Падзеі ў Мінску 19—21 лютага 1918 года — пераходны перыяд у гісторыі Мінска падчас Першай сусветнай вайны, які працягваўся некалькі дзён, пачынаючы ад эвакуацыі савецкіх органаў улады 19 лютага 1918 года да акупацыі горада 21 лютага войскамі Германскай імперыі. У гэты перыяд праявілі актыўнасць польскія і беларускія добраахвотныя ваенізаваныя фарміраванні, а на будынку дзяржаўнай адміністрацыі Мінска ўпершыню з’явіўся бела-чырвона-белы сцяг як сцяг беларускай дзяржавы. Значныя сілы, галоўным чынам розныя вартаўнічыя службы, былі і на расійскім баку[1].

Гістарычны кантэкст

Пасля перамогі савецкай улады ў чэрвені 1917 года была ўтворана Заходняя вобласць з цэнтрам у Мінску. У снежні 1917 года створаны Аблвыканкамзах — вышэйшы заканадаўчы (паміж з’ездамі Саветаў) орган савецкай улады на Заходнім фронце і ў Заходняй вобласці пад кіраўніцтвам Аляксандра Мяснікова. Для каардынацыі дзейнасці і вырашэння найбольш важных пытанняў як выканаўчы орган існаваў Савет народных камісараў Заходняй вобласці і фронту. Сярод людзей, якія прычыніліся да стварэння гэтых структур, не было мясцовага цывільнага насельніцтва, а ў кіраўніцтве — ніводнага беларуса[2]. Адначасова ў горадзе ўтвараліся і дзейнічалі іншыя палітычныя і нацыянальныя рухі, якія імкнуліся да набыцця ўлады — перадусім беларускія і польскія.

У снежні 1917 года ў Мінску адбыўся Першы Усебеларускі з’езд, у часе якога прадстаўнікі беларускіх арганізацый збіраліся прыняць рашэнні наконт будучыні края. Нягледзячы на легальнасць з пункту гледжання бальшавіцкіх уладаў, з’езд быў разагнаны войскамі, падпарадкаванымі Аблвыканкамзаху. Аднак ён паспеў прыняць, між іншым, рашэнне наконт стварэння беларускіх вайсковых атрадаў з дапамогай Цэнтральнай беларускай вайсковай рады (ЦБВР) пад кіраўніцтвам Канстанціна Езавітава[3]. Была сфарміравана таксама Рада Усебеларускага з’езду, якая абвясціла сябе выканаўчым органам і прымала права рэпрэзентацыі беларускага руху. Радзе падпарадкоўваўся шэраг беларускіх арганізацый, у тым ліку ЦБВР. Аднак яна не мела рэальнай улады і дзейнічала ў апазіцыі да Аблвыканкамзаха, што трымаў пад кантролем Мінск[4]. Разгарэўся канфлікт. На мяжы студзеня-лютага 1918 года ЦБВР была распушчана бальшавікамі, а яе кіраўніцтва арыштаванае[5].

Паралельна з беларускімі ў Мінску развіваліся арганізацыі і структуры, звязаныя з польскім рухам. У маі 1917 была створана Польская рада Мінскай зямлі (ПРМЗ), якая згуртавала шматлікія польскія арганізацыі Міншчыны і мела задачу выконваць ролю органа самакіравання польскай супольнасці. Спачатку Рада падтрымлівала нацыянальныя імкненні беларусаў, выказвалася за аўтаномную Беларусь у складзе дэмакратычнай Расійскай рэспублікі, патрабуючы адначасова гарантыі для правоў польскай меншасці. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі прызнала бальшавікоў галоўнай пагрозай і, не бачачы шанцаў для стварэння незалежнай беларускай дзяржавы, пачала выказвацца за ўлучэнне Міншчыны ў склад Польшчы[6]. Адначасова тут дзейнічалі польскія атрады і арганізацыі ваеннага характару. Летам 1917 года быў створаны І Польскі корпус, які на пераломе 1917 і 1918 гадоў налічваў у Беларусі да 50 тысяч салдат[7]. У Мінску ад кастрычніка 1917 да студзеня 1918 года працавала створаная жыхарамі мілітарная Польская грамадзянская стража. Пасля раззбраення яе бальшавікамі ПРМЗ вырашыла працягваць навучанне яе ўдзельнікаў у падполлі[8]. У горадзе дзейнічала таксама Польская ваенная арганізацыя (ПВА)[9].

