Ніжненямецкая мова
Саманазва Plattdüütsch, Nedderdüütsch
Краіны Германія, Нідэрланды, Данія, Бразілія, ЗША, Канада
Рэгіёны Паўночная Еўропа, у меншай ступені — Амерыка
Афіцыйны статус
Агульная колькасць носьбітаў
  • 5 000 000 чал.
Класіфікацыя
Катэгорыя Мовы Еўразіі

Індаеўрапейская сям'я

Пісьменнасць лацініца
Моўныя коды
ISO 639-1
ISO 639-2 nds
ISO 639-3 nds
WALS lge
Ethnologue nds
IETF nds
Glottolog lowg1239
Вікіпедыя на гэтай мове
Ніжненямецкія дыялекты на карце Еўропы (лічбы 1 — 10)

Ні́жненяме́цкая мова (саманазва: Plattdüütsch, Nedderdüütsch) — мова інгвеонскай падгрупы[1] заходнегерманскай групы германскай галіны індаеўрапейскай моўнай сям'і, распаўсюджаная пераважна на поўначы Германіі і ўсходзе Нідэрландаў. Паходзіць ад ранняе формы старажытнасаксонскае мовы. Колькасць носьбітаў — прыкладна 5 млн чал.

Гістарычна тэрыторыя распаўсюджання ніжненямецкае мовы ўключала ў сябе сучасныя поўнач Польшчы, Калінінградскую вобласць Расіі і частку паўднёвае Літвы, аднак носьбіты мовы з гэтых рэгіёнаў былі выселены па заканчэнні Другой сусветнай вайны. Ніжненямецкая мова была таксама мовай нямецкіх супольнасцей краін Балтыі.

Ніжненямецкая мова была лінгва-франка Ганзейскага саюза і аказала значны ўплыў на мовы скандынаўскае групы германскае галіны (нарвежская, шведская, дацкая, фарэрская, ісландская мовы).

Геаграфія

Еўропа

Ніжненямецкая мова ў Еўропе распаўсюджана галоўным чынам у паўночна-ўсходніх рэгіёнах Нідэрландаў і поўначы Нямеччыны.

Дыялекты ніжненямецкае мовы былі шырока распаўсюджаныя ў радзе рэгіёнаў паўночнае Германіі, такіх як Ніжняя Саксонія, Паўночны Рэйн — Вестфалія, Шлезвіг-Гольштэйн, Мекленбург — Пярэдняя Памеранія, Саксонія-Анхальт, Брандэнбург, у якіх распаўсюджана і зараз, аднак у значна меншай ступені. Разам з гэтым, у арэал распаўсюджання ніжненямецкае мовы традыцыйна ўваходзяць паўночныя часткі Хесэна ды Цюрынгіі. Гістарычна мова бытавала у Польшчы і Балтыі, а таксама ў Берліне, аднак у Польшчы і Балтыі носьбіты былі пераселены ў выніку пасляваенных дэпартацый, у Берліне — зніклі з прычыны ўрбанізацыі і ўніфікацыі нацыянальнае палітыкі ў дзяржаве.

Акрамя гэтага, пэўная частка носьбітаў назіраецца сярод невялікае колькасці недэпартаваных немцаў паўночнага ўсходу Польшчы і ваколіц мястэчка Бранева (поўнач Польшчы, ля мяжы з Расіяй), носьбіты ніжненямецкае мовы таксама пражываюць на поўдні Ютландыі, што ў Даніі.

За межамі Еўропы

Існуюць імігранцкія ніжненямецкія супольнасці, якія на цяперашні момант пражываюць у краінах заходняга паўшар'я: у Канадзе, ЗША, Мексіцы, Белізе, Венесуэле, Балівіі, Аргенціне, Бразіліі, Парагваі і Уругваі. У некаторых з гэтых краін ніжненямецкая мова з'яўляецца часткай рэлігіі ды культуры менанітаў — аднае з пратэстанцкіх дэнамінацый, члены якой у значнай колькасці пражываюць таксама і ў краінах Амерыкі. Гэтыя перасяленцы паходзяць у асноўным ад нідэрландскіх пасяленцаў, якія спярша пасяліліся ў рэгіёне Віслы ў XVIXVII стагоддзях, у канцы XVIIIХІХ стагоддзяў перасяліліся на тэрыторыі тагачаснай Расійскай імперыі, а ў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя заснавалі паселішчы ў Амерыцы.

