Павел Восіпавіч Сухі | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||||||||
Дата нараджэння | 10 (22) ліпеня 1895 ці 22 ліпеня 1895 | ||||||||||||
Месца нараджэння | |||||||||||||
Дата смерці | 15 верасня 1975[1][2] (80 гадоў) | ||||||||||||
Месца смерці | |||||||||||||
Месца пахавання | |||||||||||||
Грамадзянства | |||||||||||||
Род дзейнасці | авіяканструктар, вынаходнік, інжынер-канструктар | ||||||||||||
Навуковая сфера | самалётабудаванне | ||||||||||||
Месца працы | |||||||||||||
Навуковая ступень | доктар тэхнічных навук (1940) | ||||||||||||
Навуковае званне | прафесар | ||||||||||||
Альма-матар | Маскоўскае вышэйшае тэхнічнае вучылішча | ||||||||||||
Вядомы як | авіяканструктар | ||||||||||||
Прэміі |
|
||||||||||||
Узнагароды |
|
||||||||||||
Подпіс | |||||||||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Па́вел Во́сіпавіч Сухі́ (10 (22) ліпеня 1895, Глыбокае[3] — 15 верасня 1975, Масква) — савецкі авіяканструктар. Лаўрэат Ленінскай прэміі (1968) і Дзяржаўнай прэміі СССР (1943), двойчы Герой Сацыялістычнай Працы (1957, 1965), доктар тэхнічных навук (1940).
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і выкладчыка народнага вучылішча, хрысціў хлопчыка глыбоцкі святар Іларыён Віляноўскі[4]. Кватэра Сухіх размяшчалася ў будынку вучылішча, якое было побач з царквой, таму сем’і настаўніка і святара жылі побач і сябравалі. Улетку 1896 сям’я Сухіх пераехала ў Свянцяны, дзе прайшлі дзіцячыя гады П. В. Сухога.
У 1914 П. В. Сухі паступіў у Маскоўскі ўніверсітэт, пасля першага курса пераводзіцца ў Маскоўскае вышэйшае тэхнічнае вучылішча — тагачасна самую прэстыжную тэхнічную ВНУ. З 1916 П. В. Сухі ў арміі, заканчвае школу прапаршчыкаў, прымае ўдзел ў Першай сусветнай вайне. У 1918—1920 працуе выкладчыкам матэматыкі ў школе ў Лунінцы (цяпер Брэсцкая вобл.), чыгуначнай школе ў Гомелі. Пасля аднаўлення дзейнасці вышэйшых навучальных устаноў Расіі прадоўжыў вучобу ў Маскоўскім вышэйшым тэхнічным вучылішчы (1920), якое скончыў у 1925 г.
З 1920-х пачаў працу па стварэнні самалётаў. З 1925 працаваў інжынерам-канструктарам у Цэнтральным аэрагідрадынамічным інстытуце імя М. Жукоўскага (ЦАГІ). Прымаў удзел у праектаванні самалётаў АНТ-3, АНТ-4, АНТ-6, АНТ-9, АНТ-10. Пад кіраўніцтвам А. Тупалева распрацаваў знішчальнік І-4 (АНТ-5), выпрабаванні і серыйная вытворчасць якога былі пачаты ў 1927 г., і І-14 (АНТ-31) (1932—1934). Вядучы канструктар і кіраўнік аддзела па распрацоўцы самалётаў РД (АНТ-25) і «Радзіма» (АНТ-37). З 1936 — намеснікам начальніка канструктарскага бюро завода даследчых канструкцый ЦАГІ, а з 1937 г. — начальнікам канструктарскага бюро завода. З 1939 П. В. Сухі — галоўны канструктар даследчага канструктарскага бюро. Пад яго кіраўніцтвам у 1940—1941 створаныя эксперыментальныя знішчальнікі СУ-1, СУ-3 і інш. са звычайнымі і камбінаванымі сілавымі ўстаноўкамі з высокімі лётна-тэхнічнымі характарыстыкамі. Створаны шматфункцыянальны баявы самалёт СУ-2, машына з высокай хуткасцю і магутна ўзбраенем, якой не патрэбны быў адмыслова абсталяваны аэрадром. У чэрвені 1943 распрацаваны П. В. Сухім браніраваны штурмавік СУ-6 прайшоў дзяржаўныя выпрабаванні і быў вельмі высока ацэнены. Падчас Вялікай Айчынай вайны П. В. Сухім быў створаны браніраваны двухрухавіковы штурмавік СУ-8. За стварэнне выдатнай ваеннай тэхнікі П. В. Сухому ў 1943 была прысуджаная Дзяржаўная прэмія.
