Сінагога | |
Нараўлянская сінагога | |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Горад | Нароўля |
Канфесія | Іўдаізм |
Тып будынка | сінагога |
Дата пабудовы | XVIII стагоддзе |
Стан | знішчана |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Нараўлянская сінагога — колішняя драўляная сінагога XVIII ст. у горадзе Нароўля Нараўлянскага раёна Гомельскай вобласці Беларусі. Была разабрана ў 1936 г. па прычыне трухлявасці[1].
Архітэктура
Знешнія формы Нараўлянскай сінагогі паўтараюць тыя, што мелі месца і ў Ваўпянскай. Асаблівую цікавасць выклікае ўладкаванне бакавых веж, якія адрозніваюцца тым, што маюць двух'ярусныя галерэі і больш важнае функцыянальнае прызначэнне. З другога яруса меўся спецыяльны лесвічны закрыты ўваход на галоўную галерэю, што месцілася ўнутры галоўнага аб'ёму. Гэта арыгінальнае і вельмі зручнае з функцыянальнага пункту гледжання рашэнне забяспечвала раздзяленне людскіх патокаў і вызваляла ўнутраную прастору ад залішніх канструкцый.
Ганак Нараўлянскай сінагогі быў вырашаны ў выглядзе невялічкага портыка на чатырох слупах. Разьбярамі былі маляўніча выкананы слупкі, парэнчы і краты вежавых галерэй. Прыгожа выглядалі спараныя арачныя вокны. Сцены на ўзроўні першага яруса не мелі шалёўкі, а на ўзроўні другога былі вертыкальна ашаляваны.
Уладкаванне галерэі для жанчын і знешні пад'ём на яе абумовіў частковы яе кансольны вынас вонку з прымяненнем крывалінейнага даху-застрэшка. Такое канструкцыйнае рашэнне сярод драўляных сінагог не мае аналагаў. Крывалінейны застрэшак пераходзіць у шырокі, аздоблены разьбою фрыз, над якім уздымаецца стромкі трох'ярусны дах. Увагнутыя і выгнутыя профілі дахавых ярусаў разам з дугою застрэшка ствараюць адзіны дынамічны малюнак архітэктурных форм, іх узаемнае перацяканне, лагічным завяршэннем чаму служаць двухсхільныя формы верхняга яруса даху з ашаляванымі ў «елачку» франтонамі.
Месцазнаходжанне
Сінагога знаходзілася на цяперашняй Кастрычніцкай плошчы там, дзе цяпер знаходзіцца аддзяленне "Беларусбанка"[2].
У мастацтве
У пачатку XX ст. мастакі Б. Шышка і Ян Віткевіч з натуры зрабілі малюнкі нараўлянскай сінагогі.
Каля 1927 г. Арон Рыгоравіч Касталянскі (1891—1934) намаляваў карціну «Сінагога ў Нароўлі», якая цяпер захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.
- Нараўлянская сінагога. Мастак Б. Шышка. Малюнак 1907 г.
- Карціна Арона Касталянскага «Сінагога ў Нароўлі», каля 1927 г. (Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь)
- Сінагога ў Нароўлі. Аўтар невядомы. Малюнак раней 1941 г.
Зноскі
Літаратура
- Лакотка А.І. Драўлянае сакральна-манументальнае дойлідства Беларусі / А.І. Лакотка. — Мн.: Беларусь, 2003. — 224 с. — ISBN 985-01-0423-6.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Нараўлянская сінагога
- Нараўлянская сінагога на сайце Radzima.org