9 лютага 1918 цэнтральныя дзяржавы, што супрацьстаялі Расіі ў І сусветнай вайне, выдалі бальшавікам ультыматум, патрабуючы тэрміновага падпісання міру на іх умовах. Бальшавікі ўльтыматум адкінулі, у выніку чаго 18 лютага Германія і Аўстра-Венгрыя пачалі супраць іх наступ, хутка рушыўшы на ўсход[10]. Вечарам таго ж самага дня яны ўжо былі ў Маладзечне, за 65 км ад Мінска[11]. Стала зразумела, што немцы дасягнуць горада на працягу некалькіх дзён[12].

Ход падзей

Эвакуацыя бальшавікоў

Беларускі камендант Мінска паручнік Канстанцін Езавітаў.

Пасля таго, як навіна пра пачатак нямецкага наступу дайшла да бальшавікоў, яны пачалі прымаць захады да абароны ў Мінску. Выканаўчы камітэт Савета народных камісараў Заходняй вобласці і фронту, які меў уладу ў горадзе, заявіў, што будзе бараніць і ахоўваць цэласць і бяспеку народнай улады[12]. Бальшавіцкія войскі былі, аднак, здэмаралізаваныя праз дэмабілізацыю і пацыфісцкую агітацыю, а іх кіраўнікі не былі здольныя змяніць сітуацыю[11]. У такіх умовах на пасяджэнні ў ноч з 18 на 19 лютага Савет народных камісараў прыняў пастанову не даваць адпор[9][11] і эвакуіравацца ў Смаленск[12]. Асаблівыя цяжкасці з уцёкам мелі бальшавіцкія камісары, якіх яшчэ каля поўдня мінскія чыгуначнікі вырашылі не выпускаць з горада[11].

Уцёкі бальшавікоў нагадалі жыхарам Мінска вяртанне царскай арміі ў 1915 годзе, што асабліва палохала ваенных бежанцаў. З другога боку баяліся бальшавіцкіх атрадаў, якія, ідучы на ўсход, палілі і рабавалі населеныя пункты, што знаходзіліся на іх шляху (так здарылася між іншым з Койданавам). З’явілася плётка, быццам бы да горада набліжаюцца галодныя, дзікія і бязладныя групы бальшавіцкіх салдат, пераможаных І Польскім корпусам пад Асіповічамі. Асаблівыя асцярогі выказвалі палякі, якія жылі ў Мінску, перакананыя, што бальшавікі разглядаюць іх як патэнцыйных ворагаў. Баяліся помсты з іх боку за паразу ў барацьбе з І Польскім корпусам. У ноч з 18 на 19 лютага польскія выведнікі здабылі патрабаванне кіраўніка Заходняга фронту Аляксандра Мяснікяна, які заклікаў да змагання з праціўнікамі рэвалюцыйнай улады. 19 лютага кіраўнік Мінскага гарнізону Лысакоў выдаў сваё апошняе патрабаванне, якое заклікала да канчатковай расправы з палякамі[12].

Падрыхтоўка беларусаў і палякаў

Польскі камендант Мінска капітан Ігнацы Матушэўскі «Топур».

19 лютага каля поўдня да шасці зняволеных сяброў ЦБВР дайшла навіна пра немцаў, што набліжаліся да Мінска. Карыстаючыся агульным хаосам, яны збеглі з вартоўні, у якой былі зняволеныя, пасля чаго каля 14 гадзіны сустрэліся ў доме А. Лявіцкага. Гадзінай пазней пачалося надзвычайнае паседжанне Выканаўчага камітэта ЦБВР. Яго ўдзельнікі прынялі рашэнне спрабаваць здабыць кантроль над горадам і перадаць уладу Радзе Усебеларускага сходу. Канстанцін Езавітаў, кіраўнік ЦБВР, быў прызначаны беларускім камендантам горада[9][11].

Незалежна ад беларусаў да дзеяння рыхтаваліся палякі. А 16 гадзіне ў шаўца Дабрашчыца сустрэліся польскія ваенныя дзеячы, звязаныя з ПВА і І Польскім корпусам. Спачатку гэта была група з 4 асоб, у тым ліку кпт. Ігнацы Матушэўскі, да 19 гадзіны яе колькасць павялічылася да сямі чалавек. Яны прынялі рашэнне правесці наступальную акцыю супраць бальшавікоў. На пасаду польскага каменданта горада быў прызначаны Ігнацы Матушэўскі[11], які падпісваў патрабаванні псеўданімам Топур[12].