Выжыванне мовы ў гэтых рэгіёнах знаходзіцца пад пагрозай. Тым не менш, мову выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці менаніты Канады, менаніты захаду штата Нью-Ёрк (ЗША) практыкуюць памятныя сустрэчы, а нашчадкі нямецкіх перасяленцаў у Бразіліі нават захоўваюць своеасаблівы гонар адносна сваёй рэлігійнай спадчыны ды культуры.

Назва

Носьбіты ніжненямецкае мовы ў Нямеччыне звычайна называюць сваю мову словамі Plattdüütsch або Nedderdüütsch. Нідэрландскія носьбіты мовы звычайна абазначаюць сваю мову plat альбо словам, адпаведным сваёй вёсцы, мястэчку ці рэгіёну.

Афіцыйна ў Германіі мова пазначаецца тэрмінам Niederdeutsch (літаральна бел.: «ніжненямецкая»), у Нідэрландах — Nedersaksisch (літаральна бел.: «ніжнесаксонская»). Лінгвістычныя школы Нямеччыны выкарыстоўваюць тэрміны Plattdeutsch і Niederdeutsch, у той час як лінгвісты Нідэрландаў ужываюць тэрміны Platduits і Nedersaksisch. У дацкай мове для пазначэння мовы выкарыстоўваюцца прыметнікі Plattysk, Nedertysk ці, радзей, Lavtysk.

Ніжненямецкую мову менанітаў звычайна называюць Plautdietsch (англійская, нямецкая, нідэрландская літаратура, уласна саманазва).

Беларускі тэрмін ніжненямецкая з'яўляецца складаным прыметнікам і змяшчае корань ніжне-, які ўказвае на лінгвістычнае і геаграфічнае супрацьпастаўленне ніжненямецкае мовы верхненямецкім гаворкам, распаўсюджаным значна паўднёвей — у паўднёвай Германіі, Аўстрыі і Швейцарыі[2].

Існуе гутарковы тэрмін Platt, якім пазначаюцца абедзве групы ніжненямецкіх дыялектаў і наогул любыя не-нямецкія ідыёмы. Гэтае слова ў асноўным выкарыстоўваецца ў паўночнай і заходняй Нямеччыне, аднак лічыцца некарэктным з лінгвістычнага погляду[3].

Моўны код для мовы паводле ISO 639-2 утвораны ад тэрміна nedersaksisch і мае выгляд nds (нададзены ў траўні 2000 года).

Пад тэрмінам ніжненямецкая мова ў заходняй лінгвістычнай літаратуры могуць мець на ўвазе любыя заходнегерманскія дыялекты, у якіх не адбылося верхненямецкае перасоўванне зычных, і якія пры гэтым нельга класіфікаваць як ніжнефранконскія або англа-фрызскія. Гэтае мноства дыялектаў і апісваецца ў дадзеным артыкуле. Тым не менш, тэрмін ніжненямецкая мова можа мець шырэйшы сэнс — пад гэтым тэрмінам могуць разумець значную частку заходнегерманскіх моў і дыялектаў, у якіх няма верхненямецкага перасоўвання зычных, і якія пры гэтым не могуць быць класіфікаваныя як англа-фрызскія, праз што тэрмін уключае яшчэ і ніжнефранконскія дыялекты Германіі (але без ніжнефранконскіх дыялектаў Нідэрландаў, такіх як галандская (нідэрландская) мова).

Статус

Лінгвістычны

Пытанне пра статус ніжненямецкае мовы, як самастойнай мовы ці дыялекту нямецкае альбо нідэрландскае мовы, заставалася ў лінгвістыцы прадметам дыскусій.

У лінгвістыцы выказваліся, сярод іншага, аргументы на карысць статусу ніжненямецкіх гаворак як дыялектаў нямецкае мовы[4][5]. Гэтыя тэзісы засноўваліся не на лінгвістычных, а на грамадска-палітычных аргументах, праз што мова лічылася псеўдадыялектызаванай абштанд-мовай (Abstandsprache)[заўв 1].

