Павел Восіпавіч Горын
прэзідэнт АН БССР
1931—1936
Папярэднік Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі
Пераемнік Іван Захаравіч Сурта
дэкан гістарычнага факультэта МДУ
1937
Папярэднік Зоя Пятроўна Ігумнава (в. а.)
Пераемнік Іван Дзмітрыевіч Удальцоў

Нараджэнне 15 студзеня 1900(1900-01-15)
Смерць 25 красавіка 1938(1938-04-25)[1] (38 гадоў)
Месца пахавання
Партыя
Адукацыя
Навуковая ступень доктар гістарычных навук
Дзейнасць гісторык, прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дзяржаўны дзеяч, палітык
Навуковая дзейнасць
Навуковая сфера гісторыя[2] і палітычная дзейнасць[d][2]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Павел Восіпавіч Горын, сапраўднае Каляда (15 студзеня 1900, м. Картуз-Бяроза, Пружанскі павет, Гродзенская губерня, цяпер г. Бяроза Брэсцкай вобласці — 25 красавіка 1938, Масква, НКУС) — савецкі і беларускі палітычны дзеяч, арганізатар навукі, прэзідэнт Акадэміі навук Беларускай ССР у 1931—1936 гадах. Акадэмік АН БССР (1931), доктар гістарычных навук (1934)[3]. Расстраляны, рэабілітаваны пасмяротна.

Біяграфія

Дзяцінства і адукацыя

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў Гродзенскай губерні. Скончыў сельскую школу (1910) і паступіў у Брэст-Літоўскую гімназію, але з-за Першай сусветнай вайны не змог скончыць навучанне. Сям’я П. В. Горына эвакуіравалася ў Арзамас Ніжагародскай губерні і ён скончыў вучобу ў адной з гімназій Ніжняга Ноўгарада[4][5].

Па ўстанаўленні ў Арзамасе савецкай улады П. В. Горын актыўна ўдзельнічаў у будаўніцтве і абароне новага ладу — летам 1918 года ўступае ў Арзамаскую баявую дружыну, а ў кастрычніку, як адзін з першых камсамольцаў горада, быў прыняты ў РКП(б)[5].

У пачатку 1919 года Горын вярнуўся ў Беларусь[5], абраны членам Картуз-Бярозаўскага валаснога рэўкама, арганізуе і ўзначальвае валасную партыйную арганізацыю[5]. У 1920 годзе камендант Пружан[6]. Па заняцці Картуз-Бярозы палякамі ў часе польска-савецкай вайны Горын ідзе добраахвотнікам у Чырвоную Армію, служыць палітработнікам[4][5].

У студзені 1920 года П. В. Горын камандзіраваны на вучобу ў Камуністычны ўніверсітэт імя Я. М. Свярдлова[5], які скончыў ў 1921 годзе[3][6].

У 1923—1925 гадах П. В. Горын вучыўся ў Інстытуце чырвонай прафесуры[3]. У гэтыя гады П. В. Горын пазнаёміўся з прызнаным аўтарытэтам савецкай гістарычнай навукі 1920-х гадоў М. М. Пакроўскім, які значна паўплываў на яго[5].

У 1925—1930 гадах працаваў вучоным сакратаром узначаленага М. М. Пакроўскім Таварыства гісторыкаў-марксістаў[3]. У 1926—1928 гадах член рэдкалегіі часопіса «Историк-марксист», у 1927—1930 — намеснік рэдактара часопіса «Пролетарская революция»[3].

У 1929—1930 гадах намеснік дырэктара Інстытута гісторыі Камуністычнай акадэміі[4]. Старшыня Таварыства палітэмігрантаў Заходняй Беларусі (1926—1928). 13 лютага 1931 года абраны прэзідэнтам Акадэміі навук Беларускай ССР[4].

На чале Акадэміі навук Беларускай ССР

У 1930 годзе заснавальнік АН Беларускай ССР і яе першы прэзідэнт, У. М. Ігнатоўскі быў зняты са сваёй пасады кіраўніка Акадэміі як «кулацкі агент» і ў 1931 годзе пакончыў з сабой. Яго пераемнікам стаў П. В. Горын, які ўзначальваў Акадэмію ў 1931—1936 гадах[3][4] і праявіў сябе перш за ўсё, як арганізатар навукі. Перш за ўсё П. В. Горын дамогся выхаду пастановы СНК Беларускай ССР ад 13 мая 1931 года «Аб рэарганізацыі Беларускай Акадэміі навук», у выніку чаго ў арганізацыі да канца 1931 года функцыянавала 12 навукова-даследчых інстытутаў[4]. Сам П. В. Горын узначаліў Інстытут гісторыі АН БССР. Пры ім у Акадэміі пачала стварацца ўласная сістэма падрыхтоўкі навуковых кадраў — інстытут аспірантуры (1932) і дактарантура (1934)[4].