Для беларускіх нацыянальных дзеячаў «вызваленне Мінска» мела асаблівае значэнне, таму што ён лічыўся галоўным палітычным цэнтрам края і планаванай сядзібай ураду іх будучай рэспублікі[9], палякі ў сваю чаргу лічылі бальшавіцкую ўладу пагрозай. Аднак на погляд польскага гісторыка Дар’юша Тарасюка, гэтыя акцыі мелі быць праведзеныя ў асноўным у прапагандысцкіх мэтах. Заахвочвала да іх дэзарганізацыя бальшавікоў і факт, што ў той час у горадзе не было фактычна аніякай улады. Колькасная перавага бальшавікоў над беларускімі і польскімі ваеннымі атрадамі была, аднак, вялікай. Бальшавікі мелі ў Мінску каля 13 тысяч добра ўзброеных салдат, хаця большасць з іх знаходзілася на чыгуначных вакзалах і была занятая ўцёкамі, а другую частку складалі групы дэзарыентаваных асоб і дэзерціраў[12]. Палякі, найбольш верагодна, налічвалі 343 вайскоўцаў, узброеных 27 кулямётамі[11][12], хаця ў менш верагодных крыніцах падаваліся лічбы ад некалькіх дзясяткаў да 1600[12]. Беларусы маглі скарыстацца хутка сфарміраванымі групамі вайскоўцаў і прафсаюзнікаў, сярод якіх былі між іншым чыгуначнікі і тэлеграфісты[11]. Другім фактарам рызыкі для палякаў было тое, што акцыя не была ўзгодненая з кіраўніком І Польскага корпуса ген. Юзэфам Доўбар-Мусніцкім[12].

Ваенныя дзеянні 19 лютага

А 21 гадзіне на вуліцах Мінска з’явіліся першыя беларускія і польскія атрады, якія дзейнічалі незалежна адзін ад аднаго. Іх першай мэтай было здабыццё зброі шляхам раззбраення прысутных у горадзе бальшавікоў. Тыя, нягледзячы на значную колькасную перавагу, давалі невялікі адпор салдатам, якія іх раззбройвалі. Паводле Мельхіёра Ваньковіча, адбыўся выпадак, калі 5 палякаў раззброілі 150-асабовы бальшавіцкі атрад[12]. А 21 гадзіне палякі занялі склад зброі на Скабелеўскай вуліцы, што дала магчымасць узброіць 200 польскіх добраахвотнікаў[9][11]. Хутка ў рукі беларусаў і палякаў патрапіла значная колькасць зброі[12]. Адбываліся толькі невялікія сутычкі і перастрэлкі[9], а рэальны адпор далі толькі каля 100 чырвонагвардзейцаў[11]. Да беларускіх і польскіх фарміраванняў пачалі масава далучацца новыя добраахвотнікі[12]. Палякі пачалі ставіць пасты ў асноўных пунктах горада, арганізавалі таксама малыя, але мабільныя патрулі. Іх хуткае перамяшчэнне мела задачу стварыць уражанне, што ў горад прыбылі шматлікія польскія войскі. Адначасова, з мэтай спалохаць ворага, распаўсюджвалі плёткі пра ўваход у Мінск атрадаў І Польскага корпуса[12]. У гэты ж час беларусы каля 21:15 занялі арсенал на Маскоўскай вуліцы, у 21:20 — Дом губернатара, а ў 21:25 уварваліся галоўным уваходам у гатэль «Еўропа», дзе знаходзілася штаб-кватэра бальшавіцкага Выканаўчага камітэта Заходняй вобласці, ЧК і штаб-кватэра Чырвонай гвардыі. З будынку праз заднія дзверы збег Карл Ландэр і іншыя камуністычныя дзеячы высокага ўзроўню. Беларусы зрабілі яшчэ адну спробу захапіць іх на чыгуначнай станцыі з дапамогай чыгуначнікаў; нарэшце спрабавалі ўзарваць заняты імі цягнік, у выніку чаго два вагоны праваліліся, а вагон Карла Ландэра сышоў з рэек[9][11]. Блакаванне чыгуначнай лініі, аднак, прывяло да таго, што на станцыях пачалі збірацца ўсё большая колькасць бальшавіцкіх ваенных адзінак, якія вярталіся з фронта і несупынна наплывалі ў Мінск. З’явілася пагроза, што салдаты ў роспачы могуць пакінуць транспарт і выйсці ў горад альбо абстраляць станцыю з дапамогай артылерыі і кулямётаў. Таму чыгуначнікі пасля поўначы разблакавалі рэйкі, а бальшавіцкія камісары здолелі эвакуіравацца з горада на ўсход[11]. А 22 гадзіне беларусы сабралі большасць сваіх сіл у наваколлі Саборнай плошчы (цяпер плошча Свабоды, Мінск) і паслалі ў горад машыны з патрулямі, якія інфарміравалі жыхароў пра здабыццё ўлады Выканаўчым камітэтам Рады Усебеларускага з’езда[11]. Гадзіну пазней пачалі прыходзіць рапарты пра раззбраенне беларускіх атрадаў і адзінкавых асоб палякамі спосабам «скрайне абуральным»[11]. Каля поўначы польскія ваенныя адабралі ў беларусаў арсенал на вул. Маскоўскай (паводле Мельхіёра Ваньковіча, акцыяй кіравалі Вітольд і Мельхіёр Ваньковічы)[9][11]. На вуліцы, нягледзячы на познюю пару, выйшлі натоўпы гараджан, каб назіраць за развіццём падзеяў[11].

