Надзея
La Espero
Ла Эспэро
Л. Заменгоф, аўтар тэксту
Л. Заменгоф, аўтар тэксту
Аўтар слоў Людвіг Лазар Заменгоф, 1890
Кампазітар Фелісьен Меню дэ Мені, не пазней за 1905 год
Ужываецца як традыцыйны гімн эсперанта-руху па ўсім свеце
Зацверджаны афіцыйна — ніколі, ужываеццца традыцыйна

La Espero (Надзея) — верш Л. Заменгофа на мове эсперанта. Пасля стварэння да яго музыкі Фелісьенам Меню дэ Мені ён стаў традыцыйным гімнам эсперанта-руху.

Гісторыя стварэння

Заменгоф напісаў толькі дзевяць арыгінальных вершаў на эсперанта[1]. Верш «La Espero» быў апублікаваны ў 1890 годзе і хутка стаў вядомым. Ужо ў тым жа годзе да яго напісаў музыку шведскі эсперантыст, член Каралеўскай Акадэміі навук Клас Адольф Адэльшольд. У студзені 1892 года газета «La Esperantisto» ўрачыста вітала гэты факт і падкрэслівала, што гэта — «першы арыгінальны музычны твор на нашай мове». Нягледзячы на тое, што музыка Адэльшольда набыла сярод эсперантыстаў пэўную папулярнасць, ніякага афіцыйнага статуса яна не атрымала. Сам Заменгоф, магчыма (згодна з асобнымі ягонымі лістамі), палічыў бы за лепшае бачыць у якасці гімна іншы свой верш «La Vojo», які падабаўся яму болей[2][3].

Да верша «La Espero» былі напісаны яшчэ некалькі мелодый (акрамя напісання арыгінальнай мелодыі, для яго спрабавалі адаптаваць ужо існаваўшыя мелодыі), але, акрамя першай версіі Адэльшольда, набыла папулярнасць толькі версія французскага эсперантыста Фелісьена Меню дэ Мені, створаная ў пачатку XX стагоддзя.

Падчас першага сусветнага кангрэса эсперанта (1905) быў афіцыйна прыняты сцяг эсперанта, а пытанне аб гімне было вырашана адкласці да наступнага кангрэса, але ні на адным з наступных кангрэсаў ніякага афіцыйнага рашэння прынята не было[3]. Падчас эсперанта-сустрэч рознага ўзроўню некаторы час выконваліся розныя версіі гімна, але версія Фелісьена Меню дэ Мені паступова рабілася папулярнай. Як «афіцыйная» яна стала ўспрымацца большасцю эсперантыстаў не пазней за пачатак 1920-х гадоў[4].

Тэкст

Верш «La Espero» складаецца з шасці строф, напісаны пяцістопным харэем з жаночымі рыфмамі і перакрыжаванай рыфмоўкай. З’яўляючыся вельмі знакавым вершам для эсперантыстаў усяго свету, верш быў перакладзены на шмат якія мовы свету.

Арыгінал

En la mondon venis nova sento,
Tra la mondo iras forta voko;
Per flugiloj de facila vento
Nun de loko flugu ĝi al loko.

Ne al glavo sangon soifanta
Ĝi la homan tiras familion:
Al la mond' eterne militanta
Ĝi promesas sanktan harmonion.

Sub la sankta signo de l'espero
Kolektiĝas pacaj batalantoj,
Kaj rapide kreskas la afero
Per laboroj de la esperantoj.

Forte staras muroj de miljaroj
Inter la popoloj dividitaj;
Sed dissaltos la odstinaj baroj,
Per la sankta amo disbatitaj.

Sur nejtrala lingva fundamento,
Komprenante unu la alian
La popoloj faros en konsento
Unu grandan rondon familian.

Nia diligenta kolegaro
En laboro paca ne laciĝos,
Ĝis la bela sonĝo de l' homaro
Por eterna ben' efektiviĝos.

Даслоўны пераклад

У свет прыйшло новае пачуццё,
Праз свет ідзе моцны заклік,
На крылах лёгкага ветра
Няхай разнясецца ён з месца на месца.

Не да мяча, прагнучага крыві,
Ён цягне чалавечую сям’ю:
Свету, заўсёды варагуючаму,
Ён абяцае святую гармонію.

Пад святым сімвалам надзеі
Збіраюцца мірныя байцы,
І хутка расце справа [эсперанта]
Пры дапамозе працы спадзяючыхся (эсперантыстаў).

Моцна стаяць муры тысячагоддзяў
Паміж падзеленымі народамі,
Але рассыплюцца ўпартыя перашкоды,
Разбітыя святой любоўю.

На нейтральнай моўнай аснове,
Разумеючы адзін аднаго,
Народы створаць у згодзе
Адзін вялікі сямейны круг.

