Нікан

Партрэт патрыярха Нікана з клірам
(Д. Вухтэрс(?), 1660-1665 гады)
6-ы Божаю міласцю вялікі гаспадзін і гасудар, архіепіскап стольнага горада Масквы і ўсяе вялікае, і малое, і белае Расіі, і ўсяго паўночнага краю, і памор'я, і многіх дзяржаў Патрыярх
25 ліпеня 1652 12 снежня 1666
Царква Руская праваслаўная царква
Папярэднік Іосіф
Пераемнік Іаасаф II
Мітрапаліт Наўгародскі і Велікалуцкі
11 сакавіка 1649 25 ліпеня 1652
Папярэднік Афоній
Пераемнік Макарый III

Дзейнасць святар
Нараджэнне 7 (17) мая 1605
Смерць 17 (27) жніўня 1681[1] (76 гадоў)
Пахаванне

Аўтограф Выява аўтографа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Патрыя́рх Ні́кан (свецкае імя Мікі́та Мі́нін (Мінаў); 7 мая 1605, сяло Вельдземанава — 17 (27) жніўня 1681, Тропінская слабада) — шосты[4] маскоўскі патрыярх, вядомы найперш сваёй царкоўнай рэформай, якая выклікала раскол Рускай праваслаўнай царквы.

Афіцыйна тытулаваўся як «Божаю міласцю вялікі гаспадзін і гасудар, архіепіскап стольнага горада Масквы і ўсяе вялікае, і малое, і белае Русі, і ўсяго паўночнага краю, і памор'я, і многіх дзяржаў Патрыярх»[5] (з 25 ліпеня 1652 года па 12 снежня 1666 года), а таксама як Вялікі Гасудар.

Да патрыяршаства

Нарадзіўся ў мардоўскай сялянскай сям'і ў сяле Вельдземанаве недалёка ад Ніжняга Ноўгарада (цяпер — Перавозскі раён Ніжагародскай вобласці). Па іншай версіі, заснаванай на паведамленні пратапопа Авакума, бацька Нікана быў марыец, а маці — руская[6]. Маці скора памерла пасля яго нараджэння, бацька ажаніўся ў другі раз. Адносіны з мачахаю ў Мікіты не склаліся, яна часта біла яго і марыла голадам[7]. Вучыўся грамаце ў прыходскага свяшчэнніка. У 12 год пайшоў у Макар'еў Жоўтаводскі манастыр, быў у ім паслушнікам да 1624 года. Па патрабаванню бацькоў вярнуўся дадому, жаніўся і прыняў сан свяшчэнніка. Служыў спачатку ў суседнім сяле Лыскове, а каля 1626 года быў назначаны свяшчэннікам аднае з маскоўскіх цэркваў, па просьбе маскоўскіх купцоў, якія дазналіся аб яго начытанасці.

Здань змея на Нікане, убачаная Елеазарам Анзерскім (мініяцюра, XIX стагоддзе)

Смерць дзяцей у 1635 годзе прывяла Мікіту да канчатковага рашэння пакінуць свецкае жыццё. Ён пераканаў жонку прыняць манаскі пострыг у маскоўскім Аляксееўскім манастыры, даўшы за яе ўклад і пакінуўшы грошай на ўтрыманне[8], а сам ва ўзросце 30 год таксама прыняў пострыг з іменем Нікан у Свята-Троіцкім Анзерскім скіце Салавецкага манастыра[9]. Праз нейкі час прападобны Елеазар Анзерскі, старац-начальнік скіта, абавязаў Нікана служыць літургіі і кіраваць гаспадарчаю часткай скіта. У 1639 годзе, пасварыўшыся з Елеазарам, Нікан збег са скіта[10] і быў прыняты ў Кожаезерскі манастыр. У 1643 годзе быў абраны ігуменам манастыра.

У 1646 годзе адправіўся ў Маскву, дзе прыйшоў, па тагачаснаму звычаю новапастаўленых ігуменаў, з паклонам да маладога цара Аляксею Міхайлавічу, зрабіў на яго добрае ўражанне. Цар загадаў Нікану застацца ў Маскве, а Патрыярху Іосіфу — пасвяціць яго ў архімандрыты Наваспаскага манастыра.

