Назарэтанкі (лац.: Gongregatio Sororum Sacrae Familiae de Nazareth, С.S.F.N. - Сёстры Св. Сям'і з Назарэту) — каталіцкая жаночая манаская кангрэгацыя, заснаваная ў Рыме ў 1875 годзе польскай манахіняй блажэннай Францыскай Седліскай.

Герб кангрэгацыі назарэтанак

Першапачаткова кангрэгацыя стваралася як чыста сузіральная, але з 1880 назарэтанкі пачалі весці актыўную дабрачынную і катэхітычную дзейнасць. З 1881 цэнтрам кангрэгацыі стаў Кракаў, у 1884 была прынята канстытуцыя назарэтанак. 1 верасня 1896 рымскі папа Леў XIII зацвердзіў канстытуцыю, а канчаткова стварэнне кангрэгацыі было пацверджана Папам Бенедыктам XII у 1923.

З самага пачатку манашкі-назарэтанкі пачалі актыўную дзейнасць у розных краінах свету. Першапачаткова гэта былі краіны са шматлікай польскай дыяспарай — ЗША, Вялікабрытанія і інш., затым геаграфія дзейнасці назарэтанок пашырылася яшчэ больш. У 1918 годзе ў ЗША былі ўтвораны тры правінцыі назарэтанак, колькасць кляштараў у гэтай краіне перавысіла лічбу 30.

У Беларусі вядомы манашкі-назарэтанкі, якія былі расстраляны гітлераўцамі 1 жніўня 1943 каля Навагрудка замест закладнікаў з ліку мясцовага насельніцтва. У 2000 Папа Ян Павел II правёў беатыфікацыю 11 манашак, якія ў жніўні 1943 года загінулі ад рук нацыстаў.

Па дадзеных на 2005 год кангрэгацыя налічвала 1490 сяброў у 13 краінах: у Італіі, Польшчы, Беларусі, Францыі, Англіі, Ізраілі, ЗША, Філіпінах, Аўстраліі, Пуэрта-Рыка і Расіі.

Асноўная дзейнасць назарэтанак — галоўным чынам прыхадская: катэхізацыя, праца ў прытулках для сірот, бальніцах, школах і дзіцячых садках. Дэвіз кангрэгацыі - Хай будзе воля Твая (лац.: Fiat Voluntas Tua).

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.