Падмесячная сфера — адна з канцэпцый старажытнагрэчаскай астраноміі, апісаная ў працах Арыстоцеля[1]. Абазначае вобласць геацэнтрычнай сістэмы свету, размешчаную ніжэй Месяца, якая складаецца з чатырох стыхій -- зямлі, вады, паветра і агню[2], і схільная да пастаянных змяненняў, у адрозненне ад нязменнай сферы эфіру, якая цягнецца ад Месяца да меж сусвету, і ў якой змешчаны планеты і зоркі[3].
Эвалюцыя канцэпцыі
Канцэпцыю падмесячнай сферы першапачаткова сфармулявалі Платон і Арыстоцель[4], іх ідэі ляжалі ў парадыгме геацэнтрычнай сістэмы свету. У Сярэднявеччы арыстоцелеўскія ідэі развіваў Авіцэна[5]. Сярэдневяковы схаласт Фама Аквінскі, адзначаў розніцу паміж нябеснай і падмесячнай сферамі ў сваёй працы Сума тэалогіі, а таксама згадваў, што Цыцэрон і Лукан усведамлялі межы паміж Прыродай і Небам, падмесячнай і эфірнай сферамі[6]. Вынікам гэтага стала сярэдневяковае ўяўленне пра, паводле К. С. Льюіса, «„вялікі падзел“ … паміж эфірам і паветрам, „небам“ і „прыродай“, царствам багоў (ці анёлаў) і царствам дэманаў, царствам неабходнасці і спалучанасці, нятленным ды тленным».
Распрацоўка Капернікам геліяцэнтрычнай сістэмы свету нанесла сур’ёзны ўдар па канцэпцыі падмесячнай сферы. Назіранні Ціха Брагэ звышновай зоркі і камет у нібыта нязменнай сферы эфіру канчаткова падарвалі арыстоцелеўскія ўяўленні[7]. Томас Кун прыводзіць крушэнне канцэпцыі падмесячнай сферы як навочны прыклад з’яўленне новых магчымасцей, якія ўзнікаюць пры змене навуковай парадыгмы[8].
У мастацкай літаратуры
Дантэ ў «Боскай камедыі» змяшчае гару Чысцілішча вышэй за падмесячную сферу, таму яе схілы не падвержаны прыродным змяненням[9].
Зноскі
- ↑ Aristotle, Ethics (1974) p. 357-8
- ↑ Stephen Toulmin, Night Sky at Rhodes (1963) p. 38 and p. 78
- ↑ C. C. Gillespie, The Edge of Objectivity (1960) p. 14
- ↑ Gillespie, p. 13-5
- ↑ J. J. E. Garcia, Individuation in Scholasticism (1994) p. 41
- ↑ W. Hooper, C. S. Lewis (1996) p. 529-31
- ↑ R. Curley, Scientists and Inventors of the Renaissance (2012) p. 6-8
- ↑ Thomas S. Kuhn, The Structure of Scientific Revolutions (1970) p. 116-7
- ↑ Dante, Purgatory (1971) p. 235
Літаратура
- J. Barnes, Aristotle (1982)
- M. A. Orr, Dante and the Medieval Astronomers (1956)
- Thomas Kuhn, The Copernican Revolution (1957)