Стаўшы на чале браціі Наваспаскага манастыра, Нікан увайшоў у склад нефармальнага гуртка духоўных і свецкіх асоб, які прафесар М. Ф. Капцераў называе гуртком «барацьбітоў за набожнасць». Галоўныя ідэолагі гэтага гуртка — духоўнік Аляксея Міхайлавіча пратапоп Дабравешчанскага сабора Стэфан Ваніфацьеў, баярын Ф. М. Рцішчаў і пратапоп Казанскага сабора Іаан Няронаў — ставілі перад сабою і сваімі паплечнікамі задачу ажыўлення рэлігійна-царкоўнага жыцця ў Маскоўскай дзяржаве, паляпшэння нораваў як насельніцтва, так і духавенства, насаджэнне асветы. Уводзілася забытая ў Маскве практыка царкоўнай пропаведзі з амвона, «адзінагалоссе» ў богаслужэнні, вялікая ўвага надавалася выпраўленню перакладаў богаслужэбных кніг.

Пачаў ездзіць да цара ў палаты кожную пятніцу для размоў і парады не толькі па духоўных справах, але і па дзяржаўных.

11 сакавіка 1649 быў узведзены ў сан мітрапаліта Наўгародскага і Велікалуцкага Патрыярхам Іерусалімскім Паісіем, які быў тады ў Маскве.

Патрыяршаства

Аляксей Міхайлавіч і Нікан перад грабніцай свяціцеля Філіпа

15 красавіка 1652, у Вялікі чацвер, памёр Патрыярх Іосіф. «Барацьбіты» прапанавалі сан патрыярха Стэфану Ваніфацьеву, але той адмовіўся, мабыць, разумеючы, каго хацеў бачыць на патрыяршым прастоле Аляксей Міхайлавіч.

У пачатку ліпеня 1652 года ў Маскву былі дастаўлены мошчы святога мітрапаліта Філіпа з Салавецкага манастыра — ініцыятарам перанясення мошчаў у сталіцу быў Наўгародскі мітрапаліт Нікан, які атрымлівае прапанову цара Аляксея Міхайлавіча аб заняцці патрыяршага прастола перад грабніцаю свяціцеля.

25 ліпеня 1652 года Нікан быў урачыста ўзведзены на прастол патрыярхаў Маскоўскіх і Усерасійскіх. Падчас інтранізацыі Нікан вымусіў цара паабяцаць не ўмешвацца ў справы Царквы. Цар і народ пакляліся «послушати его во всѣм, яко начальника и пастыря и отца краснѣйшаго»[11].

Рэфарматарская дзейнасць

Царкоўны Сабор 1654 года
(Патрыярх Нікан паказвае новыя богаслужэбныя тэксты) А. Д. Кіўшэнка, 1880 г.

Шмат гадоў збіраючы грэчаскія і візантыйскія тэксты і сур'ёзна ўдзельнічаючы ў абмеркаваннях «Гуртка барацьбітоў за набожнасць» (у які ўваходзіў і пратапоп Авакум), Нікан лічыў важным прывесці рускія праваслаўныя абрады і кнігі ў адпаведнасць з грэчаскімі.

Перад Вялікім постам 1653 года Нікан загадаў хрысціцца трыма пальцамі, што супярэчыла актам Памеснага Стоглавага Сабора 1551 года, якія замацоўвалі двухперсце. Далей Нікан працягнуў рэформу, збіраючы саборы. Сабор 1654 года даў пачатак справе ўніфікацыі маскоўскіх кніг па грэчаскіх кнігах, надрукаваных у XVI стагоддзі на Захадзе. І калі вызначэнні гэтага Сабора былі разгледжаны і ўзгодненыя на Канстанцінопальскім Саборы таго ж года пад старшынствам Патрыярха Паісія, то рашэнне памеснага Маскоўскага сабора 1656 года, на якім усіх, хто хрысціцца двума пальцамі, аб'явілі ератыкамі і аддалі анафеме, супярэчылі яму[12]. Паспешная анафема сабора 1656 года на ўсіх, хто хрысціцца двума пальцамі, пазней скасаваная Памесным саборам РПЦ 1971 года, і стала самаю галоўнай прычынай Расколу XVII стагоддзя.

Укаранеласць як у народзе, так і сярод значнай часткі свяшчэнства меркавання аб «перавазе» рускай набожнасці над грэчаскаю, а маскоўскай — над кіеўскаю, якая ўзнікла ў Паўночна-Усходняй Русі пасля падпісання грэкамі Фларэнційскай уніі з католікамі, падзення Канстанцінопаля, апалячвання Літвы і ўваходжання Кіева ў склад Рэчы Паспалітай (параўн. тэзіс «Масква — Трэці Рым»), а таксама рэзкасць саміх рэфарматараў прывялі да расколу Рускай Царквы на прыхільнікаў Нікана («ніканіян») і яго праціўнікаў стараабрадцаў, адным з лідараў якіх стаў Авакум. Авакум лічыў, што старажытныя чыны, выкладзеныя ў рускіх кнігах, лепш адлюстроўваюць праваслаўную веру.

