Ордэн «За асабістую мужнасць»
Выява ордэнскай планкі Апісанне ўзнагароды
Краіна  Беларусь
Тып ордэн
Каму ўручаецца усім грамадзянам Рэспублікі Беларусь
Кім уручаецца Прэзідэнтам Беларусі
Падставы ўзнагароджання гл. раздзел статут
Дата заснавання 2 чэрвеня 1997
Статус уручаецца
Статыстыка ўзнагароджанняў
Першае 8 кастрычніка 1997
Колькасць 73[1] (2022)
Характарыстыкі
Матэрыял серабро
Памеры 45×45 мм
Чарговасць узнагарод
Старэйшая ордэн «За службу Радзіме»
Малодшая ордэн Дружбы народаў
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

О́рдэн «За асабі́стую му́жнасць» — дзяржаўная ўзнагарода Рэспублікі Беларусь. Уручаецца за праяўленую выключную адвагу і асабістую храбрасць, подзвігі, здзейсненыя ў экстрэмальных абставінах. Адзіны беларускі ордэн у форме крыжа[2].

Гісторыя

Ордэн уведзены ў сістэму дзяржаўных узнагарод указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змен і дапаўненняў у закон Рэспублікі Беларусь „Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь“» 2 чэрвеня 1997 года[3]. Часам памылковай датай заснавання называецца пастанова Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь № 3726-XII ад 13 красавіка 1995 года[1].

Хаця ордэн заснаваны па аналогіі з аднайменнай савецкай узнагародай, яго дызайн карэнным чынам адрозніваецца ад савецкага[1].

Першым кавалерам ордэна стаў 8 кастрычніка 1997 года майстар-выратавальнік пажарнай часткі Барысава малодшы сяржант Аляксандр Хоміч «за мужнасць і рашучыя дзеянні ў час ліквідацыі пажару на Барысаўскім чыгуначным вузле»[1].

Апісанне ўзнагароды зацверджана ўказамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 верасня 1999 года і 8 красавіка 2005 года[4], а яе палажэнне замацавана законам Рэспублікі Беларусь ад 18 мая 2004 года № 288-З «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь»[5].

У 2008 годзе адбылося самае масавае ўзнагароджанне ордэнам, калі ім былі ганараваны 15 членаў экіпажа самалёта Іл-76 авіякампаніі «ТрансАвіяЭкспарт», збітага 23 сакавіка 2007 года ў Самалі.

Аверс ордэна

Узнагароджанні адбываліся таксама і за спартыўныя дасягненні. Напрыклад, у 2018 годзе за залаты медаль на зімовых Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане ордэнам «За асабістую мужнасць» узнагародзілі спартсменаў нацыянальнай зборнай Беларусі па біятлоне[1].

Статут

Ордэнам «За асабістую мужнасць» узнагароджваюцца грамадзяне:

  • за выключную адвагу і асабістую храбрасць, праяўленыя пры выкананні ваеннага абавязку, грамадзянскіх або службовых абавязкаў;
  • за самаадданыя ўчынкі, здзейсненыя ў экстрэмальных абставінах;
  • за мужнасць, праяўленую пры абароне дзяржаўнай граніцы;
  • за мужнасць, праяўленую пры ахове грамадскага парадку;
  • за смелыя і рашучыя дзеянні ў абставінах, звязаных з рызыкай для жыцця.

Ордэн «За асабістую мужнасць» носіцца на левым баку грудзей і пры пры наяўнасці іншых ордэнаў размяшчаецца пасля ордэна «За службу Радзіме».

Апісанне

Ордэн уяўляе сабой пазалочаны Георгіеўскі крыж размахам 45 мм на фоне пазалочанай чатырохграннай плоскасці, канцы якога пакрыты цёмна-чырвонай эмаллю. Паміж канцамі крыжа выступаюць чатыры рабрыстыя пазалочаныя прамяні, якія ўтвараюць квадрат з бокам 30 мм, на кожным з якіх размешчаны па два тонкія злучаныя промні. У цэнтры крыжа змешчаны медальён дыяметрам 22 мм, пакрыты белай эмаллю, з надпісам «За асабістую мужнасць» і выявай лаўровых галін. У цэнтры круга — залацістая пяціканцовая зорачка на цёмна-чырвоным фоне. Круг накладзены на пазалочаны сярэдневяковы меч[6].

На беларускай паштовай марцы 2008 года

Адваротны бок мае гладкую паверхню, у цэнтры знаходзіцца парадкавы нумар. Ордэн вырабляецца з срэбра з залачэннем[6][7] на Гомельскім вытворчым аб’яднанні «Крышталь».

Ордэн пры дапамозе вушка і кольца мацуецца да пяцівугольнай калодкі, абцягнутай муаравай стужкай залацістага колеру шырынёй 24 мм з падоўжнай бардовай палоскай шырынёй 6 мм пасярэдзіне. Па краях стужка мае па адной падоўжнай палосцы: з левага боку — белай, з правага — бардовай, шырынёй 2 мм[6][7].

Статыстыка ўзнагароджанняў ордэнам «За асабістую мужнасць» паводле гадоў

Зноскі

Літаратура

  • Величко А. М. Фалеристика Беларуси / А. М. Величко. Мн.: Беларусь, 2015. — С. 37. — 236, [3] с. : ил., цв. ил. с. 1 000 экз. — ISBN 978-985-01-1119-7.
  • Ісаева І. К. Узнагароды Рэспублікі Беларусь / уклад. І. К. Ісаева. Мн.: Беларусь, 2004. — С. 8–9,54–55. — 94, [2] с. с. 2 000 экз. — ISBN 985-01-0531-3.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.