Нацыянальная кніжная палата Беларусі была створана ў адпаведнасці з пастановай СНК ССРБ ад 15 верасня 1922 года «Аб зацверджанні Беларускай дзяржаўнай бібліятэкі і абавязковай рэгістрацыі ўсіх твораў друку, якія знаходзяцца ў межах ССРБ».

На першым этапе на Беларускую кніжную палату ўскладаліся функцыі атрымання, рэгістрацыі і размеркавання абавязковых экземпляраў. З’яўляючыся структурным падраздзяленнем бібліятэкі, палата будавала сваю работу ў цесным кантакце з аддзелам беларускай літаратуры і бібліяграфіі.

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 23 верасня 1992 г. Дзяржаўная кніжная палата Рэспублікі Беларусь перайменавана ў Нацыянальную кніжную палату Беларусі.

Асноўнымі накірункамі дзейнасці з’яўляюцца: атрыманне бясплатнага абавязковага экземпляра ўсёй друкаванай прадукцыі, якая выдаецца ў Рэспубліцы Беларусь; кантроль за паўнатой рассылкі; дзяржаўная рэгістрацыя і статыстычны ўлік усёй выдавецкай прадукцыі; стварэнне дзяржаўнай універсальнай бібліяграфічнай інфармацыі — сістэмы паказальнікаў — «Летапісу друку» па ўсіх відах выданняў і рэтраспектывы; стварэнне дзяржаўнага страхавога фонду выданняў на базе абавязковага экземпляра; стандартызацыя ў галіне выдавецкай справы, паліграфіі, кніжнага гандлю, бібліяграфіі; міжнародная дзейнасць.

Асновай, на якой будуецца ўся бібліяграфічная дзейнасць, з’яўляюцца абавязковыя экземпляры друкаваных выданняў, якія атрымлівае Палата ў адпаведнасці з пастановай Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Усе паліграфічныя прадпрыемствы, незалежна ад формы ўласнасці, штодзённа высылаюць бясплатныя экземпляры, колькасць якіх штогод павялічваецца. Дэманапалізацыя выдавецкай дзейнасці пазітыўна спрыяла стварэнню ўмоў для ўзнікнення новых выдавецтваў, выдавецкіх устаноў, колькасць якіх узрасла ў параўнанні з пачаткам 1990-х гадоў ХХ стагоддзя амаль у 20 разоў.

Міжнародная стандартная нумарацыя кніг — важная галіна працы Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі.

Нацыянальнае агенцтва створана ў 1993 г. і з’яўляецца неабходным інструментам для ўсіх выдаўцоў, кнігагандляроў. У сучасны момант нумары ISBN прастаўляюцца не толькі на кнігі і брашуры, якія выдаюцца на традыцыйных носьбітах, але і на асобныя віды электронных выданняў, відэаматэрыялы.

Існуе патрэбнасць у стварэнні Нацыянальнага агенцтва стандартнай нумарацыі серыяльных выданняў ISSN і звязана яна з тым, што вельмі хутка павялічыцца колькасць новых перыядычных выданняў (часопісы, газеты, бюлетэні). Напрыклад, у 1990 г. выдавалася 40 часопісаў, 89 бюлетэняў, 224 газеты, а ў 2001 г. — адпаведна 290, 77, 633. Стварэнне такога агенцтва дасць магчымасць інфармаваць сусветнае супольніцтва аб усіх серыяльных выданнях (часопісы, газеты, бюлетэні), якія выходзяць на тэрыторыі нашай дзяржавы, з іншага боку, у межах праграмы Універсальнага бібліяграфічнага ўліку мы атрымаем магчымасць доступу да баз даных серыяльных выданняў розных краін свету.

Ажыццяўляецца з 1992 г. фарміраванне базы даных аб перакладной літаратуры, якая выдаецца на тэрыторыі Беларусі, звесткі аб выданнях накіроўваюцца ў ЮНЭСКА, якія ў сваю чаргу адлюстроўваюцца ў штогоднім міжнародным паказальніку «Index Translationum».

Літаратура

  • Нацыянальная кніжная палата Беларусі // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. Мн.: БелЭн, 1995. — С. 530. — 800 с. 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.