Палітычныя дзеянні 19 лютага

Беларускі сцяг на колішнім Доме губернатара 19—22 лютага 1918.

Адначасова з ваеннымі дзеяннямі беларусы і палякі пачалі ствараць у Мінску сваю адміністрацыю. Незалежна адзін ад аднаго былі створаныя Беларуская і Польская камендатуры, якія канкурыравалі паміж сабой і спрабавалі падпарадкаваць адна адну. Польская камендатура заявіла, што яе мэтай з’яўляецца ахова парадку ў горадзе і ахова бяспекі не толькі палякаў, але ўсіх жыхароў. Таксама яна распаўсюдзіла заклік да расійскіх салдатаў, каб тыя мірна пакідалі горад. У ноч з 19 на 20 лютага праца была аднак хаатычнай і неарганізаванай. На погляд Стэфана Жарнецкага, які ў той час знаходзіўся ў яе кватэры, панаваў там незвычайны бардак (…) не было з кім размаўляць[12].

Найбольш амбіцыйныя палітычныя рашэнні прынялі ў той час беларусы. Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда, які раней выдаў патрабаванне здабыць кантроль над горадам, збіраўся ператварыцца ва ўрад, які будзе прадстаўляць усё грамадства беларускіх зямель. У сувязі з гэтым ён прыняў пастанову ўключыць у свой склад 27 прадстаўнікоў Мінска, 9 з правінцыі, па 10 прадстаўнікоў гарадскіх радаў і земстваў, а таксама 15 прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей: 7 яўрэяў, 4 палякаў, 2 рускіх і па адным украінцы і літоўцы[13]. Выканкам Рады Усебеларускага з’езду 19.2.1918 выдаў загад № 1, дзе гаварылася, што ён «узяў уладу ў свае рукі». А 22 гадзіне Дом губернатара быў заняты пад сядзібу Рады Усебеларускага з’езду[11], а на яго балконе быў вывешаны бела-чырвона-белы сцяг Беларусі. Гэта быў першы выпадак у гісторыі, калі гэты сцяг патрапіў на будынак дзяржаўнай адміністрацыі ў Мінску[14]. Выканаўчы камітэт праводзіў там паседжанне ўсю ноч з 19 на 20 лютага[11].

Падзеі 20 лютага

Лібава-Роменскі вакзал, які знаходзіўся ў польскай зоне горада.