Нашае стараннае грамадства
Не стоміцца ў мірнай працы
Да тых часоў, пакуль прыгожая мара чалавецтва
Не ажыццявіцца для вечнага дабра.

Музыка

La Espero

Сучасная версія гімна ўжывае музыку французскага кампазітара і эсперантыста Фелісьена Меню дэ Мені. Яго версія напісана ў мажоры (у сярэдзіне куплета маецца кароткачасовы пераход у мінор), у жывым тэмпе і выразным маршавым рытме.

Уплыў і сучаснае значэнне

Верш «La Espero» захоўвае важнае значэнне як аб’ядноўваючы фактар для эсперанта-грамадства. Асобныя фразы з тэксту сталі на эсперанта ўстойлівымі выразамі[5] (напрыклад, «nova sento» — «новае пачуццё», маецца на увазе эсперантызм; «pacaj batalantoj» — «мірныя байцы», гэта значыць, эсперантысты; «rondo familia» — сямейнае кола, пад якім разумееца грамадства эсперантыстаў) ці далі пачатак фразеалагізмам (напрыклад, «disaltu kiel la obstinaj baroj de miljaroj»[6] — літ. «рассыпцеся, як упартыя перашкоды тысячагоддзяў», выкарыстоўваецца ў значэнні «сыдзі, каб і духу твайго тут не было»). Тэкст верша прыводзіцца ў большасці падручнікаў і курсаў эсперанта, таму ён з’яўляецца для большасці эсперантыстаў адным з найбольш знаёмых і пазнавальных паэтычных тэкстаў, у сувязі з чым яго радкі часта ўжываюцца для розных каламбураў і пераробак (напрыклад, адзін з навучальных семінараў TEJO носіць назву «Flugiloj de malfacila vento»[7] — тут абыгрываецца трэці радок верша; штодзённы бюлэтэнь Сусветнага кангрэса эсперанта ў Фарталезе (Бразілія, 2002 год) называўся «La Bela Sonĝo de l'Omaro»[8], што абыгрывае перадапошні радок верша. Верш таксама станавіўся тэмай для эсперантамоўных анекдотаў.

У адрозненне ад верша, песня не мае такога ж значэння. Як гімн эсперанта-руху яе выконваюць падчас адкрыцця эсперанта-сустрэч (у прыватнасці, традыцыйна як элемент праграмы падчас адкрыцця Сусветных кангрэсаў эсперанта), але ў параўнанні з нацыянальнымі гімнамі яна выконваецца значна радзей.

У сучасным эсперанта-руху маюцца як прыхільнікі памяншэння ролі сучаснага гімна (аж да стварэння новага)[2], так і прыхільнікі павышэння яго значнасці[9].

Медыя-файлы

Зноскі

  1. Королевич А. И. Книга об эсперанто. — Кіеў: Наукова думка, 1989. — С. 148. — 256 с. — ISBN 5-12-000985-9.(недаступная спасылка)
  2. 1 2 Arpad Ratkai. La himno kaj la dua jarcento (эсп.). «Eventoj» № 3 (красавік 1992). Архівавана з першакрыніцы 3 ліпеня 2012. Праверана 3 ліпеня 2016.
  3. 1 2 Himno Esperantista(недаступная спасылка) — артыкул аб «гімне эсперантыстаў» з «Энцыклапедыі эсперанта» («Enciklopedio de Esperanto», eld. Literatura Mondo, Budapest, 1933)
  4. У рамане Дзьюлы Багі «Зялёнае сэрца», эспер.: La verda koro, які быў выдадзены ў 1937 годзе і ў якім апісваюцца падзеі 1915—1920 гадоў, версія дэ Мені апісваецца як «звыклая», тады як больш стрыманая і мяккая версія Адэльшольда супрацьпастаўляецца ёй як «неафіцыйная» і «вядомая вельмі нешматлікім эсперантыстам».
  5. Sabine Fiedler. Фразеалогія эсперанта = Esperanta frazeologio. — Rotterdam: UEA, 2002. — С. 36. — 186 с. — ISBN 92-9017-080-8.
  6. Boris Kolker. Падарожжа па краіне эсперанта = Vojaĝo en Esperanto-lando. — другое. — 2002. — С. 179. — 280 с. — ISBN 92-9017-078-6.
  7. Старонка вікіпедыі на эсперанта, прысвечаная гэтаму семінару
  8. (эсп.) Архіў бюлетэня на сайце UEA Архівавана 13 чэрвеня 2010.
  9. (эсп.) Hori Jasuo заснаваў «Таварыства за пенне гімна на памяць»(недаступная спасылка) — паведамленне ў дыскусійнай групе членаў UEA

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.