Аграгарадок
Новы Двор
± | ||||||||||||||||||||
Но́вы Двор[1] (трансліт.: Novy Dvor, руск.: Новый Двор) — аграгарадок у Беларусі, у Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Навадворскага сельсавета. Насельніцтва 924 чал. (2003).
Геаграфія
Знаходзіцца за 38 км у напрамку на паўднёвы ўсход ад горада Свіслач[2], каля ракі Мядзянка. Праз Новы Двор пралягае аўтамабільная дарога Р87.
Гісторыя
Першы пісьмовы ўспамін пра Новы Двор датуецца 1409 годам, калі ён знаходзіўся ў валоданні вялікага князя Вітаўта. Паселішча значыцца на мапах 1508, 1613 і 1654 гг. У 1551 годзе праз мястэчка з Кракава ў Вільню праходзіў пахавальны картэж з целам Барбары Радзівіл.
У Трынаццацігадовую вайну (1654—1667) Новы Двор спалілі шведскія войскі. У пачатку снежня 1655 г. непадалёк тутэйшая шляхта атрымала перамогу над маскоўскімі захопнікамі. Прыкладна ў другой палове XVII ст. мястэчка атрымала Магдэбургскае права і герб, пацверджаныя каралямі і вялікімі князямі Янам Казімірам (3 жніўня 1661), Міхалам Карыбутам Вішнявецкім (20 сакавіка 1670), Янам Сабескім, (20 студзеня 1679), Аўгустам Моцным (28 лістапада 1718) і Аўгустам Сасам (14 лістапада 1744).
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Новы Двор апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Ваўкавыскім павеце Гродзенскай губерні. Станам на 1833 год у мястэчку было 90 драўляных будынкаў, дзейнічала царква. З 1860 года існавала царкоўна-прыходская школа. У 1862 адкрылася аднакласнае народнае вучылішча, у 1900 — двухкласнае народнае вучылішча (у 1905 годзе навучаліся 89 хлопчыкаў і 16 дзяўчынак).
13 мая 1863 г. каля Новага Двору адбылася сутычка расійскіх карных войскаў і 40 казакаў з паўстанцамі. Захаваліся імёны сялян з мястэчка Новы Двор, удзельнікаў нацыянальна-вызваленчага паўстання (1863—1864), якіх пазней рэпрэсіравалі ўлады Расійскай імперыі. Сярод іх значацца Франц Ярашэвіч, Восіп Грушэўскі, Франц Раманоўскі, Антон Грушэўскі, Максім Завістоўскі, Фёдар Кулік, Станіслаў Грушэўскі і Міхал Ганчарэвіч[3]. 17 верасня 1867 г. у Новым Двары асвяцілі новую царкву-мураўёўку. Паводле вынікаў перапісу (1897) — 271 двор, праваслаўная царква, сінагога, народнае вучылішча, збожжавы магазін, крама дробнага тавару, 2 млыны, 2 піцейныя дамы.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Новы Двор апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Ваўкавыскім павеце Беластоцкага ваяводства.
У 1939 годзе Новы Двор увайшоў у БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 г. стаў цэнтрам сельсавета. Статус паселішча панізілі да вёскі. Станам на 2003 год тут было 416 двароў.
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1829 — 399 чал., у тым ліку 18 іўдзеяў[4]; 1830 — 216 муж., з іх шляхты 2, духоўнага саслоўя 1, мяшчан-іўдзеяў 18, мяшчан-хрысціян і сялян 195[5]; 1833 — 409 чал. (206 муж. і 203 жан.); 1837 — 714 чал., у тым ліку 49 іўдзеяў; 1886 — 1183 чал. (563 муж. і 620 жан.), у тым ліку 100 іўдзеяў[6]; 1897 — 1481 чал.
- XX стагоддзе: 1901 — 1,2 тыс. чал.; 1905 — 1,4 тыс. чал.[7]; 1912 — 1573 чал.; 1921 — 646 чал., у тым ліку 146 іўдзеяў; 1937 — 1,4 тыс. чал.[8]; 2000 — 987 жыхароў, 381 двор[2].
- XXI стагоддзе: 2003 — 924 чал.
Турыстычная інфармацыя
Памятныя мясціны
- Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Д000478
- Свята-Міхайлаўская царква (1994)
Страчаная спадчына
- Царква Святога Міхаіла Арханёла (1868)
- Сінагога
Вядомыя асобы
- Валерый Георгіевіч Раманоўскі (нар. 1961) — беларускі матэматык.
- Яўгенія Красоўска-Ядлоўска (1910—1986) — дзяржаўны дзеяч, вучоны-філолаг, магістр філасофіі, выкладчык.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- 1 2 Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11.
- ↑ Раманаў С. Пад выявай збройнага арханёла Архівавана 24 кастрычніка 2010. // «Свіслацкая газета», 19 верасня 2009. — C. 4.
- ↑ Nowy Dwór на «Віртуальны Штэтл»
- ↑ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 412.
- ↑ Nowydwór (11) // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat (польск.). — Warszawa, 1886. S. 295.
- ↑ Указатель населенным горадам Гродненской губернии с относящимися к ним необходимыми сведениями. — Гродно, 1905.
- ↑ Karpyza W. Nowy Dwór // «Magazyn Polski» № 1—2, 2000. S. 50.
Літаратура
- Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Новы Двор // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11). — С. 372.
- Раманаў С. Пад выявай збройнага арханёла // «Свіслацкая газета», 19 верасня 2009.
- Nowydwór (11) // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat (польск.). — Warszawa, 1886. S. 295.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Новы Двор (Свіслацкі раён)