У адрозненне ад гэтых тэзісаў, старажытнасаксонская і сярэдненіжненямецкая (мова-продак ніжненямецкай) мовы звычайна лічацца асобнымі мовамі. З XVIII ст. заняпад ніжненямецкай мовы ўзмацніўся, і яна пачала размывацца пад уплывам верхненямецкае і нідэрландскае мовы ад таго, што носьбіты ўсё больш страчвалі здольнасць размаўляць на ранейшай, уласна ніжненямецкай форме мовы.

Афіцыйны

Па просьбе ўрада нямецкай федэральнай зямлі Шлезвіг-Гольштэйн урад Германіі надаў ніжненямецкай мове статус рэгіянальнай. Афіцыйныя ўстановы ў Шлезвіг-Гольштэйне абавязаныя прымаць заявы на ніжненямецкай мове нароўні са стандартнай нямецкай[6]; пры гэтым, вярхоўны федэральны суд Германіі абавязаў у асобным выпадку забеспячэнне абслугоўвання на ніжненямецкай нават у Мюнхене — горадзе, які не знаходзіцца ўнутры ніжненямецкага моўнага арэала.

З 1999 года ніжненямецкая мова прызнана як рэгіянальная мова ўрадамі Германіі і Нідэрландаў паводле Еўрапейскай хартыі рэгіянальных моў. Тым не менш, артыкул 1а Хартыі не прадугледжвае падобны статус для дыялектаў афіцыйных моў (у выпадку, калі лічыць ніжненямецкую дыялектам нямецкай). Прыхільнікі развіцця ніжненямецкае мовы лічаць, што падобнае рашэнне стане штуршком для прызнання ніжненямецкай мовы, як асобнай мовы, і дапаможа пашырыць галіны ўжывання мовы[7].

Класіфікацыя і роднасныя мовы

Лінія Бенрата.

З лінгвістычнага погляду ніжненямецкая мова належыць да заходнегерманскага дыялектнага кантынуума.

На захадзе ніжненямецкая мова паступова пераходзіць у ніжнефранконскія дыялекты, у якіх ёсць два канчаткі множнага ліку ў адрозненне ад аднаго канчатка множнага ліку ў ніжненямецкай. На поўдні арэал ніжненямецкае мовы мяжуе з сярэдненямецкай дыялектнай групай верхненямецкіх дыялектаў (моў/ідыёмаў), у якіх, у адрозненне ад ніжненямецкай, адбыўся працэс перасоўвання зычных. Гэты падзел грунтуецца на т.зв. лініі Бенрата, якая з'яўляецца ізаглосай makenmachen і аддзяляе ніжненямецкія дыялекты ад верхненямецкіх. На ўсходзе ніжненямецкая мова мела мяжу з кашубскай мовай, а па заканчэнні Другой сусветнай вайны і засяленні захаду сучаснае Польшчы палякамі — цяпер і з польскай. На поўначы і паўночным захадзе арэал ніжненямецкае мовы мяжуе з фрызскімі і дацкай мовамі, пры гэтым, гістарычна ніжненямецкая мова аказала моцны ўплыў на фрызскія мовы, значна скараціўшы арэал іх распаўсюджвання (у прыватнасці, ніжненямецкая мова геаграфічна поўнасцю акружае затэрландскую фрызскую мову). Дыялекты ніжненямецкае мовы гэтых рэгіёнаў маюць значны фрызскі субстрат.

Некаторыя даследчыкі класіфікуюць ніжненямецкую мову як мову ў складзе інгвеонскае падгрупы разам з англійскай, фрызскімі мовамі і мовай скотс, аднак большая частка лінгвістаў не ўключае ніжненямецкую мову ў склад гэтых моў (якія часта называюцца англа-фрызскімі) з прычыны наяўнасці ў ніжненямецкай толькі невялікае часткі адметных інгвеонскіх рыс: напрыклад, у ніжненямецкай мове толькі ў частцы дыялектаў рэалізавалася правіла насавых спірантаў (згодна з якім, у шэрагу слоў англа-фрызскіх моў выпаў гук /n/) і поўнасцю адсутнічае палаталізацыя гука /k/ на ўзор англа-фрызскіх (параўн. ніжненямецкае Kees/Kaise, нямецкае Käse, нідэрландскае kaas з фрызскім tsiis і англійскім cheese).

