Падры́знік, або Стыха́р, або Ры́зы — ніжняе богаслужэбнае аблачэнне праваслаўных і ўніяцкіх святароў і архіерэяў, апранаецца на падраснік і паверх яго называецца рызы. Падрызнік, або стыхар, паводле паходжання самае старажытнае аблачэнне. У дыяканаў і ніжэйшых клірыкаў стыхар — верхняе богаслужэбнае адзенне з шырокімі рукавамі. У цяперашні час падрызнік, або стыхар, уяўляе сабой аблачэнне да пят у выглядзе кашулі, пашыранае кнізу, з выразам для галавы, без каўняра і з разрэзамі па баках ад падпахаў да пояса і ніжэй. На спіне нашываецца крыж. У стыхары як верхнім служэбным адзенні дыяканаў і клірыкаў шырокія рукавы. Стыхар шыецца з парчы, аксаміту і іншай дарагой тканіны. У адрозненне ад стыхара падрызнік шыецца з вузкімі рукавамі. Рукавы падрызніка з разрэзамі на канцах. Да аднаго з бакоў разрэзу прышываецца шнурок або тасьма так, што пры адзяванні гэтым шнурком ніжні край рукава падрызніка шчыльна сцягваецца каля запясця. Падрызнікі шыюцца з лёгкай тканіны і павінны быць белымі. Падрызнік апранаецца толькі пры служэнні Святой Літургіі і ў некаторых асаблівых выпадках.
Літаратура
- Завальнюк У.М. Энцыклапедычны слоўнік рэлігійнай лексікі беларускай мовы / У. М. Завальнюк, М. Р. Прыгодзіч, В. К. Раманцэвіч. — Мінск, Изд-во Гревцова, 2013. — 808 с. ISBN 978-985-6954-73-6.