Новыя Планы — мясцовасць у Гомелі канца ХІХ — пачатку ХХ ст. Знаходзілася на захад ад лініі Лібава-Роменскай чыгункі, г. зн. на абшары будучага Залінейнага раёна (Залініі).
Праблема лакалізацыі
Суаднясенне Новых Планаў з канкрэтнымі вуліцамі выглядае праблематычным. Спіс гарадскіх выбаршчыкаў па Гомелю 1907 г. дае падству меркаваць, што Новыя Планы знаходзіліся недзе ў прамежку ад залінейнай часткі вуліцы Палескай да Манастырка[1]. Асобныя рэмаркі з таго ж спісу, а таксама паказанні сведак на гомельскім працэсе 1904-1905 гг., указваюць на знаходжанне мясцовасці ў раёне за чыгуначнай станцыяй і майстэрнямі[2][3]. У такім разе гаворка можа весціся пра абшар вуліц Захар’еўскай, Петрапаўлаўскай, Кіеўскай, Паўлаўскай, Маскоўскай, Скобелеўскай, Адэскай, частак Электрычнай і Андрэеўскай[4].
У названым вышэй спісе выбаршчыкаў Новыя Планы фігуруюць у графе «Месцажыхарства» на роўных з вуліцамі астатняга Гомеля. У некаторых выпадках ёсць пазнака нумарацыі дамоў (максімальнае значэнне, якое сустракаецца — №42), указанні, у чыім доме выбаршчык пражывае («д. Трутка», «уласны дом»), іншыя адметнасці («ст. Гомель Нов. пл. за чыгункай»). У спіс было ўключана звыш 580-ці жыхароў Новых Планаў[1].
Розныя факты
- Распараджэннем улад у 1891 г. са Спасавай Слабады на Новыя Планы быў перамешчаны публічны дом Васілісы Круглікоўскай[5].
- У чэрвені 1899 г. ад удара маланкі загарэўся адзін з дамоў, для тушэння якога выязджаў абоз добраахвотнай пажарнай дружыны. З дома быў сарваны дах, зруб абгарэў[6].
- Некаторыя жыхары Новых Планаў удзельнічалі ў сутыкненнях на рэлігійна-нацыянальнай глебе канца жніўня — пачатку верасня 1903 г., у т. л. і ў самой мясцовасці (была разгромлена крамка Штыльмана)[3].
Зноскі
- 1 2 Городские избиратели по гор. Гомелю // Прибавление к №58 офиц. части Могилевских губ. ведомостей от 25 июля 1907 г. — С. 11, 15-18, 21-27, 32-33, 36-37, 39-42, 44-45, 48-49, 51-57, 59, 61-63.
- ↑ Городские избиратели по гор. Гомелю // Прибавление к №58 офиц. части Могилевских губ. ведомостей от 25 июля 1907 г. — С. 41.
- 1 2 Кревер, Б.А. Гомельский процесс : Подробный отчет [сост. Б.А. Кревером по протоколам защитников и отчетам, попадавшимся в журн.: «Право» и «Восход» и в газ.: «Киев. отклики», «Одес. новости», «Рус. сл.», «Новости» и «Правительств. вестн.»] / [Предисл.: М.К.]. — Санкт-Петербург : тип. т-ва «Обществ. польза», 1907. — С. 352, 726.
- ↑ Супастаўлена паводле: Схематический план гор. Гомеля с пригородом за линией железн. дороги и предм. Белицей [на 1913 г.] / Состав. Г. Ханин и А. Месин-Поляков.
- ↑ Пригодич, Н. Кавказские страсти в Гомеле // Правда Гомель. Новостной портал. — 13.03.2014.
- ↑ Отчет Гомельского пожарного общества за 1899. — Гомель: Фридланда, 1900. — С. 25.