ПАЗ-3205 | ||||||
---|---|---|---|---|---|---|
![]() ПАЗ-3205 узору 1989—2014 гадоў | ||||||
Вытворца | Паўлаўскі аўтобус | |||||
Гады выпуску | 1989—ц.ч. | |||||
Храналогія | ||||||
| ||||||
Вікісховішчы | на
ПАЗ-3205 — савецкі і расійскі высокападлогавы аўтобус малога класа. Выпускаецца Паўлаўскім аўтобусным заводам з 1989 года.
Гэта самы распаўсюджаны аўтобус у Расіі: станам на 1.01.2023 года зарэгістравана 100 525 асобнікаў гэтай мадэлі[1]. Выкарыстоўваецца для перавозкі дзяцей, вахтавых рабочых, як маршрутныя таксі або асноўны транспарт у невялікіх гарадах[2].
Гісторыя
Распрацоўваўся на працягу амаль 15 гадоў. Асновай паслужыў распрацаваны цягам 1972-1977 гады, але так і не запушчаны ў вытворчасць ПАЗ-3203. Першы прататып новага аўтобуса ПАЗ-3205 быў выраблены ў 1979 годзе. Выпрабаванні скончыліся ў 1982 годзе. У 1984 годзе ПАЗ-3205 сталі вырабляцца ў невялікай колькасці і на працягу наступных пяці гадоў гэтыя аўтобусы збіралі ўручную ў цэху малых серый. Выпуск на галоўным канвееры пачаўся ў студзені 1989 года, а 1 снежня 1989 года ПАЗ-3205 канчаткова замясціў папярэднюю мадэль ПАЗ-672М[3].
1989 | 1990 | 1991 | 1992 | 1993 | 1994 | 1995 | 1996 | 1997 | 1998 | 1999 | 2000 |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
307 | 8 004 | 9 680 | 10 342 | 11 070 | 9 073 | 7 800 | 7 235 | 8 679 | 8 500 | 7 495 | 8 060 |
4 чэрвеня 2001 года на заводзе выраблены 100-тысячны аўтобус гэтай мадэлі. У 2008 годзе праведзена мадэрнізацыя вытворчасці, што дазволіла праводзіць сертыфікацыю для рэгулярнага выкарыстання на загружаных маршрутах, значна ўзрос рэсурс службы кузава (з 5 да 10 гадоў), у салон усталёўваюцца больш эфектыўны ацяпліцель і больш камфортныя сядзенні.
2001 | 2002 | 2003 | 2004 | 2005 | 2006 | 2007 | 2008 | 2009 | 2010 | 2011 | 2012 | 2013 |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
10 126 | 10 131 | 10 249 | 10 520 | 11 546 | 11 680 | 11 728 | 11 661 | 5 733 | 6 380 | 6 726 | 7 089 | 6 151 |
Пасля рэстайлінгу
![](../I/Bus_in_Orel.jpg.webp)
У 2014 годзе з’явіліся аўтобусы з новай маскай з лінзавай пярэдняй оптыкай Hella і дзённымі хадавымі агнямі. Некаторы час такое афармленне прапаноўвалася як опцыя. У ліпені 2015 года вытворчасць аўтобусаў сямейства ПАЗ-3205 са старым варыянтам экстэр’ера была спынена і ў продажы засталіся толькі рэстайлінгавыя машыны[4][5].
У лютым 2023 года пачаліся продажы аўтобусаў з новай маскай. У новай версіі на ПАЗ-3205 вярнуліся дзве сяміцалёвыя фары савецкага ўзору. За выключэннем фар, астатняе афармленне пярэдняй і задняй частак засталося ранейшым[6].
Канструкцыя
Кузаў
![](../I/PAZ-32053_in_Tomsk.JPG.webp)
Кузаў — вагоннай кампаноўкі. Можа мець альбо дзве двухстворкавыя ўваходныя пасажырскія дзверы з пнеўматычным прывадам, альбо толькі адны пасажырскія дзверы з дадатковымі заднімі дзвярмі на завесах, якія лічацца аварыйным выхадам.
Рухавікі
З 1992 года базавым рухавіком стаў ЗМЗ-5112.10 (4,25 л, 125 к.с.), а з 1995 года на канвеер сталі паступаць яшчэ больш магутныя рухавікі ЗМЗ-5234.10 (4,67 л, 130 к.с.)[7]. З 1995 года спачатку паштучна, а з 1997 года серыйна сталі выпускацца аўтобусы з дызельнымі рухавікамі Мінскага маторнага завода[8].
У цяперашні час аўтобусы абсталёўваюцца рухавіком ЗМЗ V8 (4,7 л) у бензінавай і біпаліўнай (бензін + прапан-бутан) версіях, або турбадызелем ЯМЗ-534 (4,4 л)[6].
