Пала́тка — часовае жыллё з тканіны, зборна-разборная канструкцыя, якая хутка ўсталёўваецца і прызначаная для абароны ад неспрыяльнага надвор'я і часовага размяшчэння і пражывання людзей, правядзення работ, гаспадарчых патрэб, а таксама складавання розных матэрыялаў, маёмасці і апаратуры ў палявых умовах. Шырока ўжываецца для арганізацыі часовых паселішчаў турыстамі, вандроўнікамі, узброенымі сіламі, а таксама прадстаўнікамі мабільных прафесій — глебазнаўцамі, археолагамі, геолагамі, чабанамі і т. п.[1] Некаторыя палаткі могуць таксама выкарыстоўвацца ў якасці адзежы (гл. плашч-палатка).
У літаратуры сустракаюцца словазлучэнні палатачны гарадок і палатачны лагер, якія азначаюць размяшчэнне некалькіх (мноства) палатак у адным месцы, для тых ці іншых мэт.
Тыпы палатак паводле выкарыстання
Штурмавыя палаткі выкарыстоўваюцца ў складаных горных паходах і працяглых узыходжаннях. Сярэдняй вагі, трывалыя, умерана аб'ёмныя, збіраюцца хутка. Калі добра зроблена — вытрымае любое надвор'е. За кошт адшпільваемых сетак рознай шчыльнасці лёгка рэгулюецца мікраклімат. Калі тканіна добрая — прыкметна выграваецца дыханнем нават аднаго чалавека.
Штурмавыя ультралёгкія палаткі выкарыстоўваюцца для так званага «альпійскага» стылю ўзыходжанняў, пры невялікай працягласці маршруту. Асноўныя характарыстыкі штурмавых палатак — вага і памеры. Вельмі лёгкія, вельмі трывалыя, вельмі маленькія, збіраюцца хутка. Жыць доўга ў іх цяжка, бо нават сесці праблематычна.
Экспедыцыйныя палаткі — падобныя на штурмавыя, але разлічаны на выкарыстанне пры меней экстрэмальным надвор'і. Звычайна няма снежных спадніц, тканіна прасцей, звычайна трохі большы аб'ём у тым жа класе. Добры варыянт для лясных начлегаў у сярэдняй паласе.
Трекінгавыя палаткі — падобныя на экспедыцыйныя, але яшчэ прасцей, бо не разлічаны на вятры і сур'ёзную непагадзь. Бяруцца для начлегаў на абсталяваных стаянках уздоўж сцяжыны.
Палаткі для базавага лагера — для «гімалайскага» стылю ўзыходжанняў, калі па ходзе ўзыходжання ставяцца базавыя лагеры. Палатка для базавага лагера разлічана на тое, каб доўга прастаяць на адным месцы пры любым надвор'і, таму яна павінна быць ветраўстойлівая, яе канструкцыя — досыць трывалай, каб вытрымліваць ціск ветра і снега. Аб'ём яе досыць вялікі, каб яна магла змясціць у сябе некалькі чалавек.
Кемпінгавыя палаткі — павышанай камфортнасці, што ў першую чаргу адбіваецца на яго памерах (высокія, прасторныя) і вазе (звычайна гэта вельмі цяжкія палаткі, якія немагчыма несці на сабе працяглы час, таму яны выкарыстоўваюцца ў вандраваннях з транспартнымі сродкамі). Відавочны мінус — з-за вялікага аб'ёму і сярэдняй якасці тканіны дрэнна выграваюцца дыханнем, у халодныя ночы можа быць вельмі холадна. Відавочны плюс — вялікая вышыня. Маюць сэнс, калі доўга (хоць бы 3-4 дні) жыць на адным месцы.