Дыялекталогія

Ніжненямецкая мова характарызуецца выразнай дыялектнай раздробненасцю. Група дыялектаў ніжненямецкае мовы Нідэрландаў звычайна вылучаецца асобна і мае назву ніжнесаксонскія дыялекты Нідэрландаў.

Дыялекты Германіі

  • Заходненіжненямецкая (ніжнесаксонская) група дыялектаў:
    • Усходнефрызскі дыялект (не блытаць з усходнефрызскай мовай);
    • Паўночнаніжнесаксонскі дыялект;
    • Вестфальская мова (дыялект/ідыём);
    • Остфальскі дыялект.
  • Усходненіжненямецкая група дыялектаў:
    • Марска-брандэнбургскі дыялект;
    • Мекленбургска-пярэднепамеранскі дыялект;
    • Сярэднепамеранскі дыялект;
    • Усходнепамеранскі дыялект;
    • Ніжнепрускі дыялект (не блытаць з прускай мовай, якая ўвогуле не належыць да германскіх моў);
    • Плаўтдытч (нямецка-плацкі дыялект) — ніжненямецкае маўленне менанітаў, часта выкарыстоўваецца дыяспарай.

Дыялекты Нідэрландаў

Ніжнесаксонскія дыялекты Нідэрландаў, якія таксама могуць вызначацца як галандскія, уключаюць:

  • Вестэрквартырская група дыялектаў:
    • Калумерпомстэрскі дыялект;
    • Калумерландскі дыялект;
    • Мідагландскі дыялект;
    • Сярэдневестэрквартырскі дыялект;
    • Паўднёвавестэрквартырскі дыялект;
  • Гронінгенская група дыялектаў:
    • Хогеландстэрскі дыялект;
    • Стадсгронінгенскі дыялект;
    • Вестэрвольдскі дыялект;
    • Веэнкаланіяльскі дыялект;
    • Олдамбтстэрскі дыялект;
  • Стэлінгверфскі дыялект;
  • Сярэднедрэнцкі дыялект;
  • Паўднёвадрэнцкі дыялект;
  • Твенцкі дыялект;
  • Твенцка-граафшапскі дыялект;
  • Гелдэрс-оверыйсэльская група дыялектаў:
    • Ахтэрхоекскі дыялект;
    • Саландскі дыялект;
    • Уркерскі дыялект;
  • Велуўскі дыялект;
    • Усходняя, заходняя гаворкі.

Гісторыя

Старажытнасаксонскі перыяд

Гісторыя развіцця ніжненямецкае мовы пачынаецца з перыяду існавання старажытнасаксонскае мовы, таксама вядомай як старажытнаніжненямецкая. Задакументаваны перыяд існавання мовы цягнецца з ІХ да ХІІ стагоддзя, калі пачынаецца перыяд існавання сярэдненіжненямецкае мовы. Носьбіты гэтае мовы былі вядомыя як саксы, якія жылі на паўночна-заходнім узбярэжжы Нямеччыны і ў Даніі. Гэтая мова была цесна звязана са старажытнафрызскай і стараанглійскай мовамі, яе часткова закрануў працэс узнікнення правіла насавых зычных інгвеонскіх моў. На гэтай мове захавалася параўнальна невялікая частка пісьмовых тэкстаў.

Сярэдненіжненямецкі перыяд

Сярэдненіжненямецкая мова з'яўляецца непасрэдным продкам сучаснай ніжненямецкай мовы. Перыяд яе існавання адзначаецца прыкладна ХІІXVI стагоддзямі. Гэтая мова ўтварала дыялектны кантынуум з іншымі заходнегерманскімі мовамі — сярэднегаландскай на захадзе і сярэдневерхненямецкай на поўдні, якая пазней развілася ў ранненоваверхненямецкую мову. Сярэдненіжненямецкая мова была лінгва-франка Ганзейскага саюза і была распаўсюджана па ўсім узбярэжжы Паўночнага і Балтыйскага мораў. Развілася літаратурная мова на аснове гаворкі Любека, якая, аднак, так і не была кадыфікавана.

Сучасны перыяд

Па заканчэнні існавання Ганзейскага саюза пачаўся заняпад ніжненямецкае мовы, які паскорыла распаўсюджванне адукацыі ў Нямеччыне ў ХІХХХ стагоддзях.