Разам з развіццём падзеяў адносіны паміж беларускімі і польскімі фарміраваннямі рабіліся ўсё больш напружанымі, даходзіла да ўжывання зброі[11][12]. Тым не менш, бакі здолелі пазбегнуць канфрантацыі, і 20 лютага адбылася фармальная дамова паміж Беларускай і Польскай камендантурамі. Хутка з’явіўся супольны заклік аб’яднаных камендантур, які запавядаў супрацоўніцтва на карысць увядзення парадку ў горадзе[12]. Мінск быў падзелены на 2 зоны. Беларусы кантралявалі паўночна-заходнюю частку, у якой знаходзіліся між іншым Саборная плошча (цяпер плошча Свабоды), Дом губернатара і гатэль «Еўропа», а палякі займалі паўднева-ўсходнюю частку[9]. Апошнія каля поўдня сцісла занялі абшар у межах вуліц: Бабруйскай, КалоМінскага завулку, Верхняй Ляхаўкі, Ніжнай Ляхаўкі, Паліцэйскай, Гандлёвай, Петрапаўлаўскай і Захараўскай. А 15 гадзіне занялі Лібава-Ромінскі (Віленскі) вакзал, а каля электрастанцыі, на Чыгуначным мосце і на Казарменнай плошчы адбылося некалькі крывавых сутычак з бальшавікамі[11]. Беларусы вызначылі беларуска-польскую дэмаркацыйную лінію ўздоўж вуліц: Койданаўскі тракт — Маскоўская — Захараўская — Гомельскі тракт і надалі беларускім ваенным атрадам больш арганізаваную структуру. Створаны быў І Беларускі полк пад кіраўніцтвам І. Рачкевіча, конныя атрады ўзначалілі Нямкевіч і Мядзведзеў, а каманду міліцыі ўзяў Фларыян Ждановіч[9][11]. Аднак надалей як беларускія, так і польскія патрулі ў горадзе былі нешматлікімі. Дадаткова аслабляла іх стомленасць, узніклая ў выніку акцыі, якая трывала ўжо некалькі дзясяткаў гадзінаў, а таксама 12-градусны мароз. Тым часам сярод мірнага насельніцтва панаваў энтузіязм, а жыццё адбывалася без змен. Без перашкодаў працавалі крамы, выпускаліся штодзённыя газеты[12].

Аднак, акрамя фармальнай беларуска-польскага дагавора, мелі месца рознага кшталту інцыдэнты, якія павялічвалі напружанасць. Беларусы мелі выразна слабейшыя ваенныя сілы, што заахвочвала палякаў да парушэння дамовы і выціскання тых з занятых месцаў[12]. Іншай прычынай непаразуменняў былі выпадкі, калі беларусы ўзбройвалі асоб, якіх палякі раней вызналі бальшавікамі і раззброілі[12]. Паводле гісторыка Алега Латышонка, відаць, адбыліся нават простыя сутычкі паміж беларускімі і польскімі салдатамі[11]. Абодва бакі баяліся ўваходу ў горад іншых бальшавіцкіх атрадаў, што вярталіся на ўсход. Адначасова палякі чакалі надыходу падтрымкі з боку І Польскага корпуса, і што ён паспее ўвайсці ў горад перад немцамі[12]. У ноч з 19 на 20 лютага польскі бок выдаў заяву, што будзе забяспечваць парадак да часу прыходу войскаў генерала Доўбара-Мусніцкага, а таксама выказаў чаканне, што яму падпарадкуюцца ўсе нацыянальныя арганізацыі. Гэта выклікала абурэнне беларускага боку, які лічыў І Польскі корпус пагрозай. Беларусы выслалі палякам пытанне наконт паўнамоцтваў іх дзеянняў, адначасова паклікалі на дамапогу беларускія атрады з Віцебску. І калі высветлілася, што чакаць дапамогі не даводзіцца, паслалі чыгуначны эшалон да 4-га корпуса з Румынскага фронту[9][11], дзе была створана беларуская пяхотная дывізія.

20 лютага 1918 года Рада Усебеларускага з’езду працягвала свае дзеянні на карысць утварэння беларускіх дзяржаўных структур у Мінску. Пашыраны мінулага дня Выканаўчы камітэт абвясціў сябе найвышэйшым органам улады ў Беларусі: Беларускім краёвым прадстаўніцтвам[15]. Прызначаны Выканкамам Рады Усебеларускага з’езду камендант Мінска К. Езавітаў выдаў загад № 1 па гарнізоне аб тым, што нямецкая армія павінна ўбачыць спакойнае мірнае насельніцтва, якое не жадае вайны[16]. У п. 2 загаду гаварылася пра ўвядзенне ваеннага становішча.

Падзеі 21 лютага

Каля поўначы з 20 на 21 лютага да польскіх вайскоўцаў у Мінску прыйша навіна, што кіраўніцтва І Польскага корпуса адаслала ім на дапамогу два афіцэрскія легіёны, якія налічвалі каля паўтысячы чалавек. Палякі адчулі, што іх пазіцыя ў горадзе ўзмацняецца, і 21 лютага а 4 гадзіне раніцы занялі Варшаўскі (Аляксандраўскі) вакзал, які знаходзіўся на тэрыторыі беларускай зоны[9][11]. Аднак ні І Польскі корпус, ні беларускі 4-ы корпус не здолелі прыйсці ў Мінск перад немцамі.