Пляжныя палаткі — невялікія палаткі для нядоўгага адпачынку, пераважна ў спякотную пару без дажджоў. Маюць усяго адну камеру, як правіла, не вельмі тоўстую, у сувязі з чым паветра ў ёй не так моцна награваецца днём, як у іншых палатках. Гэта самыя недарагія, і як правіла, самыя недаўгавечныя палаткі. Не разлічаны на дождж, добра прапускаюць вільгаць.
- Сучасныя палаткі
- Магнітагорскі помнік «Першая палатка»
Тыпы палатак паводле канструкцыі
Палаткі складаюцца з каркаса і тэнта.
Каркас
- бескаркасныя (стойкавыя)
- двухсхільная
- шацёр
- іншыя
- каркасныя — тэнт умацоўваецца драўляным, металічным ці пластыкавым каркасам (каркасная палатка):
- паўсфера
- паўбочка
Бескаркасныя (стойкавыя) палаткі замацоўваюцца на адцяжках паміж дрэвамі (у лясной зоне), або на адной (тып «шацёр») ці некалькіх стойках.
Каркас палатак тыпу «паўсфера» ўяўляе сабою некалькі перасякальных дуг (ад 2 да 6), што ўтвараюць паўсферу. Плюсы — вялікая ветраўстойлівасць, не патрабуе калкоў для ўсталёўкі (у горах пажадана замацаванне штармавых адцяжак). Мінусы — вялікая вага.
Дугі палаткі робяць з
- алюмінію,
- шкловалакна,
- сталі.
Алюмініевыя дугі даволі трывалыя і лёгкія, але каштуюць даражэй, таму іх выкарыстоўваюць галоўным чынам у штурмавых і экспедыцыйных палатках, дзе вага палаткі мае вялікае значэнне. Дугі з фібергласа маюць аптымальнае спалучэнне трываласці і кошту. Стальныя дугі звычайна выкарыстоўваюцца ў кемпінгавых палатках, якія разлічаны на вялікую колькасць чалавек і маюць вялікі каркас.
Каркас палатак тыпу «паўбочка» ўяўляе сабою некалькі паралельна пастаўленых дуг (ад 2 да 5). Асноўныя плюсы — адна вялікая вышыня на ўсёй даўжыні. Мінус — меншая ветраўстойлівасць, чым у паўсферы.
Тэнт
- аднаслойныя
- двухслойныя
Аднаслойная палатка выраблена цалкам з непрамакальнага матэрыялу. Плюсамі дадзенай канструкцыі з'яўляюцца яе лёгкасць і кампактнасць у згорнутым выглядзе. Асноўны недахоп — кроплі кандэнсату, якія ўтвараюцца ў халоднае надвор'е на ўнутраных сценках палаткі і сцякаюць непасрэдна на падлогу, што прыводзіць да паступовага адсырэння рэчаў. З гэтай прычыны аднаслойныя палаткі атрымалі досыць вузкае распаўсюджанне.
Пераважная большасць сучасных палатак мае двухслойную канструкцыю[2]. Хованка ў дадзеным выпадку ўяўляе сабою як бы дзве палаткі: унутраную і вонкавую. Унутраная — лёгкая, са сценкамі з «дыхаючай» тканіны. Вонкавая — непрамакальная. Паміж двума гэтымі слаямі пакінуты прамежак каля 10 см. Вільгаць, якая выдзяляецца пры дыханні чалавека, свабодна праходзіць скрозь першы слой і кандэнсуецца на вонкавым тэнце, сцякаючы ў выглядзе кропель на зямлю і не закранаючы сухіх рэчаў усярэдзіне палаткі. Плюсы — сухасць рэчаў і лепшая цеплаізаляцыя. Мінус — трохі большая вага. Тэнт не павінен дакранацца з унутраным палаткі, каб не намакаць у гэтым месцы.
Іншыя элементы
- Тамбур — дадатковая прастора пад вонкавым тэнтам палаткі. Служыць месцам для захоўвання рэчаў і пераабування вулічнага абутку. У перыяды працяглай непагадзі ў тамбуры таксама можа рыхтавацца ежа на газавай гарэлцы (пры гэтым неабходна адкрываць уваход і вентыляцыю, каб не атруціцца ўгарным газам).