У пачатку ХХ ст. нідэрландскія даследчыкі спрабавалі аргументаваць, што выкарыстанне дыялектаў перашкаджае вывучэнню літаратурнае дзяржаўнае мовы, з-за чаго зносіны на ніжненямецкай не рэкамэндаваліся. Тым не менш, многія бацькі працягвалі размаўляць са сваімі дзецмі па-ніжненямецку, бо яны звычайна не валодалі нідэрландскай, а рэгіёны іх пражывання (усход Нідэрландаў) эканамічна былі слаба звязаныя з цэнтральнай часткай краіны, на дыялектах якой заснаваная літаратурная нідэрландская мова. Да сярэдзіны XVIII ст. сярэдненіжненямецкая таксама з'яўлялася афіцыйнай мовай спачатку Кальмарскай уніі, а па яе распадзе — Швецыі і Даніі-Нарвегіі.

З пашырэннем адукацыі і міжрэгіянальных зносін сярод насельніцтва ніжненямецкія (ніжнесаксонскія) дыялекты Нідэрландаў скарацілі сферу свайго ўжывання, што асабліва выразна праявілася ў гарадах ніжнесаксонскіх абласцей Нідэрландаў. Тым не менш, для жыхароў гэтых рэгіёнаў, якія нарадзіліся да 1980-х гадоў, адзін з ніжнесаксонскіх дыялектаў часта быў родным. З сярэдзіны 1970-х гадоў і далей пачалі атрымліваць папулярнасць музычныя гурты і выканаўцы, якія складалі свае песні на ніжнесаксонскіх дыялектах.

У сучасных Германіі ды Нідэрландах прыкладаюцца намаганні па абароне ніжненямецкае мовы ў якасці рэгіянальнай. Па некаторых падліках, ніжненямецкія дыялекты ў стане разумець прыкладна 10 млн чал., 3 млн чал. на поўначы Нямеччыны лічаць мову роднай. Большасць гэтых носьбітаў жывуць у сельскай мясцовасці і звычайна з'яўляюцца людзьмі пажылога ўзросту. У Нідэрландах распаўсюджанне ніжненямецкае мовы шырэйшае: так, напрыклад, паводле даследаванняў 2005 года, у гістарычным рэгіёне Твентэ, што на ўсходзе Нідэрландаў, 62% насельніцтва выкарыстоўвае ніжнесаксонскія дыялекты штодня, амаль 75% — на рэгулярнай аснове.

Лінгвістычная характарыстыка

Фанетычныя змены

Як і англа-фрызскія і скандынаўскія мовы, ніжненямецкая мова не зазнала перамяшчэння зычных на ўзор верхненямецкіх дыялектаў, акрамя старажытнага пераходу /ð/ у /d/, з гэтае прычыны вялікая частка ніжненямецкае мовы мае фанетычныя падабенствы з англійскай мовай. Тым не менш, існуюць адрозненні, такія як аглушэнне шумных зычных у канцы слоў, што адлюстравана ніжэй на прыкладзе слоў «добры» і «вецер». Падобная асаблівасць уласцівая таксама галандскай ды нямецкай мовам, у якіх дадаткова адлюстроўваецца пазіцыйная нейтралізацыя супрацьпастаўлення звонкіх і глухіх шумных у складзе (то бок, адбываецца пераход t = d у канцы склада). Гэтая з'ява не адсочваецца ў англійскай, акрамя графства Ёркшыр, дзе гэты пераход вядомы як Ёркшырская асіміляцыя[8].

У табліцы ніжэй прыведзена адлюстраванне перасоўвання зычных у ніжненямецкай на прыкладзе параўнання некаторых слоў з іх аналагамі ў некаторых іншых германскіх мовах, дзе падобныя зрухі адбыліся, і з тых германскіх моў, у якіх не адбылося падобных працэсаў.

