Намібія мае насельніцтва ў 2,6 млн чалавек. Большую частку насельніцтва складаюць банту (авамба, герэра і інш.) і кайсанскія народы (бушмены, нама). Пустынны клімат робіць Намібію адной з найменш шчыльна заселеных краін свету.

Дэмаграфія

Прырост насельніцтва цягам апошніх дзесяцігоддзяў імкліва запавольваўся: паміж перапісамі 1991 і 2001 гадоў сярэднегадавыя тэмпы росту складалі 2,6 %, у 2001-2011 — 1,4 %. Прычынай гэтаму стала распаўсюджанне СНІДу — каля 15 % жыхароў Намібіі носяць ВІЧ. Поспехі ў барацьбе з хваробай прывялі да вяртання да высокіх тэмпаў росту: за 2018 год намібійцаў стала больш на 1,91 %.[1] Сярэдняя працягласць жыцця складае 64 гады, што ў параўнанні з суседзямі выглядае някепска.

Расава-этнічны склад

Намібійская дзятва

З двух с паловай мільёнаў жыхароў краіны каля 85 % — чарнаскурыя, 10 % — мулаты, 5 % — нашчадкі еўрапейскіх імігрантаў. Асноўную этнічную супольнасць складаюць народы банту: авамба (50 %), герэра (7%), тсвана, лозі, чоквэ, еен. Авамба, самы шматлікі этнас, традыцыйна жывуць на поўначы, зрэшты, цяпер шмат іх і ў гарадах па ўсёй краіне. Найбуйнейшыя кайсанскія народы — нама, сан і дамара

Ад часу еўрапейскай каланізацыі засталіся немцы (іх 35 000), афрыканеры (104 000), партугальцы (з Анголы), а таксама перасяленцы з Кітаю (каля 40 000). Нярэдкія ў асяроддзі каланістаў шлюбы з тутэйшымі жанчынамі прывялі да фарміравання этнічных супольнасцяў "каляровых" і "бастараў", якія размаўляюць на мове афрыкаанс. Нягледзячы на значную міграцыю белых пасля абвяшчэння незалежнасці, сёння ў Намібіі пражывае найвялікшая пасля ПАР еўрапейская дыяспара ў трапічнай Афрыцы.

Мовы

Лютэранскі храм у Свакапмундзе

Афіцыйнай мовай з'яўляецца англійская, але ёй валодае каля 7 % насельніцтва. Рэгіянальнымі мовамі Намібіі з'яўляюцца: афрыкаанс, нямецкая (як гутарковыя мовы яны ўжываныя больш за англійскую), куангалі, лозі, тсвана, нама, герэрская і ашывамба.

Рэлігійны склад

Шчыльнасць насельніцтва паводле перапісу 2011

50 % насельніцтва краіны — лютэране, што стала вынікам дзейнасці нямецкай і фінскай хрысціянскіх місій у каланіяльны час. 30 % — 40 % прытрымліваюцца іншых хрысціянскіх канфесій, збольшага таксама пратэстанцкіх, 10 % — 20 % — анімісты.

Размяшчэнне і рассяленне

Паводле шчыльнасці насельніцтва (3 чал.н а кв.км.) сярод суверэнных дзяржаў Намібія пераўзыходзіць толькі Манголію. Гусцей заселена поўнач краіны, дзе клімат больш спрыяльны для сельскай гаспадаркі, а таксама сталічны рэгіён Кхомас. Палова намібійцаў жыве ў гарадах, што робіць краіну адной з найбольш урбанізаваных у трапічнай Афрыцы. Траціна гараджан пражывае ў Віндхуку (404 000 у 2018). Іншыя вялікія гарады: Рунду, Уолфіш-Бэй, Свакапмунд (63, 62, 44 тыс. адпаведна, перапіс 2011)[2].

Зноскі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.