З 1956 П. В. Сухі — генеральны канструктар, адзін са стваральнікаў савецкай рэактыўнай і звышгукавой рэактыўнай авіяцыі. Распрацаваў рэактыўныя самалёты Су-9 з двума рэактыўнымі рухавікамі, знішчальнік-перахватчык Су-15 і інш. з турбарэактыўнымі рухавікамі, звышгукавыя знішчальнікі з стралападобным і трохвугольным крылом. Пад яго кіраўніцтвам быў распрацаваны першы знішчальнік-бамбардзіроўшчык Су-7Б. Прымаў удзел ў распрацоўцы і кіраваў лётнымі выпрабаваннямі бамбардзіроўшчыка Ту-14. Памёр 15.9.1975 у Маскве, пахаваны на Навадзевічых могілках.
П. В. Сухі — аўтар больш як 50 самалётаў, 30 з якіх былі пабудаваныя і выпрабаваны. Канструкцыі яго самалётаў адрозніваюцца ўвядзеннем розных тэхнічных навінак, упершыню ўжытых у савецкім самалётабудаванні. Авіяканструктар А. К. Антонаў называў яго «квінтэсэнцыяй нашай авіяцыі». На самалётах канструкцыі П. В. Сухога неаднаразова ўстанаўліваліся рэкорды па працягласці, хуткасці і вышыні палёту. У 1934 на самалёце РД (АНТ-25) быў ўстаноўлены сусветны рэкорд па працягласці беспасадачнага палёту, а ў 1936 зроблены беспасадачны пералёт Масква — Далёкі Усход (экіпаж пад кіраўніцтвам В. Чкалава). На самалётах Т-431 і Т-405 устаноўлены два сусветныя рэкорды па вышыні (1959, 1962) і два рэкорды хуткасці палёту па замкнёным маршруце (1960, 1962).
П. В. Сухі — лаўрэат шматлікіх прэмій, узнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі. У 1975 Прэзідыум Акадэміі навук СССР за «найвыдатнейшыя дасягненні ў галіне авіяцыйнай навукі і тэхнікі» прысудзіў медаль № 1 імя А. Тупалева генеральнаму канструктару П. Сухому (пасмяротна). У Гомелі імем П. В. Сухога названая вуліца, а ў 1977 устаноўлены бронзавы бюст. Яго імя прысвоена Канструктарскаму бюро (сакавік 1977), Гомельскаму дзяржаўнаму тэхнічнаму ўніверсітэту. У Глыбокім на ўездзе ў горад размешчаны самалёт-помнік, у Глыбоцкай СШ № 1 створаны яго музей.
Зноскі
- 1 2 3 Сухой Павел Осипович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
- ↑ Pavel Sukhoj // Store norske leksikon — 1978. — ISSN 2464-1480
- ↑ Часта сустракана, што месца нараджэння падаецца як вёска Глыбокае Гомельскай вобл., але гэта не адпавядае рэчаіснасці. Паводле сведчання дачкі П. В. Сухога, падчас рэпрэсій (калі рэпрэсавалі напрыклад А. А. Тупалева, С. П. Каралёва і інш) П. В. Сухі пазначыў месцам свайго нараджэння вёску ля Гомеля, каб не лічыцца «заходнікам», т.б. ураджэнцам той часткі Беларусі, якая да 1939 уваходзіла ў склад Польшчы.
- ↑ пам. 1902, пахаваны на гарадскіх могілках (Копцеўка) каля Іллінскай капліцы.
Літаратура
- Касцюковіч М. М. Сухі́ Павел Восіпавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 297. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Касцюковіч М. М. Сухі́ Павел Восіпавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т.. — Мн. : БелЭн — С. 297.
- Слізкая В., Царкоў М. С. Павел Восіпавіч Сухі // Крыніцы/Памяць/Глыбоцкі раён
- Тариков О. А. Зарницы в глубинах озер. — Мн.: Полымя, 1993. — 151 с.: ил.
- Сухо́й Павел Осипович // Авиация: Энциклопедия / Гл. ред. Г. П. Свищев. — М.: Большая рос. энцикл.: Центр. аэрогидродинам. ин-т, 1994. — С. 552—553. — 735,[1] с.: ил.; 27 см. — ISBN 5-85270-086-X (В пер.) (руск.)
- Сухо́й Павел Осипович // Военный энциклопедический словарь / Отв. ред. Еремина Н.. — М.: Эксмо, 2007. — С. 893. — 1024 с. — 5 000 экз. — ISBN 978-5-699-23223-9. (руск.)
Спасылкі
- Известный авиаконструктор Павел Сухой всегда хранил в рабочем столе фотоснимок Глубокого (руск.) // СБ. Беларусь сегодня
- ДОСЬЕ: К 120-летию авиаконструктора Павла Сухого (руск.) // БЕЛТА
- Сухой Павел Осипович (1895—1975) // База данных «Белорусские имена в науке и технике» (руск.) на сайце РНТБ