Будаўніцтва

Валдайскі Іверскі манастыр, заснаваны Ніканам

Адным з напрамкаў дзейнасці патрыярха Нікана было заснаванне ў Расіі манастыроў. У 1653 годзе на востраве Валдайскага возера былі пабудаваны першыя драўляныя пабудовы Іверскага манастыра. У 1655 быў закладзены каменны Успенскі сабор.

У 1656 годзе Нікан дабіваецца ў цара дазволу на заснаванне на Кій-востраве манастыра, вядомага цяпер як Анежскі Крыжовы манастыр. Будаўніцтвам першых збудаванняў на востраве з 1656 па 1659 гг. кіравалі старцы Ніфант Цярэбінскі і Ісая, а таксама стольнік Васіль Парамонавіч Паскочын — давераныя асобы Нікана. У тым жа 1656 годзе Нікан заснаваў Новаіерусалімскі манастыр, які задумваўся як падмаскоўная рэзідэнцыя патрыярхаў. Манастыр быў пабудованы на землях сяла Васкрасенскага. Па задумцы Нікана, ён у будучыні павінен быў стаць цэнтрам праваслаўнага свету.

Сварка з царом

Новаіерусалімскі манастыр, заснаваны патрыярхам Ніканам у 1656 годзе

Малады цар Аляксей Міхайлавіч шанаваў патрыярха Нікана, давяраў яго парадам у справах дзяржаўнага кіравання, а ў час войн з Рэччу Паспалітаю (1654—1667) і працяглай сваёй адсутнасці пакідаў патрыярха фактычна на чале ўрада. Загадам цара да тытула патрыярха «Вялікі Гаспадзін» быў дабаўлены царскі тытул «Вялікі Гасудар»[13]. Такое становішча выклікала зайздрасць і незадаволенасць як баяр, якія не хацелі губляць магчымасці ўплываць на цара ў сваіх інтарэсах, так і многіх духоўных асоб, у тым ліку і былых членаў гуртка «барацьбітоў за набожнасць».

Патрыярх Нікан імкнуўся процідзейнічаць таму, што ўспрымалася ім як замах свецкага ўрада на яго юрысдыкцыю і паўнамоцтвы. Асаблівы пратэст выклікала прыняцце Саборнага ўлажэння 1649 года, якое зніжала статус духавенства і фактычна ставіла Царкву ў падпарадкаванне дзяржаве[14]. Так, даходы ад эксплуатацыі манастырскіх вотчын пераходзілі да створанага ў рамках Улажэння Манастырскага прыказа і паступалі ў дзяржаўную казну; свецкія суды сталі разглядаць справы, якія былі ў распараджэнні судоў царкоўных.

У выніку гэтага, а таксама інтрыг з боку часткі баяр і духавенства, якія мелі ўплыў на цара і варожа настроеных да патрыярха Нікана, адносіны паміж царом і патрыярхам пахаладзелі. 10 ліпеня 1658 года Нікан у якасці пратэсту пакінуў Маскву: не адмовіўшыся ад Маскоўскай кафедры, ён з'ехаў у Васкрасенскі Новаіерусалімскі манастыр, які (разам з Крыжовым і Іверскім манастырамі) сам заснаваў у 1656 годзе і меў у сваёй асабістай уласнасці[15].

Няміласць і вывяржэнне са свяшчэнства

Суд над патрыярхам Ніканам
(С. Д. Міларадавіч, 1885 год)

У 1660 годзе на скліканым у Маскве Саборы было пастаноўлена пазбавіць Нікана архіерэйства і нават свяшчэнства. Аднак суд не адбыўся, бо справу было вырашана перадаць на суд усходніх патрыярхаў, па савету ніканаўскага манаха-спраўшчыка Епіфанія Славінецкага і архімандрыта Полацкага Богаяўленскага манастыра Ігнація Іеўлевіча. Такое ж рашэнне пытання рэкамендаваў цару пазней і былы епіскап Іерусалімскай царквы Паісій Лігарыд[16], які не прымаў яўнага ўдзелу ў Саборы, хоць быў запрошаны патрыярхамі на тайную нараду і выступаў у ролі перакладчыка для ўсходніх патрыярхаў.

