў атрад паўстанцаў.
Шлях атрада
Пасля забойства вядомага на Чарнігаўшчыне паўстанца Шэкеры, Ангел падняў паўстанне ў Ічні. Пасля Ічнянскага паўстання да прыходу Дзянікіна Ангел, маючы ўзброеных 1000 чалавек, тэрарызаваў камуністаў і саўработнікаў, рабаваў цягнікі і падрываў лініі.
Атрад Ангела шмат займаўся рабежніцтвам. Падобных рэчаў Уладзімір Вінічэнка, які ўзначальваў Дырэкторыю, дараваць не мог, а сам Ангел, які відавочна быў стыхійным анархістам, аніяк не стрымліваў сваіх людзей у сістэматычных рабаваннях. Выбухнуў канфлікт: кіраўніцтва Дырэкторыі падпісала пастанову на арышт свавольнага атамана. Тады Яўген Пятровіч разарваў усе адносіны з Кіевам і пайшоў у «вольнае плаванне». Ён сапраўды быў таленавітым ваеначальнікам: ангелаўцы зацята білі і белагвардзейцаў, і бальшавікоў. Улюбёнай тактыкай ангелаўцаў сталі партызанскія засады і налёты. Такім чынам, напрыклад, атрад знішчыў злучэнне дзянікінцаў у 50 чалавек, маючы ў бойцы толькі 14.
Але ж неўзабаве канфлікт распачаўся і ў самім «Чырвоным курані смерці». Частка ангелаўцаў заявіла пра падтрымку Дырэкторыі, і перайшла на бок кіеўскай улады. Ангел застаўся з 400 коннікамі, але і з такім невялікім атрадам ён паспяхова граміў Чырвоную армію. Усё гэта выклікала вялікую занепакоенасць старшыні Рэўваенсавета Льва Троцкага: атаман Ангел быў абвешчаны бандытам. У губернскія ЧК паляцелі шыфраваныя арыентоўкі з патрабаваннем неадкладна знішчыць ангелаўцаў.
У 1919 годзе пасланцы Ангела прапаноўвалі Станіславу Булак-Балаховічу хаўрус супраць бальшавікоў, але той ім адмовіў.
Атрад харызматычнага атамана быў ліквідаваны ў снежні 1919 года на Жытоміршчыне. Сам Ангел быў паранены, патрапіў у палон, дзе яго і расстралялі. Але ж ягоныя паплечнікі працягвалі змаганне. ЧК лавіла іх ажно да сярэдзіны дваццатых гадоў.
Галоўнай прычынай паразы Ангелавага «Чырвонага кураня смерці» стала страта даверу мясцовага насельніцтва з-за рабаванняў сялянаў некаторымі паўстанцамі, а таксама занадта памяркоўная пазіцыя Яўгена Пятровіча па гэтым пытанні.
Склад
У атрадзе атамана Ангела былі не толькі ўкраінцы – так, відную ролю адыгрываў Васіль Князевіч з Гомельшчыны, былы падпаручнік царскай арміі, якога Яўген Пятровіч ведаў яшчэ па школе прапаршчыкаў. У атрадзе было і нямала жанчын, якія са зброяй у руках змагаліся з чырвонымі і белымі нароўні з мужчынамі, што прайшлі Першую сусветную.
Бок
І атаман Ангел, і ягоныя паплечнікі былі зацятымі ворагамі і рэстаўрацыі Расійскай імперыі, і савецкай улады. Яны храбра біліся з атрадамі дзянікінцаў і чырвонаармейцаў нават тады, калі ворагаў было значна больш. Але палітычныя сімпатыі атамана былі надта ўжо непаслядоўнымі. Спярша Яўген Пятровіч падтрымаў гетмана Паўла Скарападскага, аднак неўзабаве перайшоў на бок яго ворагаў — Дырэкторыі. Але Сямён Пятлюра з Уладзімірам Вінічэнкам таксама сталі для Ангела ворагамі. Імаверна, гэта звязана з тым, што змаганне з белымі і чырвонымі ў ангелаўцаў арганічна спалучалася з рабаваннем простага народу, за шчасце якога яны і змагаліся.
Спасылкі
- Уладзіслаў Ахроменка. Справы 1923 г. «Атаман Ангел, вялікі і жахлівы» (беларуская мова) // Беларускае Радыё Рацыя. Архівавана з першакрыніцы 4 лютага 2021.