Обаль
Ля вёскі Пагіршчына
Ля вёскі Пагіршчына
Характарыстыка
Даўжыня 148 км
Басейн 2 690 км²
Расход вады 19,4 м³/с (у вусці)
Вадацёк
Выток Возера Езярышча
  Месцазнаходжанне каля гарадскога пасёлка Езярышча
  Вышыня 165 м
  Каардынаты 55°49′59,10″ пн. ш. 30°00′39,76″ у. д.
Вусце Заходняя Дзвіна
  Месцазнаходжанне за 1 км на паўднёвы захад ад вёскі Новыя Гараны
  Вышыня 109,2[1] м
  Каардынаты 55°24′00,9″ пн. ш. 29°01′41,35″ у. д.
Ухіл ракі 0,4 м/км
Размяшчэнне
Водная сістэма Заходняя Дзвіна  Балтыйскае мора

Краіна
Рэгіён Віцебская вобласць
Раёны Гарадоцкі раён, Шумілінскі раён
physical
Обаль (рака)
Обаль (рака)
physical
выток
выток
вусце
вусце
— выток, — вусце
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

О́баль — рака ў Гарадоцкім і Шумілінскім раёнах Віцебскай вобласці Беларусі, правы прыток Заходняй Дзвіны.

Назва

Назва Обаль балцкага паходжання. Адпачатная балцкая форма *Abalis, яна ж у іншым месцы дала назвы праточным азёрам Аболі і Абалікшты (сілкуюць водамі раку Дзісну). Обаль уцякае ў Дзвіну справа, а злева нясе воды ў Дзвіну рака з ідэнтычнай назвай (*Abalis > Обаль > Абалянка), паміж імі значны (адзіны такі рэзкі) паварот цячэння Дзвіны на паўночны захад у Бешанковічах.

Корань Ab- такі самы, як у латышскіх гідронімах тыпу Abula, Abuls, Abava[2], у назве ракі Абельна на Верхнім Павоччы. Ад індаеўрапейскага ab-, якім пазначаліся рачныя, цякучыя воды[3]. Яго фанетычны варыянт ap- даў заходнябалцкае прускае ape «рака», а варыянт up- — усходнябалцкае літоўскае upė[4]. Ад іх — назвы рэк Вопь на Верхнім Падняпроўі, Упа на Верхнім Павоччы. «Звонкі» варыянт ub- даў назву прыпяцкай ракі Убарць.

Індаеўрапейскім ab-, з усімі яго варыянтамі, пазначалася, як мяркуецца, вада як актыўная сіла і нават воднае боства, а *uedor- — вада як матэрыял[5]. Другі корань у балцкай гідраніміі ў назвах тыпу Удага, Водзьга, пруск. *Vadanga, літ. Vedega, Vada[6]. Магчыма, гэтае размежаванне адбівалася і ў сакральных практыках з водамі ў старажытных балтаў, але сляды гэтага згубленыя.

Корань Ab- асабліва папулярны на Падзвінні, як у ніжнім цячэнні Дзвіны ў Латвіі[7], так і ў сярэднім — на поўначы цяперашняй Беларусі. Воды з азёраў Аболі і Абалікшты цякуць у дзвінскі прыток Дзісну. Воды з азёраў Абстэрна і Набіста (абедзве назвы ад асновы *Ab-ist-) цякуць у дзвінскую раку Вята. Таго ж паходжання і назва ракі Обеста (на цяперашнім расійска-ўкраінскім памежжы, паміж Курскам і Чарнігавам).

Семантыка ўсіх гэтых назваў звязаная з цячэннем рэк, праточнасцю азёраў. Назвы плыткіх рэк і праточных азёраў таксама ўтвараліся ад балцкага кораня žod- / žad- (як Жодзень ці Жадунь).

Назва Обаль (< *Abalis) значыць «Рака (цякучая, плыткая)».