Запрошаныя яшчэ ў 1662 годзе патрыярхі доўгі час не знаходзілі магчымасці прыбыць у Маскву. Нарэшце, у лістападзе 1666 года адкрыўся памесны сабор Рускай царквы — Вялікі Маскоўскі сабор з удзелам двух патрыярхаў: Паісія Александрыйскага і Макарыя Антыяхійскага. Абодва патрыярхі на той момант лічыліся ў Канстанцінопалі пазбаўленымі кафедр рашэннем Сабора ў Канстанцінопалі (у віну ім была пастаўлена доўгая адсутнасць у сваіх патрыярхіях, якая адбылася з-за просьбы рускага цара Аляксея Міхайлавіча наведаць Расію і прыняць удзел у Вялікім Маскоўскім саборы), але ў Маскве вестку аб гэтым атрымалі ўжо пасля суда над Ніканам. Акрамя таго, пазней, па просьбе рускага цара Канстанцінопальскі патрыярх свае рашэнні аб пазбаўленні кафедр Александрыйскага і Антыяхійскага патрыярхаў адмяніў.

Ідэалагічная аснова і дакументы Сабораў 1666—1667 гадоў, найважнейшым прадметам разгляду якіх было канчатковае абмеркаванне напрымальных для прыхільнікаў «старой веры» «ніканіянскіх» богаслужэбных рэформ, распрацоўваліся вучоным манахам «лацінскага» толку Сімяонам Полацкім, Паісіем Лігарыдам і архімандрытам Афонскага Іверскага манастыра Дыянісіем, які жыў у Маскве з 1655 па 1669 год.

12 снежня 1666 года адбылося трэцяе, заключнае па справе Нікана, пасяджэнне Сабора ў Дабравешчанскай царкве Чудава манастыра.

У грамаце, падпісанай усімі архірэямі Рускай памеснай царквы Вялікага Маскоўскага сабора, а таксама іерархамі (патрыярхамі, мітрапалітамі, архіепіскапамі, епіскапамі) грэчаскіх памесных цэркваў ад 12 снежня, пералічаныя злачынствы, з-за якія Нікан вывергнуты з патрыяршаства і свяшчэнства судом памеснага сабора Рускай царквы:

1. Нікан даняў (пакрыўдзіў) цара, калі пакінуў паству і сышоў у Васкрэсенскі манастыр толькі таму, што царскі чыноўнік ударыў слугу патрыярха.

2. Нікан не ўціхамірыўся і не стаў каяцца, а здзяйсняў хіратоніі ў новым месцы, будаваў новыя манастыры, якія называў «неналежнымі словамі і марнымі найменнямі»: Новым Іерусалімам, Галгофаю, Віфлеемам, Іарданам, тым самым ён зневажаў божае і здзекаваўся са святога, праслаўляючы сябе патрыярхам Новага Іерусаліма, крадучы па-разбойніцку, і калі была б у яго сіла, то адабраў бы і трэцюю частку царства.

3. Анафематстваваў патрыярхаў Паісія і Макарыя, якія прыехалі яго судзіць, назваўшы іх Анаю і Каіафаю, а царскіх паслоў, якія да яго былі пасланы, каб выклікаць яго на суд, назваў Пілатам і Ірадам.

4. Нікан напісаў асабістыя пісьмы патрыярхам, у якіх пісаў пра цара Аляксея, што цар «латиномудренник, мучитель и обидник, Иеровоам и Озия» і тое, што Расійская царква ў лацінскія дагматы ўпала, больш за ўсё вінавацячы ў гэтым Паісія Лігарыда.

5. Нікан без саборнага разгляду сам асабіста пазбавіў епіскапа Паўла Каломенскага сану, лютуючы, сцягнуў з Паўла мантыю, і таго «в язвы и наказания предаде тяжчашие», ад чаго Павел страціў розум і бедны загінуў: ці быў разарваны звярамі, ці ў раку ўпаў і загінуў.

6. Свайго духоўнага айца Нікан два гады нялітасціва біў і яму наносіў раны, пасля чаго патрыярхі самі бачылі Ніканавага духоўніка «всеконечно расслабленным».

За гэтыя злачынствы Нікан быў вывергнуты са свяшчэнства: не толькі патрыяршай годнасці, але і з епіскапскага сану і стаў простым манахам.