Прагерманская
мова
Верхненямецкая
мова
Ніжненямецкая
мова
Галандская
мова
Англійская
мова
Нямецкая
мова
Заходнефрызская
мова
Шведская
мова
kchmaken, moaken, maakenmakenmakemachenmeitsjemaka (архаізм)
kkKerl («хлопец»)kerelchurlKerl[заўв 2]tsjirl (архаізм)karl
dtDag, DachdagdayTagdeidag
tsseten, äteneteneatesseniteäta
tz (/t͡s/)teihn, tiantientenzehntsientio
ttz, z (/t͡s/)sittenzittensitsitzensittesitta
pf, ffSchipp, ScheppschipshipSchiffskipskepp[заўв 3]
ppfPeper, PäpapeperpepperPfefferpiperpeppar
βbWief, Wiewerwijf, wijven[заўв 4]wife, wivesWeib, Weiber[заўв 5]wiif, wivenviv[заўв 6]

Граматыка

З агульнага пункта гледжання ніжненямецкая мова мае шмат падабенстваў з граматыкамі нідэрландскай, заходнефрызскай, англійскай моў і мовы скотс, аднак дыялекты паўночнай Германіі падзяляюць некаторыя рысы і з нямецкай мовай, асабліва ў галіне сінтаксісу і лексікі.

  • Назоўнік:

У назоўніку ніжненямецкае мовы адзначаюцца толькі два марфалагічна маркіраваныя склоны. Пры гэтым, давальны і вінавальны склоны разам утвараюць ускосны склон, родны склон страчаны наогул. Ніжэй прыведзеныя прыклады маркіравання склонаў на ўзоры слоў Boom («дрэва»), Bloom («кветка»), Land («зямля [рэгіён]»):

МужчынскіЖаночыНіякі
АдзіночныМножныАдзіночныМножныАдзіночныМножны
Назоўны een Boom, de BoomBööm, de Böömeen Bloom, de BloomBlomen, de Blomeneen Land, dat LandLannen, de Lannen
Ускосны een Boom, den BoomBööm, de Böömeen Bloom, de BloomBlomen, de Blomeneen Land, dat LandLannen, de Lannen

У большасці сучасных дыялектаў ніжненямецкае мовы назоўны і ўскосны склоны адрозніваюцца пераважна ў назоўніках мужчынскага роду адзіночнага ліку. У некаторых дыялектах (напрыклад, менаніцкім) таксама адрозніваецца і родны склон: мужчынскі пэўны паказчык de мяняецца на dän. У адрозненне ад ніжненямецкай, нямецкая мова адрознівае чатыры склоны: назоўны, родны, давальны і вінавальны. Пэўны артыкль назоўніка мужчынскага роду адзіночнага ліку можа мець формы адпаведна der, des, dem і den, што, такім чынам, паказвае больш разнастайную сістэму склонаў у нямецкай у адрозненне ад ніжненямецкай.

  • Дзеяслоў:

Ніжненямецкі дзеяслоў можа адрознівацца паводле асобы, ліку і часу. Паводле асобы можа адрознівацца толькі дзеяслоў у адзіночным ліку. З часоў, па якіх можа змяняцца дзеяслоў у ніжненямецкай, вылучаюцца цяперашні, прэтэрыт, перфект і плюсквамперфект, а ў менаніцкай ніжненямецкай — яшчэ цяперашні перфект (напр., фраза Ekj sie jekomen азначае прыход апавядальніка і яго заставанне на месцы прыходу. З-за адсутнасці ў беларускай мове падобнага часу, яго можна перакласці толькі прыблізна — «я прыйшоў»).

Прыклад змянення дзеясловаў у ніжненямецкай мове на ўзоры дзеяслова slapen («спаць»).

Цяперашні
час
ПрэтэрытПерфект
АдзіночныМножныАдзіночныМножныАдзіночныМножны
1-я асоба ik slaapwi slaapt/slapenik sleepwi slepenik hebb slapenwi hebbt/hebben slapen
2-я асоба du slöppstji slaapt/slapendu sleepstji slependu hest slapenji hebbt/hebben slapen
3-я асоба he, se, dat slöpptse slaapt/slapenhe, se, dat sleepse slepenhe, se, dat hett slapense hebbt/hebben slapen

У адрозненне ад галандскай, нямецкай і паўднёвых дыялектаў ніжненямецкае мовы, у паўночных ніжненямецкіх дыялектах дзеепрыметнік утвараецца без прыстаўкі ge- як у скандынаўскіх, заходнефрызскай і англійскай мовах. У некаторых выпадках ge- можа не выкарыстоўвацца ў дыялектах на поўдзень ад Гронінгена.

Акрамя гэтага, дзеяслоў мае 26 афіксаў.