Гідраграфія

Даўжыня ракі 148 км. Плошча вадазбору 2690 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 19,4 м³/с. Агульнае падзенне ракі 55 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,4 м/км.
Выцякае з возера Езярышча каля гарадскога пасёлка Езярышча, цячэ па Гарадоцкім і Шумілінскім раёнах у межах паўночна-заходняй часткі Гарадоцкага ўзвышша і па паўночна-ўсходняй частцы Полацкай нізіны. Вусце за 1 км на паўднёвы захад ад вёскі Новыя Гараны Полацкага раёна. Рака зарэгулявана Ключагорскім вадасховішчам, працякае праз возера Обаль. Найвышэйшы ўзровень разводдзя каля гарадскога пасёлка Обаль у 1-й дэкадзе красавіка, сярэдняя вышыня над межанню 4,6 м, найбольшая 7,3 м (1956). Замярзае ў канцы 1-й дэкады снежня, крыгалом у пачатку красавіка. Веснавы ледаход 4 сутак.

Ля вёскі Пралетарск у Гарадоцкім раёне

Даліна пераважна трапецападобная, шырынёй 300—600 м (найбольшая 2,5 км паміж вёскамі Малое Цешава і Канавалава Гарадоцкага раёна); у вярхоўі невыразная. Пойма двухбаковая, чаргуецца па берагах, месцамі адсутнічае; шырыня яе да ўпадзення ракі Свіна 400—800 м, ніжэй — 100—200 м. Рэчышча звілістае, шырынёй 8—20 м у верхнім цячэнні, 20—40 м у сярэднім, 25—30 м у ніжнім.

У басейне ракі азёры: Езярышча, Нямельчык, Сцернік, Красянец, Кім, Апукава, Обаль, Белае, Бярнова, Чорнае, Вялікая Восмата, Верына, Церабаўля, Чарнова, Чарноўка, Жодзень, Расалай, Свіно, Званае, Астравіта, Ужо, Сцернік, Заляшно́, Мошня, Жужнева, Летняе, Капенец, Красамай, Канаплянка, Ценіца, Еськіна, Жужаліца, Вокнішча і іншыя.

Асноўныя прытокі

Справа: Свіна, Ценіца, Глыбачка, Рэчыца, Марынец, Дзіваць[1]. Злева: Чарнуйка, Чарнаўка, Конскі, Чарняўка, Выдрыца, Усыса, Будавесць, Круцік.

На рацэ

Гарадскія пасёлкі: Обаль.

Вёскі: Ламаносава, Жалудова (былая), Канавалава, Вясніцкія, Пралетарск, Іванаўка, Ставіца, Казьяны, Обаль, Грудзінава і інш.

Вадасховішчы: Ключагорскае.

ГЭС: Ключагорская (закінутая).

На левым беразе ракі за 1 км ад вёскі Кісялі (Гарадоцкі раён) на вяршыні ўзгорка (мясцовая назва Прыстань) археалагічны помнік (гарадзішча) VIII—X стагоддзяў[8]. — Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213В000339

Зноскі

  1. 1 2 Ліст карты N-35-23. Выданне 1987 г. Стан мясцовасці на 1986 г. Архівавана 1 мая 2013.
  2. K. Būga. Rinktiniai raštai. Vilnius, 1961. C. 534—535.
  3. H. Krahe. Unsere ältesten Flussnamen. Wiesbaden, 1964. C. 41.
  4. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 1.
  5. Karulis K. Latviešu etimoloģijas vārdnīca. Rīga, 1992, 2001. С. 1087—1088
  6. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. С. 351, 358.
  7. Топоров В. Н., Трубачев О. Н. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. — М., 1962. — С. 175.
  8. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / АН БССР; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. Мн.: БелСЭ, 1985. — 496 с. 8 000 экз.

Літаратура

  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
  • Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
  • Атлас охотника и рыболова: Витебская область / Гл. ред. Г. Г. Науменко. Мн.: РУП «Белкартография», 2010. — С. 14, 21, 22. — 72 с. 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-136-5.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.