Бензінавы ЗМЗ-523 і біпаліўны ЗМЗ-524 з’яўляюцца мадэрнізаванымі версіямі рухавіка ЗМЗ-53. Рухавік мае аб’ём 4,67 л, дыяметр цыліндру — 92 мм і ход поршня — 88 мм, блок цыліндраў адліты з лёгкіх сплаваў на аснове алюмінію, але гільзы ў яго чыгунныя. У бензінавай версіі матор развівае 124 к.с. магутнасці і 298 Н·м круцільнага моманту, у біпаліўнай — 138 к.с. і 314 Н·м. Сістэма ўпырску інжэктарная, з электронным блокам кіравання. Канструкцыя ніжневальная, верхняклапанная.
У канцы 2021 года матор ЗМЗ знялі з вытворчасці з-за нізкага попыту, аднак у студзені 2023 года выпуск аднавілі, калі на фоне санкцый зноў узнікла патрэбнасць у гэтым маторы[9].
Шасі
ПАЗ-3205 могуць абсталёўвацца мастамі або Разанскага завода аўтаагрэгатаў (РЗАА), або Канашскага аўтаагрэгатнага завода (КААЗ).
На падоўжаным аўтобусе ПАЗ-4234 усталяваны шэраг кампанентаў ад грузавікоў ЗІЛ: кошык шчаплення, каробка перадач, карданны вал. Задні мост — ад ЗІЛ-4331 (вытворца — РЗАА). Аўтобусы з такімі мастамі можна пазнаць па колах на васьмі шпільках.
Падвеска — залежная, рысорная. Рулявое кіраванне — з гідраўзмацняльнікам. Тармазы — барабанныя. Да 2003 года аўтобусы камплектавалі тармазной сістэмай, якая складаецца з двух контураў: гідраўлічнага і пнеўматычнага, як на грузавіках ГАЗ. З 2003 года тармазную сістэму мадэрнізавалі: яна стала цалкам пнеўматычнай, была ўсталявана ABS фірмы «Knorr-Bremse».
Мадыфікацыі
- ПАЗ-3205 — базавы варыянт з аднымі аўтаматычнымі дзвярыма і пнеўмагідраўлічнай тармазной сістэмай.
- ПАЗ-32051 — аўтобус з двума аўтаматычнымі дзвярыма. З’явіўся ў 1993 годзе[10].
- ПАЗ-32053 — аўтобус з аднымі аўтаматычнымі дзвярыма для прыгарадных маршрутаў і пнеўматычнай тармазной сістэмай з АБС.
- ПАЗ-32054 — аўтобус з двума аўтаматычнымі дзвярыма для гарадскіх маршрутаў і пнеўматычнай тармазной сістэмай з АБС.
ПАЗ-3206
![](../I/%D0%9F%D0%90%D0%97-3206.JPG.webp)
ПАЗ-3206 — паўнапрывадны аўтобус. Выпускаецца з 1994 года.
Пярэдні вядучы мост узяты ад ГАЗ-66-40: з канічнай гіпоіднай галоўнай перадачай (перадатачны лік 6,17) і кулачковым дыферэнцыялам падвышанага трэння. Раздатачная каробка: 2-ступеньчатая (паніжальная перадача з лікам 1,982), без міжвосевага дыферэнцыяла. Дарожны прасвет такі ж як у заднепрывадных ПАЗ-32053 (264 мм), аднак у параўнанні з заднепрываднай версіяй кузаў ПАЗ-3206 пасаджаны над дарогай на 10 см вышэй. У выніку палепшылася геаметрычная праходнасць, але недахопам з’яўляецца высокі цэнтр цяжару. З гэтай прычыны не дазваляецца перавозка стаячых пасажыраў. Для паляпшэння папярочнай устойлівасці і ў пярэдняй, і ў задняй падвесках усталяваныя стабілізатары. У адрозненне ад ПАЗ-32053, якія былі пераведзены на пнеўматычны прывад тармазоў, на ПАЗ-3206 застаўся прывад старога тыпу — пнеўма-гідраўлічны[11].
ПАЗ-4234
![](../I/Moskovskiy_rayon%252C_Nizhnij_Novgorod%252C_Nizhegorodskaya_oblast'%252C_Russia_-_panoramio_(17).jpg.webp)
ПАЗ-4234 — аўтобус сярэдняга класа. З’яўляецца падоўжанай версіяй аўтобуса ПАЗ-32054 з двума ўваходнымі дзвярыма. Кузаў стаў даўжэй на 1165 мм, з якіх 745 мм прыйшлося на колавую базу і 420 мм на заднюю навісь. Пасажыраўмяшчальнасць павялічылася да 50 месцаў, з якіх 30 месцаў сядзячыя. У салоне дзве назапашвальныя пляцоўкі.