Як і ў галандскай мове, ніжненямецкая мова мае працяглую форму дзеясловаў у цяперашнім часе. Яна ўтвараецца з дапамогаю дзеяслова ween («быць»), прыназоўнікаў an і dat:

НіжненямецкаяГаландскаяАнглійская
Галоўная
форма
Ik bün an't Maken.Ik ben aan het maken.I am making.
Галоўная
форма 2
Ik do maken.[заўв 7]--
Альтэрнатыўная
форма
Ik bün an'n Maken.[заўв 8]Ik ben aan het maken.-
Альтэрнатыўная
форма 2
Ik bün maken.[заўв 9]Ik ben makende.I am making.

Фаналогія

  • Галосныя:

Ніжэй прыведзена кароткае апісанне гукавога ладу ніжненямецкае мовы на прыкладзе плацкага дыялекту.

Абазначэнне
(паводле IPA)
АпісаннеПрыклад
у слове
Монафтонгі
i~iːНеагублены галосны
пярэдняга рада верхняга пад'ёму
hia
ɪНенапружаны неагублены
галосны
пярэдняга рада верхняга пад'ёму
Kjint
ɛНеагублены галосны
пярэдняга рада сярэдне-ніжняга пад'ёму
met
æНенапружаны галосны
пярэдняга рада ніжняга пад'ёму
Kjoakj
ɒАгублены галосны
задняга рада ніжняга пад'ёму
Gott
ʊНенапружаны агублены
галосны
задняга рада верхняга пад'ёму
Bock
yАгублены галосны
пярэдняга рада верхняга пад'ёму
Hüs
ʌ~ɐНеагублены галосны
задняга рада сярэдне-ніжняга пад'ёму;
ненапружаны галосны
сярэдняга рада ніжняга пад'ёму
Lost
ɜ~ɜːНеагублены галосны
сярэдняга рада сярэдне-ніжняга пад'ёму
ferhäa
əШва
(сярэдняга рада ніжняга пад'ёму)
schmäare
eНеагубленая галосная
пярэдняга рада верхняга пад'ёму
Tän

У адрозненне ад нямецкае мовы, у ніжненямецкай адсутнічаюць галосныя /ɛː, yː, œ, øː/, у многіх дыялектах таксама /ʏ/. Маюцца дыфтонгі /ɔɪ, ɔʊ, yə/ і дыфтангічныя спалучэнні з вакалізаваным r: /iɐ, eɐ, oɐ, uɐ/ і г.д. Захоўваюцца старажытныя германскія ē, ō. Монафтангізуюцца ai, au (ням. Baum «дрэва», але ніжн.-ням. Bom), захоўваюцца вузкія доўгія галосныя.

  • Зычныя:

Ніжненямецкая мова не мае адзінага набору зычных гукаў. Ніжэй прыведзены склад зычных гукаў паўночна-заходніх гаворак ніжнесаксонскіх дыялектаў[9]:

Лабіяльныя Альвеалярныя Постальвеалярныя Палатальныя Глатальныя
Выбухныя p b t d k ɡ
Фрыкатывы f v s z ʃ x ɣ h
Насавыя m n ŋ
Апраксіманты r l

Адсутнічаюць афрыкаты, увулярнае r, у большасці дыялектаў — палатальнае /ç/, маецца аналагічнае беларускаму /ɣ/. У менаніцкім дыялекце адзначаецца поўны палатальны рад /c, ɟ, ç j, ɲ/. Выпадзенне ў шэрагу слоў насавых спірантаў (гл. вышэй) з наступным падаўжэннем галоснай.

Пісьменнасць

Ніжненямецкая мова выкарыстоўвае пісьменнасць на лацінскай аснове. Ніжненямецкая пісьменнасць адрозніваецца адсутнасцю агульнапрынятых арфаграфічных норм: носьбіты мовы ў Нідэрландах выкарыстоўваюць пісьменнасць на аснове галандскай арфаграфіі, у Германіі — на аснове нямецкай.

Існуе варыянт адзінай арфаграфіі, распрацаваны арганізацыяй Sass. Гэты варыянт выкарыстоўваецца ў сучасных афіцыйных выданнях і інтэрнэт-сайтах, у тым ліку ў ніжненямецкім раздзеле Вікіпедыі.

