«Настаўніцкая газета» | |
---|---|
Тып | галіновае выданне |
Заснавальнік | Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь |
Выдавец | Выдавецкі дом «Педагагічная прэса» |
Галоўны рэдактар | К.Э.Дубінская |
Заснавана | 1945 |
Мова | беларуская |
Аб’ём | 16 палос 2 разы на тыдзень |
Галоўны офіс | г. Мінск, Рэспубліка Беларусь |
ISSN | 1994-9146 |
Узнагароды | |
Вэб-сайт | nastgaz.by |
Настаўніцкая газета — выданне асветнікаў Рэспублікі Беларусь.
Заснавальнік і выдавец
Заснавана Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, выдаецца рэдакцыйна-выдавецкай установай «Выдавецкі дом „Педагагічная прэса“».
Перыядычнасць выхаду і тыраж
Выходзіць з 20 снежня 1945 года ў Мінску на беларускай мове (да 1957 года — 1 раз, з 1958 года — 2 разы, з 1998 года — 3 разы на тыдзень). У ліпені 2022 года газета стала выходзіць 2 разы на тыдзень, што значна зменшыла агульны аб’ём выдання.
Гісторыя
Рашэнне пра стварэнне «Настаўніцкай газеты» было прынята на бюро ЦК КП(б) Беларусі 4 верасня 1945 года.
Першы нумар выйшаў 20 снежня 1945 года. У 1945 годзе выйшла 2 нумары (№ 1 і № 2 за 1945 год), якія ў архівах бібліятэк Рэспублікі Беларусь не захаваліся. Экзэмпляр № 2 за 1945 год захаваўся ў фондах Расійскай нацыянальнай бібліятэкі (Санкт-Пецярбург).
Рэдактарам быў прызначаны педагог па адукацыі, партызан-падпольшчык А. Крушынскі (да 1955 года). У наступныя гады галоўнымі рэдактарамі газеты былі М. Дастанка (1955—1968), І. Сіманоўскі (1968—1979), У. Кузьмянкоў (1979—1984, 1986—1987), А. Куліцкі (1985, 1987—2001), А. Гайдук (2001—2007), В. Кнышаў (2007—2009 (выканаўца абавязкаў галоўнага рэдактара), 2010 — верасень 2021 (галоўны рэдактар)).
Галоўнай праблемай, якую на пачатку свайго існавання вырашала «Настаўніцкая газета», было адраджэнне нацыянальнай школы. Станаўленне выдання адбывалася ва ўмовах пасляваеннага разбурэння матэрыяльна-тэхнічнай базы навукі і культуры Беларусі. Перад грамадствам паўставала вострая неабходнасць аднаўлення народнай адукацыі: будаваліся і пераарганізоўваліся школы, паляпшаўся склад настаўніцкіх кадраў, вырашалася пытанне падрыхтоўкі высокапрафесійных выкладчыкаў. Разам з тым аднаўлялася і развівалася сярэднеспецыяльная адукацыя, а таксама вышэйшая школа. Развіццё школ, тэхнікумаў, вучылішч і ВНУ краіны пасля акупацыі было ўскладнена агульным знішчэннем падручнікаў, навуковых дапаможнікаў, метадычнай літаратуры для выкладчыкаў. Гэта выявіла неабходнасць стварыць адзіную платформу, якая б аб’ядноўвала перадавы досвед пасляваеннага часу. Такой метадычнай базай у 1945 годзе стала «Настаўніцкая газета». Аднымі з першым рубрык на той час сталі рубрыкі «Метадычная старонка» і «У дапамогу настаўніку». Рэдакцыя асвятляла разнастайныя праблемы, з выкарыстаннем даступных на той час сродкаў (рэйды па рэгіёнах, крытычныя матэрыялы, адкрытыя лісты і г. д.).
Першы тыраж выдання склаў 20 тысяч асобнікаў, а на пачатку 1950-х гадоў тыраж выдання складаў ужо 65 тысяч асобнікаў.
Рэдакцыйны калектыў
У складзе рэдакцыйнага калектыву 60 чалавек (станам на 2022 год).
Галоўны рэдактар — Кацярына Эдуардаўна Дубінская[1] (з верасня 2021 года).
Працуе сетка ўласных карэспандэнтаў ва ўсіх абласцях Рэспублікі Беларусь.
Змест
Асвятляе праблемы адукацыі і выхавання, пытанні педагагічнай навукі і практыкі, аналізуе развіццё педагагічнай думкі ў Беларусі, інфармуе пра правядзенне рэформы агульнаадукацыйнай школы, пераўладкаванні прафесійнай і вышэйшай школы, пра сістэму адукацыі ў краінах замежжа. Адрасавана настаўнікам, выкладчыкам, навукоўцам, навучэнцам, студэнтам, а таксама бацькам.
Дадаткі
На працягу 2010-х гадоў газета мела шэраг штомесячных дадаткаў: «Партфоліа», «Абітурыент», «Сацыяльны ракурс», «Шосты дзень», «Псіхолаг у школе», «Адукацыя: дакументы і каментарыі» (выходзіў да верасня 2021 года), «Утульная хатка» (выходзіў да снежня 2021 года), «Рэй» (выходзіў да 2020 года), «Форум» (выходзіў да чэрвеня 2021 года), «Адукацыйная прастора Архівавана 1 жніўня 2015.». Да асаблівых дат і мерапрыемстваў выходзяць спецвыпускі.
Пасля прызначэння ў верасні 2021 года новага галоўнага рэдактара адбыліся значныя змены ў рэдакцыйнай палітыцы, накіраваныя на змяншэнне ў выданні рэгіянальнага кампанента, а таксама метадычнага складніка, якія ў значнай ступені фарміравалі чытацкую аўдыторыю. Тым жа часам адбылося павелічэнне колькасці матэрыялаў грамадска-палітычнай тэматыкі, у асноўным пазычаных у інфармацыйных агенцтвах.
Узнагароды
- 2011 год — Пераможца VII Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі «Залатая Ліцера» ў намінацыі «Лепшае галіновае выданне»
- 2015 год — Пераможца XI Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі «Залатая Ліцера» ў намінацыі «Лепшае галіновае выданне»[2]
Іншыя праекты
З 2010 па 2015 гады праводзіўся конкурс юных вакалістаў «Звонкая раніца».
З 2011 года ажыццяўляецца праект інфармацыйнага супрацоўніцтва з рэгіёнамі і інфармацыйна-асветніцкая акцыя «Будзем разам!»
Зноскі
- ↑ https://www.belta.by/president/view/lukashenko-soglasoval-naznachenija-v-minkulte-minenergo-i-mintruda-460642-2021/
- ↑ Гран-при конкурса "Золотая Литера" удостоены проекты газет "Советская Белоруссия" и "Край смалявіцкі" (руск.). Беларускае тэлеграфнае агенцтва (5 мая 2015). Архівавана з першакрыніцы 17 сакавіка 2020. Праверана 17 сакавіка 2020.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — С. 201. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
- «Настаўніцкая газета» // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 527. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.