Манах Нікан пасля саборнага суда і вывяржэння быў сасланы ў Ферапонтаў Белазерскі манастыр; пасля смерці Аляксея Міхайлавіча быў пераведзены пад больш строгі нагляд у Кірыла-Белазерскі манастыр.

Смерць і пасмяротны лёс

Смерць патрыярха Нікана
(гравюра, 1870-я гады)
Патрыярх Нікан на помніку «1000-годдзе Расіі» ў Вялікім Ноўгарадзе

Пасля смерці цара Аляксея Міхайлавіча прастол перайшоў да яго сына Фёдара Аляксеевіча, які спачуваў Нікану. Ёсць звесткі, што новы цар абдумваў прапанаваны Сімяонам Полацкім план па стварэнні на землях Маскоўскага царства чатырох патрыярхій[17][18] і папскага прастола, які прызначаўся для Нікана. У 1681 годзе яму, ужо цяжка хвораму, было дазволена вярнуцца ў Васкрасенскі Новаіерусалімскі манастыр, на шляху да якога Нікан памёр 17 жніўня ў Мікола-Тропінскім прыходзе насупраць Яраслаўля, у вусці ракі Котараслі.

Цар Фёдор Аляксеевіч настаяў на адпяванні Нікана як патрыярха, нягледзячы на пратэсты патрыярха Маскоўскага Іаакіма, які адмовіўся адпяваць і памінаць Нікана як патрыярха.

Быў пахаваны ў паўночным прыдзеле (Адсячэння галавы Іаана Прадцечы) сабора Уваскрасенскага Новаіерусалімскага манастыра; Фёдар Аляксеевіч сам са слязьмі чытаў над ім Апостал і 17-ю кафізму і неаднаразова цалаваў яго правую руку.

У 1682 годзе Фёдар Аляксеевіч, не зважаючы на супраціўленне патрыярха Іаакіма і значныя выдаткі[19], выклапатаў ва ўсходніх патрыярхаў дазвольныя граматы. У іх загадвалася прылічыць Нікана да ліку патрыярхаў і памінаць у такім званні адкрыта. Патрыярх Іаакім адмовіўся адпяваць і памінаць Нікана як патрыярха, таму што рашэнне памеснага сабора Рускай царквы — Вялікага Маскоўскага сабора і саборнага суда, які адбыўся на гэтым саборы і вывергнуў Нікана са свяшчэнства за яўныя злачынствы, лічыў справядлівым і правільным, і згодна са Святымі Правіламі Праваслаўнай царквы іерарх, не прыналежны да Рускай памеснай царквы, не мае ніякага юрыдычнага права і ніякай кананічнай улады адмяняць вырак суда памеснага сабора Рускай царквы[20].

Помнік патрыярху Нікану ў Саранску

Пазней, у сінадальны перыяд, пад уплывам цэнзуры, дакументы, звязаныя з пасяджэннямі Вялікага Маскоўскага сабора — суда над Ніканам (саборны прысуд аб злачынствах Нікана і саборная грамата аб вывяржэнні са свяшчэнства Нікана), не друкавалі ў складзе афіцыйна выдаваных дакументаў «Деяния Великого Московского Собора 1666-67 года.»[21]

У 2013 годзе грабніца патрыярха Нікана была адчынена археолагамі, але быў знойдзен толькі пусты саркафаг — грабніца раней была разграблена[22].

Помнікі Нікану

У 1862 годзе скульптура Нікана была ўключана ў лік скульптур на «Помніку Тысячагоддзю Расіі» ў Вялікім Ноўгарадзе.

5 жніўня 2006 года на пярэдадні 325 гадавіны са дня смерці патрыярха Нікана ў Саранску патрыярх Алексій II адкрыў і асвяціў помнік Нікану. Аўтар манумента — мардоўскі скульптар Мікалай Філатаў[23].