- Вентыляцыя — адмысловыя адтуліны ў даху ці сценах палаткі, якія забяспечваюць прыток свежага паветра і дазваляюць збольшага змагацца з кандэнсатам. На некаторых мадэлях прадугледжана магчымасць доступу да дадзеных адтулін з унутранай палаткі. Праз вентыляцыйныя адтуліны не павінны трапляць асадкі.
- «Спадніца» — дадатковая палоска тканіны па перыметры тэнта, якая абараняе ўнутраную прастору палаткі ад задзімання ветра. Можа быць прышытай ці здымнай. Калі прываліць яе зверху камянямі ці снегам, спадніца забяспечвае дадатковую ветраўстойлівасць і ўцяпленне палаткі. Наяўнасць спадніцы неабходна ў гарах і пры нізкіх тэмпературах. У той жа час у спакойнае, зацішнае надвор'е можа з'яўляцца прычынай з'яўлення кандэнсату[3].
Тыпы палатак паводле сезона
- Летнія палаткі — арыентаваны на выкарыстанне, галоўным чынам, у цёплае ці спякотнае надвор'е. Істотна палепшаная вентыляцыя, за кошт таго, што край тэнта высока прыпадняты над зямлёй, а сценкі ўнутранай палаткі выкананы пераважна з добра прадуванай тканіны ці маскітнай сеткі.
- Трохсезонныя — разлічаны на выкарыстанне як у цёплае, так і ў халаднаватае асенне-вясновае надвор'е. Здольныя супрацьстаяць працяглым перыядам дажджоў. Унутраная палатка выканана з больш шчыльнай тканіны, каб зрабіць яе цяплейшай і паменшыць прадзьмуванне халодным ветрам.
- Зімнія (ці чатырохсезонныя) — разлічаны на выкарыстанне ва ўмовах адмоўных тэмператур і моцных вятроў. Арыентаваны, у першую чаргу, на альпінізм і паходы ў высакагор'е, вышэй мяжы снега. Характэрна ветраўстойлівая канструкцыя з вялікай колькасцю дуг, больш шчыльная і надзейная тканіна тэнта. Нярэдка па перыметры мае снежную спадніцу.
- Унутраная частка летняй палаткі
- Зімняя палатка
- Палатка удзельнікаў акцыі пратэсту, Курапаты
Матэрыялы для вырабу палатак
У наш час, для вырабу палатак выкарыстоўваюцца наступныя віды матэрыялаў:
- Поліэстэр (пазначаецца: Poly (англ.)).
- Нейлон (Nylon (англ.)).
- Тарпаўлінг (Tarpauling (англ.)) — выкарыстоўваецца для вырабу дна некаторых палатак. Складаецца з пераплеценых палатняным перапляценнем вузкіх палосак поліэтылена, ламініраваных абапал яго расплавам.
- Віды тканін
- Рыпстоп (R/S).
- Тафта (Taffeta).
- Оксфард.
- Пакрыцці
- Поліўрэтан (PU) — традыцыйнае пакрыццё для ўзмацнення воданепранікальнасці тэнта ці дна палаткі.
- Сілікон (SI) — навейшае пакрыццё. Апроч воданепранікальнасці надае тканіне вялікую трываласць і ўстойлівасць да ультрафіялету. Сіліканізаваная тканіна істотна лягчэй PU, што адбіваецца на агульнай масе палаткі. Але ў той жа час яна значна даражэйшая.
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ Даведнік турыста. Палатка(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 30 верасня 2011. Праверана 21 чэрвеня 2016.
- ↑ Канструкцыя сучаснага палаткі. 2014 г.
- ↑ Кандэнсат у турыстычнай палатцы — адкуль ён бярэцца і як з ім змагацца.
Літаратура
- Палатка // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — С. 539. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).