Пазітро́ній — звязаная сістэма часціц, электрона і пазітрона. Падобны на атам вадароду, дзе пратон заменены пазітронам.
Мае масу, роўную дзвюм электронным, а памеры ўдвая большыя за памеры атама вадароду. Утвараецца пры сутыкненнях павольных пазітронаў з атамамі рэчыва. У залежнасці ад узаемнай арыентацыі спінаў электрона і пазітрона адрозніваюць ортапазітроній (спіны часціц паралельныя; час жыцця τ= 1,4×10−7 с; распадаецца на 3 γ-кванты) і парапазітроній (антыпаралельныя; τ=1,25×10−10 с; распадаецца на 2 γ-кванты).
Палярызаваны пазітроній, утвораны пазітронам, атрыманым пры бэта-распадзе, мае своеасаблівыя ўласцівасці: вектар яго спіна прэцэсіруе вакол напрамку магнітнага поля (тэарэтычна прадказана У. Р. Барышэўскім і эксперыментальна назіралася ў Інстытуце фізікі НАН Беларусі).
Уласцівасці і час жыцця пазітронія ў рэчыве адрозніваюцца ад характарыстык свабоднага пазітронія і вызначаюцца ўласцівасцямі рэчыва.
Выкарыстоўваецца для вывучэння фізіка-хімічных асаблівасцей рэчыва, напрыклад, хуткіх хімічных рэакцый атамарнага вадароду, працягласць працякання якіх параўнальная з часам жыцця пазітронія.
Гл. таксама
Літаратура
- Пазітроній // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. С. 517—518.
Спасылкі
- Позитроний // Физическая энциклопедия.