Выпускаецца з 2003 года[12]. Разам з базавай мадэллю паўсталі і мадыфікацыі: аўтобус з сядзеннямі павышанай камфартабельнасці (ПАЗ-423402), аўтобусы з аднымі аўтаматычнымі дзвярыма (стандартны ПАЗ-423401 і люксавы ПАЗ-423403), а таксама з узмоцненай тэрмаізаляцыяй кузава. Мадыфікацыі з рухавікамі Cummins маюць дадатак «-05», з рухавіком ЯМЗ — «-04»[13].
2003 | 2004 | 2005 | 2006 | 2007 | 2008 | 2009 | 2010 | 2011 | 2012 | 2013 |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
709 | 1 232 | 1 792 | 2 111 | 2 534 | 1 869 | 1 104 | 1 382 | 1 823 | 1 722 | 1 282 |
Тэхнічныя характарыстыкі
ПАЗ-32053 | ПАЗ-32053-07 | ПАЗ-4234 | ||
---|---|---|---|---|
Габарытныя памеры, мм | 6925 × 2480 × 2960 | 8165 × 2500 × 2960 | ||
Колавая база, мм | 3600 | 4345 | ||
Радыус паварота, м | 7,6 | 8,7 | ||
Колькасць дзвярэй | 1 + 1 | 2 | ||
Пасажыраўмяшчальнасць, чал. | 41 | 50 | ||
Колькасць месцаў | 25 + 1 | 30 + 1 | ||
Дапушчальная поўная маса, кг | 8155 | 9485 | ||
Аб’ём паліўнага бака, л | 105 | |||
Рухавік | Мадэль | ЗМЗ-5234.10 | ММЗ Д-245.7 | ММЗ Д-245.9 |
Тып | бензінавы, V8 | турбадызельны, чатырохцыліндравы | ||
Аб’ём, л | 4,67 | 4,75 | ||
Магутнасць | 130 к.с. пры 3200 аб/хв | 122 к.с. пры 2400 аб/хв | 136 к.с. пры 2400 аб/хв | |
Круцільны момант | 314 Н·м пры 3200 аб/хв | 424 Н·м пры 2400 аб/хв | 460 Н·м пры 2400 аб/хв | |
Каробка перадач | Механічная, пяціступеньчатая | |||
Макс. хуткасць, км/г | 90 | 95 | 90 | |
Расход паліва, л | 18 | 15 | 17,1 | |
Зноскі
- ↑ Автобусный парк в России насчитывает более 341 тыс. машин (руск.). avtostat-info.com (20 лютага 2023). Праверана 28 сакавіка 2023.
- ↑ Авто-юбилей // Рейс : часопіс. — 2010. — № 1. — С. 30. (руск.)
- 1 2 3 4 ГрузовикПресс №2 2015.
- ↑ Смена лица // Коммерческий транспорт : часопіс. — 2015. — № 5 (121). — С. 58. (руск.)
- ↑ "Автобусы ПАЗ получили новый экстерьер". autostat.ru [руская]. 2015-07-13. Праверана 2023-03-28.
- 1 2 "К дилерам поступил рестайлинговый «пазик»". Drom.ru [руская]. 2023-02-02. Праверана 2023-03-28.
- ↑ Коммерческий транспорт №2 (102) 2013, с. 71.
- ↑ Коммерческий транспорт №2 (102) 2013, с. 73.
- ↑ "«Группа ГАЗ» разработала новые модели газовых автобусов ПАЗ". Drom.ru [руская]. 2014-07-15. Праверана 2023-03-28.
- ↑ Коммерческий транспорт №2 (102) 2013, с. 72.
- ↑ Коммерческий транспорт №6 (66) 2008, с. 107–114.
- ↑ Пресс-службы сообщают // За рулём : часопіс. — 2003. — № 4. — С. 88. (руск.)
- ↑ КТ-хронограф. 10 лет: ПАЗ-4234 // Коммерческий транспорт : часопіс. — 2012. — № 8 (100). — С. 92. (руск.)
- ↑ ГрузовикПресс №7 2006.
Літаратура
- Между городом и деревней // За рулём : часопіс. — 2003. — № 6. — С. 82. (руск.)
- Народный автобус ПАЗ // ГрузовикПресс : часопіс. — 2006. — № 7. (руск.)
- Тест ПАЗ-3206-70 // Коммерческий транспорт : часопіс. — 2008. — № 6 (66). (руск.)
- Автобусы с берегов Оки. II. // Коммерческий транспорт : часопіс. — 2013. — № 2 (102). — С. 68–73. (руск.)
- Вне времени // ГрузовикПресс : часопіс. — 2015. — № 2. (руск.)
Спасылкі
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме ПАЗ-3205