Нунівак | |
---|---|
англ. Nunivak | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 4 226,78 км² |
Насельніцтва | 191 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 0,05 чал./км² |
Размяшчэнне | |
60°05′36″ пн. ш. 166°24′59,50″ з. д. | |
Акваторыя | Берынгава мора |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Востраў Нунівак (англ.: Nunivak) — востраў у Берынгавым моры. Адміністрацыйна ўваходзіць у склад штата Аляска ЗША. Плошча - 4226,78 км². Насельніцтва (2010 г.) - 191 чалавек.
Геаграфія
Нунівак — другі па плошчы востраў Берынгава мора. Месціцца ў 33,68 км на захад ад заходняга ўзбярэжжа Аляскі. Даўжыня з захаду на ўсход — 98,65 км. Найбольшая шырыня з поўначы на поўдзень — 75,26 км.
Мае вулканічнае паходжанне. Пачаў фарміравацца каля 6,1 млн гадоў таму. Значную частку вострава складае высокае плато. Налічваецца каля 60 вулканічных конусаў. Найвышэйшы пункт — гара Робертс (510,5 м). Пераважаюць магматычныя горныя пароды і асадкавыя горныя пароды мелавага перыяда. На востраве шмат рэк і азёр. На ўзбярэжжы сустракаюцца пясчаныя выдмы.
Характэрны арктычны клімат, больш мяккі, чым на суседнім кантынентальным узбярэжжы. Сярэдняя зімовая тэмпература -3,9°C, улетку падвышаецца да +21,11°C. З мая да кастрычніка рэкі не пакрыты льдом.
Прырода
Прыродны свет Нунівака характэрны для арктычнай тундры. Сустракаецца некалькі відаў карлікавай вярбы. Іншых дрэў няма. У мінулым востраў вызначаўся вялікім статкам дзікіх карыбу, амаль вынішчаных у XIX ст. У наш час пераважаюць свойскія алені, завезеныя з Аляскі. У 1934 г. інтрадуцыраваны аўцабык. Іншыя прадстаўнікі фаўны: зайцы, курапаткі, цюлені, марскія птушкі. Большая частка вострава Нунівак уваходзіць у склад Нацыянальнага запаведніка Дэльта Юкана.
Гісторыя
Нунівак здаўна населены эскімосамі-юпік, якія фарміруюць этнас нунівагаламіт. Адкрыты ў 1821 г. прадстаўнікамі Руска-амерыканскай кампаніі. Ні рускія, ні амерыканскія гандляры доўгі час не цікавіліся востравам. Зносіны з астравіцянамі мелі спарадычны характар. Толькі ў 1920 г. на Нуніваке была адкрыта прыватная факторыя. У 1923 г. адчынена першая амерыканская школа. У 1936 г. заснавана евангелічная абшчына.
Кантакты з еўрапейцамі цяжка адбіліся на нунівагаламіт. Карыстанне купленай у кітабояў агнястрэльнай зброяй прывяло да хуткага скарачэння статкаў карыбу, з-за чаго пачаўся голад. Для яго пераадолення амерыканскія ўлады ў міжваенны перыяд аказвалі сталую дапамогу харчам і імкнуліся ўкараніць занятак аленегадоўляй. Пры гэтым завезеныя на востраў алені належаць ураду ЗША. У 1919 г. нунівагаламіт пацярпелі ад эпідэміі грыпу, у 1942 г. — ад эпідэміі адзёру. У выніку каля 11 эскімоскіх паселішчаў перасталі існаваць.
У нашы дні востраў кіруецца грамадзянскай радай, што месціцца ў паселішчы Мекарук на поўдні Нунівака. Нунівагаламіт захоўваюць родную мову і многія старажытныя традыцыі, у тым ліку арыгінальную разьбу па касці.