21 лютага Выканаўчы камітэт Рады I Усебеларускага з’езда выдаў Першую Устаўную грамату да народаў Беларусі, у якой абвясціў сябе сябе часовай уладай на Беларусі. Спасылаючыся на права народаў на самавызначэнне, аўтары граматы сцвярджалі, што ўлада ў Беларусі павінна фарміравацца згодна з воляю народаў, якія насяляюць краіну. Гэты прынцып мусіць ажыццяўляцца шляхам дэмакратычных выбараў ва Усебеларускі Устаноўчы Сойм. Выканкам стварыў Народны Сакратарыят Беларусі, а яго старшынёю прызначыў Язэпа Варонку. У грамаце ўпершыню не згадвалася пра аўтаномію і неабходнасць заставацца ў складзе расійскай федэрацыі. Яе тэкст на беларускай і рускай мовах быў расклеены па ўсім Мінску.[17]

Мінскія палякі не прызналі новага беларускага ўрада. Польская рада Мінскай зямлі цалкам ігнаравала ўсе беларускія арганізацыі[13].

Тым часам а 11 гадзіне ў горад увайшоў пад’езд нямецкіх кірасіраў, а хутка пасля яго іншыя войскі[11]. Рэакцыя на іх прыход была неадназначнай, пераважна асцярожнай. Немцаў вітала асабліва шмат мінскіх яўрэяў. Польская рада Мінскай зямлі прыняла пастанову прывітаць іх фармальна і халодна, без дэманстрацыі вялікай сімпатыі. Палякі разам з прадстаўнікамі беларускіх правых арганізацый сфарміравалі прывітальную дэлегацыю, ў склад якой увайшлі Э. Івашкевіч, І. Віткевіч, і З. Нагурскі, а з беларускага боку — Раман Скірмунт і Павел Аляксюк. Немцы сказалі ім, што прыходзяць на просьбу генерала Доўбар-Мусніцкага. Беларуска-польскія дэлегаты палічылі гэта малаверагодным, аднак пасля сумневаў вырашылі перадаць немцам уладу над горадам, а канчатковае рашэнне пакінулі кіраўніку І Польскага корпуса[12].

Вынікі

Палякі, якія занялі большую частку Мінска і вымусілі беларусаў да абароны[11], не здолелі палітычна выкарыстаць гэту акцыю. Частка з іх выказвала задавальненне прыходам немцаў і лічыла бальшавікоў нашмат большай пагрозай. Іншая частка меркавала, што новая акупацыя будзе чарговым ударам для польскай ідэнтычнасці гэтай зямлі[18]. Страты з польскага боку ў выніку акцыі былі невялікімі — загінуў адзін афіцэр і некалькі салдат, 17 чалавек атрымалі раненні[12].

Беларускія дзеянні не мелі рэальнага выніку, бо ўся ўлада ў Беларусі апынулася ў руках камандавання нямецкай арміі. 22 лютага яно загадала польскім падраздзяленням пакінуць Мінск, а беларускім — скласці зброю. Каб не ўскладняць дачыненні з Расіяй, немцы не прызналі беларускага ўрада, занялі сядзібу Народнага Сакратарыята, рэквізавалі яго маёмасць, скінулі з будынкаў беларускія нацыянальныя сцягі і забаранілі ўрадоўцам пакідаць горад. Аднак пры канцы лютага дайшло да перамоў паміж Сакратарыятам і нямецкай ваеннай адміністрацыяй, у выніку якіх акупанты прызналі ўрад Варонкі прадстаўніцтвам беларускага насельніцтва. Немцы дазволілі Сакратарыяту весці легальную дзейнасць на тэрыторыі Меншчыны, галоўным чынам у галіне стварэння мясцовай адміністрацыі, школьніцтва і выдавецкай справы.[17]

Падзеі ў Мінску 19—21 лютага 1918 года былі адным з першых рэальных поспехаў прадстаўнікоў беларускага нацыянальнага руху, а таксама адным з першых выпадкаў, калі беларускія ваенныя фарміраванні выказалі ініцыятыву, прынялі барацьбу і выканалі свае абавязкі[11]. Палітычныя рашэнні, якія тады былі прыняты — стварэнне першага беларускага ўрада, Народнага Сакратарыяту — моцна дапамаглі народзінам і фарміраванню беларускай дзяржаўнасці. Наступствам гэтага было абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года[19].