Гл. таксама

Зноскі

  1. П. Никон // Музыкальный словарь: Перевод с 5-го немецкого издания / под ред. Ю. Д. ЭнгельМ.: Музыкальное издательство П. И. Юргенсона, 1901. — Т. 2. — С. 922.
  2. Никон // Энциклопедический словарьСПб.: Брокгауз — Ефрон, 1897. — Т. XXI. — С. 138–142.
  3. Никон (1605-1681) // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 25 лютага 2017.
  4. сёмы, калі лічыць пастаўленага Лжэдзмітрыем I Патрыярха Ігнація
  5. У арыгінале тытул гучыць як царк.-слав: Божиею милостию великий господин и государь, архиепископ царствующаго града Москвы и всеа великия и малыя и белыя Росии и всеа северныя страны и помориа и многих государств Патриарх.
  6. О национальности Патриарха Никона
  7. Карташев А. В. История Русской церкви. Том второй
  8. Патриарх Никон Архівавана 9 ліпеня 2011. // Костомаров Н. И. Русская история в жизнеописаниях её главнейших деятелей
  9. Знаменский П. В. История Русской церкви Архівавана 7 красавіка 2010.
  10. См. Житие Преподобного Елеазара Анзерского
  11. Цит. по Н. И. Кореневский. Церковные вопросы в Московском государстве в половине XVII в. и деятельность Патриарха Никона // Русская история в очерках и статьях под редакцией профессора М. В. Довнар-Запольского. Киев, 1912, Т. III, стр. 46.
  12. Саборнае пасланне, падпісанае патрыярхам Паісіем і яшчэ 24 іерархамі сцвярджала: «Не трэба думаць, быццам скажаецца наша праваслаўная вера, калі хто-небудзь мае чынапаследаванне, якое некалькі адрозніваецца ў рэчах неістотных і не ў членах веры, калі толькі ў галоўным і важным захоўваецца згода з кафалічнай царквой».
  13. Да Нікана гэтым тытулам карыстаўся патрыярх Філарэт як бацька цара Міхаіла Фёдаравіча
  14. Ограничение привилегий церкви в Соборном Уложении 1649 года Архівавана 13 красавіка 2014.
  15. Юхименко Е. М.Мемориальные вещи и автографы Патриарха Никона в музейных и архивных собраниях
  16. Паісій Лігарыд — мітрапаліт Газы, адлучаны ад Царквы к часу падзей маскоўскага Сабора, прыхільнік каталіцтва. Аднак ён меў аўтарытэт у цара за сваю вучонасць.
  17. К. В. Акинин Большая глава Воскресенского собора по описи 1685 г., опубликованной архимандритом Леонидом.
  18. Згодна з гэтымі звесткамі, патрыяршыя прастолы меркаваліся ў Ноўгарадзе, Казані, Астрахані і Табольску.
  19. Былі пасланы значныя грашовыя сродкі ўсходнім патрыярхам, пад выглядам міласціны.
  20. Гэта можа зрабіць толькі памесны сабор Рускай царквы.
  21. Деяния Великого Московского Собора 1666-67 года.
  22. Вести. Ру — Прах патриарха Никона исчез из саркофага в Новом Иерусалиме
  23. Святейший Патриарх Алексий принял участие в открытии памятника Патриарху Никону / Новости / Патриархия.ru

Літаратура

  • Иван Шушерин Известие о рождении и воспитании и житии святейшего Никона, патриарха Московского и всея России // Патриарх Никон — протопоп Аввакум. М., 1997.
  • Зызыкин М. В. Патриарх Никон. Его государственные и канонические идеи. Варшава, 1931—1938. Т. I—III.
  • Каптерев Н. Ф. Патриарх Никон и царь Алексей Михайлович. Т. 1—2 М., 1996.
  • Субботин Н. И. Дело патриарха Никона Архівавана 17 красавіка 2019.. М., 1862.
  • Лифшиц А. Л. Документы о поставках продовольствия и других запасов ссыльному Патриарху Никону в Ферапонтов монастырь // Вестник церковной истории. 2010. № 1—2 (17—18). С. 5—16.
  • Патриарх Никон: трагедия русского раскола (сборник статей). М.: ДАРЪ, 2006 г. ISBN 5-485-00069-X.
  • Петр (Алексеев), протоиерей. Всеподданнейшее письмо протоиерея Алексеева к императору Павлу Петровичу Архівавана 3 кастрычніка 2019. // Русский архив, 1863. — Вып. 8/9. — Стб. 697—707. — Под загл.: Рассказ Петра Великого о патриархе Никоне.
  • Царь Алексей Михайлович и патриарх Никон. М.: Музеи Московского Кремля, 2006 г. ISBN 5-901685-89-X.
  • Севастьянова С. К. Переписка патриарха Никона с иконийским митрополитом Афанасием // Древняя Русь. Вопросы медиевистики. 2004. № 3(17). С. 87—97.
  • Богданов А. П. Патриарх Никон // Вопросы истории. № 1. 2004. С. 51—117.
  • «Патриарх Никон. Рожденный на земле Нижегородской». Н. Новгород: РИДО, 2007. Составители архим. Тихон (Затёкин), О. В. Дёгтева и др.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.