Павел Рыгоравіч Друцкі-Любецкі | |
---|---|
![]() Друцк | |
Нараджэнне | каля 1582[1] |
Смерць | не раней за 9 кастрычніка 1640 і не пазней за 21 кастрычніка 1644 |
Род | Друцкія-Любецкія |
Бацька | Рыгор Іванавіч Друцкі-Любецкі[1] |
Маці | Марына Фёдараўна Рудзецкая[d] |
Веравызнанне | праваслаўе[1] |
Член у |
Павел Рыгоравіч Друцкі-Любецкі (нар. каля 1582 — пам. паміж 9 кастрычніка 1640 і 21 кастрычніка 1644) — князь, землеўласнік у Вялікім Княстве Літоўскім.
Біяграфія
Паходзіў з княжацкага роду Друцкіх-Любецкіх герба «Друцк». Сын Рыгора Іванавіча і Марыны Фёдараўны Рудзецкай.
Праваслаўны. Член Люблінскага праваслаўнага брацтва (1601 г.). 1 верасня 1619 г. падпісаў ліст валынскай шляхты аб адкрыцці царквы, школы і шпіталя пры Луцкім брацтве.
Суддзя гродскі луцкі (фіксуецца з 1 верасня 1619 па 10 мая 1627), падстараста луцкі (згадваецца з 25 верасня 1630 па 5 лютага 1639).
Цэнтрам яго валынскіх валоданняў быў Козін, дзе змяшчалася сядзіба. 28 чэрвеня 1612 атрымаў (разам з застаўнымі трымальнікамі маёнткаў у Аршанскім павеце Тэафілам-Рыгорам Філонавічам Сіпайлам, Станіславам Станіслававічам Хамцом і яго жонкай падсудкаўнай земскай аршанскай Ганнай Паўлаўнай Углоўскай) адкладальны дэкрэт аршанскага земскага суда па позве сваякоў — падстарасты аршанскага Абрама Падбярэзскага, Юрыя Кубліцкага і Марыны Даманскай аб атрыманні чвэрці ў дварах Відзенічы, Загараддзе, Палонная, с. Худава, замку і месце Друцку, 10 кастрычніка 1617 атрымаў дэкрэт Галоўнага Трыбунала ВКЛ, які скасоўваў перадачу 4-й часткі ў відзеніцкіх маёнтках яго цётцы Аўдоцці Сяляве.
10 мая 1627 г. Павел разам з братам Іванам, як уласнік сяла Любча[2] атрымаў дэкрэт луцкага падкаморскага суда па справе аб размежаванні з суседнімі маёнткамі князя Ежы Заслаўскага, епіскапа луцкага і астрожскага Ераміі Пачапоўскага, архімандрыта жыдычынскага Іосіфа Мукасея-Бакавецкага, Бальцара і Аляксандра Раецкіх, 09.10.1640 разам з братам Іванам атрымаў дэкрэт луцкага земскага суда па справе з канюшым каронным, старастам луцкім князем Уладзіславам-Дамінікам Заслаўскім аб сёлах Залесцы, Тыхоцін, якія Павел некалі аддаў у заставу Багдану Амельяновічу, нашчадкі якога прадалі іх кашталяну кракаўскаму князю Янушу Астрожскаму.
Зноскі
- 1 2 3 Глінскі Я. С. Князі Друцкія-Любецкія ў канцы XVI – XVII ст.: радавод, маёмаснае становішча, грамадска-палітычная дзейнасць // Архіварыус — Дзяржкамархіў, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, 2016. — вып. 14. — С. 334.
- ↑ апрача іх, долі ў ім мелі ваявода брацлаўскі, стараста жытомірскі князь Аляксандр Заслаўскі, стараста луцкі Геранім Янавіч Харленскі, капітан Шыман і каралеўскі дваранін Крыштаф Харленскія. З трох апошніх Геранім быў унукам, а Шыман і Крыштаф сынамі княжны Ганны Багданаўны Друцкай-Любецкай і Мікалая Харленскага.
Літаратура
- Глінскі Я. С. Князі Друцкія-Любецкія ў канцы XVI–XVII ст.: радавод, маёмаснае становішча, грамадска-палітычная дзейнасць // Архіварыус. — Мн.: 2016. — В. 14. — С. 327—346.