З першых дзён нямецкай акупацыі падпольную дзейнасць разгарнулі бальшавіцкія арганізацыі. 28.2.1918 ў Мінску па ініцыятыве групы бальшавікоў адбыўся нелегальны сход, на якім выбраны Мінскі падпольны камітэт, рэарганізаваны ў красавіку 1918 ў Мінскі падпольны раённы камітэт РКП(б). У Дэкларацыі «Да беларускіх рабочых і сялян», прынятай 14.4.1918 II з’ездам Саветаў Заходняй вобласці, абвяшчэнне незалежнасці БНР кваліфікавалася як контррэвалюцыйная акцыя, а тыя, хто дамагаўся рэалізацыі яе дзяржаўнага суверэнітэту, — як «ворагі савецкай сацыялістычнай улады». Галоўным зместам тактыкі бальшавікоў заставаліся сілавыя прыёмы барацьбы.[20]

Зноскі

  1. Мірановіч Я. Найноўшая гісторыя Беларусі. — Спб., 2003(недаступная спасылка)
  2. Zjazd Wszechbiałoruski. W: Białoruska Republika Ludowa…. S. 181.
  3. Zjazd Wszechbiałoruski. W: Białoruska Republika Ludowa…. S. 197.
  4. Zjazd Wszechbiałoruski. W: Białoruska Republika Ludowa…. S. 205—206.
  5. Białoruski ruch narodowy po rozpędzeniu Zjazdu Wszechbiałoruskiego. W: Białoruska Republika Ludowa…. S. 223
  6. Rada Polska Ziem Białoruskich. W: Między nadzieją a niepokojem…. S. 119—120.
  7. Działalność wojskowa. W: Między nadzieją a niepokojem…. S. 137—138.
  8. Działalność wojskowa. W: Między nadzieją a niepokojem…. S. 140.
  9. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 Białoruski ruch narodowy po rozpędzeniu Zjazdu Wszechbiałoruskiego. W: Białoruska Republika Ludowa…. S. 224—226.
  10. Traktat brzeski. W: Białoruska Republika Ludowa…. S. 215—216.
  11. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 Wyzwolenie Mińska 19/20 lutego 1918 r. przez oddziały białoruskie i polskie. W: Białoruskie formacje wojskowe…. S. 75-78.
  12. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 Działalność wojskowa. W: Między nadzieją a niepokojem…. S. 141—145.
  13. 1 2 W walce o prymat w kraju. W: Między nadzieją a niepokojem… s. 189.
  14. Symbolika państwowa Białoruskiej Republiki Ludowej. W: Białoruska Republika Ludowa… s. 275.
  15. Ogłoszenie niepodległości Białoruskiej Republiki Ludowej. W: Białoruska Republika Ludowa…. s. 229.
  16. БЭ ў 18 т. Т. 18. Кн. 2: Рэспубліка Беларусь. — Мн.: БелЭн, 2004.
  17. 1 2 Мірановіч Я. Найноўшая гісторыя Беларусі (2003)
  18. Działalność wojskowa. W: Między nadzieją a niepokojem… s. 146.
  19. Ogłoszenie niepodległości Białoruskiej Republiki Ludowej. W: Białoruska Republika Ludowa… s. 236.
  20. БЭ ў 18 т. Т. 18. Кн. ІІ. Мн., 2004. С. 207—208.

Літаратура

  • Яўген Мірановіч. Найноўшая гісторыя Беларусі / Мірановіч Я.; Навук. рэд. Аляксандр Краўцэвіч. — Спб. Неўскі Прасцяг, 2003. — 243 с.: іл. ISBN 5-94716-032-3
  • Oleg Łatyszonek. Białoruskie formacje wojskowe 1917—1923 / Redaktor Eugeniusz Mironowicz. — Białystok: Białoruskie Towarzystwo Historyczne, 1995. — 273 с. — ISBN 83-903068-5-9
  • Dorota Michaluk. Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. — Toruń: Wydawnictwo Naukowe Uniwersytetu Mikołaja Kopernika, 2010. — 597 с. — ISBN 978-83-231-2484-9
  • Dariusz Tarasiuk. Między nadzieją a niepokojem. Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905—1918. — Lublin: Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007. — 211 с. — ISBN 978-83-227-2629-7
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.