Разнастайнасць у арфаграфічных сістэмах выклікана шматвяковай адсутнасцю афіцыйнага ўжытку і геаграфічнай адасобленасцю. Розная арфаграфія стала адным з фактараў падзелу носьбітаў мовы. Большасць гэтых арфаграфічных сістэм засноўваюцца на фанематычным, а не этымалагічным прынцыпе. Акрамя таго, некаторыя пісьменнікі дазваляюць сабе адхіленні ад гэтых арфаграфій.

У 2011 некаторыя ўдзельнікі раздзела Вікіпедыі на ніжнесаксонскіх дыялектах Нідэрландаў распрацавалі свой асаблівы правапіс, як кампрамісны варыянт для ўсіх ніжнесаксонскіх дыялектаў, аднак паўафіцыйныя арганізацыі-рэгулятары гэтых дыялектаў ці не прынялі гэтую сістэму, ці адзначылі, што, на іх думку, яшчэ адна арфаграфічная сістэма скарэй больш заблытае ніжнесаксонскіх пісьменнікаў, чым задаволіць іх. Тым не менш, новая арфаграфія ўстаноўлена ў раздзеле Вікіпедыі па-ніжнесаксонску.

Заўвагі

  1. Неперакладаны тэрмін, якім пазначаюць ідыём, які структурна дастаткова адрозніваецца ад мовы, каб лічыцца асобнай мовай.
  2. Запазычанне з ніжненямецкай.
  3. З XVII ст. вымаўляецца праз /ʃ/.
  4. Чаргаванне Wief-wijf не з'яўляецца семантычным, гэтыя словы з'яўляюцца кагнатамі — словамі розных моў, якія маюць адзін корань, паходжанне і гучанне як мінімум у дзвюх самастойных мовах. Значэнні гэтых слоў у некаторых мовах змяніліся з цягам часу: словы wijf, Weib, viv маюць архаічнае значэнне ў нямецкай і шведскай адпаведна і прыніжальнае — у галандскай. На цяперашні час правільнымі адпаведнікамі для паняцця «жонка» ў галандскай, нямецкай, шведскай з'яўляюцца vrouw, Frau, fru адпаведна. У англійскай мове не існуе адпаведнага слова-кагната з вышэйназванымі словамі, аднак ёсць у старажытнаанглійскай — frōwe.
  5. Гл. папярэднюю зноску.
  6. Гл. папярэднюю зноску.
  7. Замест форм to wesen, wean («быць») для маркіравання цяперашняга працягнутага часу ў ніжнесаксонскіх дыялектах выкарыстоўваецца форма doon («рабіць»).
  8. 'n — гутарковая форма.
  9. Лічыцца архаізмам.

Зноскі

  1. Friedrich Maurer. Nordgermanen und Alemannen: Studien zur germanischen und frühdeutschen Sprachgeschichte, Stammes- und Volkskunde. — Strasbourg: Hünenburg, 1942.
  2. Напрыклад, паводле азначэння Оксфардскага слоўніка англійскае мовы.
  3. Архіўная копія (ням.)(недаступная спасылка). Universität Augsburg (8 студзеня 2011). Архівавана з першакрыніцы 1 лютага 2012. Праверана 19 сакавіка 2015.
  4. Sanders, W. Sachsensprache — Hansesprache — Plattdeutsch. Sprachgeschichtliche Grundzüge des Niederdeutschen. — Göttingen, 1982.
  5. J. Goossens. Niederdeutsche Sprache. Versuch einer Definition / J. Goossens.. — Niederdeutsch. Sprache und Literatur. — Neumünster, 1973. — Т. I.
  6. http://www.schleswig-holstein.de/cae/servlet/contentblob/633574/publicationFile/SprachenchartaberichtDownload.pdf Архівавана 19 ліпеня 2011.
  7. Архіўная копія (ням.)(недаступная спасылка). INS. Архівавана з першакрыніцы 18 студзеня 2007. Праверана 19 сакавіка 2015.
  8. John Wells. Accents of English. — Cambridge University Press, 1981. — С. 366-367.
  9. R.E. Keller. German Dialects. Phonology and Morphology. — Manchester, 1960.

Літаратура

Спасылкі

Wikimedia Incubator
Wikimedia Incubator
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.