Апошнія гады

У 1936 годзе быў пераведзены ў Маскву, загадчык кафедры гісторыі СССР МДУ[3], рэдактар аддзела гісторыі Вялікай Савецкай Энцыклапедыі[6].

Арыштаваны НКУС 28 жніўня 1937 года па адрасе: вул. Земляны Вал, д. 14/16, кв. 64, прыгавораны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 25 красавіка 1938 года за «ўдзел у контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай арганізацыі» да расстрэлу[7] і ў той жа дзень расстраляны[5][7] у Маскве на «Камунарцы»[7].

Рэабілітаваны 17 верасня 1955 года[6].

Грамадская і дзяржаўная дзейнасць

П. В. Горын праводзіў актыўную дзяржаўную і грамадскую работу. У 1931—1936 гг. быў членам ЦК КП(б)Б і кандыдатам у члены Бюро ЦК КП(б)Б, членам ЦВК і Прэзідыума ЦВК Беларускай ССР, быў дэлегатам ХVII з’езда ВКП(б) (1934)[3]; на XII з’ездзе Саветаў СССР (1935) быў выбраны членам ЦВК СССР[5].

Навуковая дзейнасць

Важнейшай праблемай савецкай гістарыяграфіі 1920-x гадоў была гісторыя Саветаў у рэвалюцыі 1905—1907 гг. Сярод першых работ, апублікаваных на гэту тэму, манаграфія П. В. Горына «Нарысы па гісторыі Саветаў рабочых дэпутатаў у 1905 г.» (1925)[3]. Праца напісана пераважна на архіўным матэрыяле, у ёй П. В. Горын спрабаваў высветліць асноўныя пытанні гісторыі Саветаў — паходжанне, дзейнасць, характар і значэнне для развіцця рэвалюцыі. Раскрыццё ролі і значэння Саветаў П. В. Горын звязаў з рухаючымі сіламі рэвалюцыі. Вызначаючы характар рэвалюцыі 1905—1907 гг. як рэвалюцыі буржуазна-дэмакратычнай, ён падкрэсліваў пры гэтым ролю пралетарыяту як гегемона і правадыра першай рускай рэвалюцыі[5].

Вядома, меркаванні П. В. Горына на рэвалюцыю 1905—1907 гг., выказаныя ў першым выданні «Нарысаў па гісторыі Саветаў рабочых дэпутатаў», былі шмат у чым недасканалымі і супярэчлівымі. У працах гісторыкаў першых гадоў савецкай улады выразна выявіліся цяжкасці пачатковага этапу станаўлення савецкай гістарыяграфіі. У наступных выданнях сваёй працы «Нарысы па гісторыі Саветаў рабочых дэпутатаў» (М., 1930; Мн., 1934) П. В. Горын імкнуўся больш поўна вызначыць характар рэвалюцыі і яе асноўныя рысы[5].

Да дзясятых угодкаў Кастрычніцкай рэвалюцыі выйшла кніга П. В. Горына пра барацьбу рабочага класа за Савецкую ўладу («Пралетарыят у 1917 г. у барацьбе за ўладу». М.; Л., 1927). Як адзін з вучняў акадэміка М. М. Пакроўскага, П. В. Горын паслядоўна абараняў погляды яго школы. У 1933 г. Горын апублікаваў у Мінску працу «М. М. Пакроўскі — бальшавік-гісторык», дзе выказваў погляды М. М. Пакроўскага на першую рускую рэвалюцыю і Кастрычніцкую сацыялістычную рэвалюцыю[5].

Даследчыцкую працу П. В. Горын сумяшчаў з актыўнай навукова-арганізатарскай, педагагічнай і грамадска-палітычнай дзейнасцю. Горын быў адным з заснавальнікаў і актыўных удзельнікаў створанага ў 1925 г. таварыства гісторыкаў-марксістаў. Старшынёй Таварыства гісторыкаў-марксістаў быў выбраны М. М. Пакроўскі, сакратаром таварыства стаў П. В. Горын[5].

Актыўна ўдзельнічаў П. В. Горын і ў стварэнні Інстытута гісторыі Камуністычнай акадэміі, які быў адкрыты ў лістападзе 1929 г. Горын уваходзіў у арганізацыйную камісію па стварэнні інстытута, увайшоў у склад першай Калегіі — вышэйшага навуковага органа інстытута[5].

13 лютага 1931 года П. В. Горына выбраны акадэмікам і прэзідэнтам Беларускай Акадэміі навук. На гэтай пасадзе раскрыўся яго талент буйнога арганізатара навукі. Задачы максімальнага выкарыстання дасягненняў навукі і тэхнікі для развіцця народнай гаспадаркі пастаянна патрабавалі паляпшэння арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці створанай у 1929 г. Акадэміі навук БССР. У 1931 г. з ініцыятывы П. В. Горына была ажыццёўлена карэнная рэарганізацыя Акадэміі навук БССР. На АН БССР былі ўскладзены абавязкі па каардынацыі работы ўсіх навукова-даследчых устаноў, размешчаных на тэрыторыі БССР, вызначэнні тэматыкі навуковых даследаванняў і кантролі іх выканання. АН БССР станавілася адзіным навуковым рэспубліканскім цэнтрам, дзе канцэнтравалася агульнае кіраўніцтва ўсёй навукова-даследчай працай у рэспубліцы[5].

Дзякуючы намаганням П. В. Горына з пачатку 1930-х гадоў у акадэміі пачынаецца паскораная падрыхтоўка новых навуковых кадраў, паляпшаецца арганізацыя навучальнага працэсу і падрыхтоўкі аспірантаў. Толькі ў 1931—1935 гадах аспірантуру Акадэміі навук скончыла больш за 150 чалавек, што значна ўплыла на рост агульнай колькасці навуковых супрацоўнікаў. Удасканальвалася структура АН БССР, ужо да 1935 г. у яе сістэме налічвалася 17 навукова-даследчых інстытутаў і шэраг іншых навуковых устаноў[5].

У пачатку 1930-х гадоў пачалося будаўніцтва галоўнага і лабараторнага карпусоў. Пастаянна павышалася ступень аснашчанасці інстытутаў навуковым абсталяваннем. Усё гэта стварала спрыяльныя ўмовы для плённай дзейнасці вучоных[5].

У 1930-я гады асноўная ўвага засяроджвалася на пошуках сыравінных рэсурсаў і карысных выкапняў у БССР, вывучэнні глеб і распрацоўцы мерапрыемстваў па павышэнні ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур, вывучэнні хвароб бульбы, распрацоўцы пытанняў філасофіі, гісторыі, літаратуры, мовазнаўства[5].

Акадэмік АН БССР П. В. Горын прадстаўляў савецкую гістарычную навуку на міжнароднай арэне. Горын уваходзіў у склад савецкай дэлегацыі на VII міжнародным гістарычным кангрэсе ў Варшаве (1933), дзе выступіў з дакладам пра нацыянальную палітыку Расіі Імперыі ў Польшчы.[5]

У перыяд працы ў Акадэміі навук БССР П. В. Горын узначальваў таксама Інстытут гісторыі і быў адным з рэдактараў выдання на беларускай мове 12-томнага збору твораў У. І. Леніна[5].

У снежні 1935 г. Прэзідыум ЦВК СССР зацвердзіў П. В. Горына намеснікам старшыні Камітэта па загадванню навуковымі і навучальнымі ўстановамі ЦВК СССР. У сувязі з гэтым назначэннем, у лютым 1936 г. Горын быў вызвалены ад абавязкаў прэзідэнта Беларускай Акадэміі навук і пераехаў у Маскву[5].

Асноўная бібліяграфія

Аўтар больш за 20 навуковых прац.

  • Пролетариат в 1917 г. в борьбе за власть. — М.; Л., 1927;
  • М. Н. Покровский — большевик-историк. — Мн., 1933;
  • Нарысы па гісторыі Саветаў рабочых дэпутатаў у 1905 годзе. — Мн., 1934 (1-е выд. на руск. мове: М., 1925);
  • Нарысы па гісторыі Саветаў рабочых дэпутатаў у 1905 годзе. — Мн.: Выд-ва Бел. акад. навук, 1934.

Ацэнкі

П. В. Горын значны савецкі гісторык і грамадска-палітычны дзеяч — асоба яркая, шматгранная. Валодаў выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі, настойліва дасягаў пастаўленых мэт, верыў у справу, якой служыў. Навуковыя працы Горына адлюстравалі працэс станаўлення савецкай гістарычнай навукі, поспехі і цяжкасці яго першага этапу[5].

Памяць

Імем П. В. Горына названа вуліца ў Бярозе. У 2000 годзе на будынку Інстытута гісторыі НАН Беларусі ўстаноўлена памятная шыльда[6].

Зноскі

  1. http://nasb.gov.by/eng/members/academicians/gorin.php
  2. 1 2 Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
  3. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Горин (Коляда) Павел Осипович // Биографический справочник. Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 164. — 737 с.
  4. 1 2 3 4 5 6 7 Ахремчик Р. С. 7
  5. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 Падлужны А. І., Сташкевіч М. С., Токараў М. У. Павел Восіпавіч Горын (Да 100-годдзя з дня нараджэння) // Весцi НАН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 2000. № 1
  6. 1 2 3 4 5 Маракоў В. Рэпрэсаваныя літаратары… Т. 1. …
  7. 1 2 3 Маракоў В. Рэпрэсаваныя літаратары… Т. 3. кн. 2. …

Літаратура

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.