Надзея Артымовіч | |
---|---|
польск.: Nadzieja Artymowicz | |
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 18 лютага 1946 |
Месца нараджэння |
|
Дата смерці | 3 кастрычніка 2023 (77 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | паэтка, пісьменніца, перакладчыца |
Мова твораў | беларуская |
Грамадская дзейнасць | |
Член у | |
Узнагароды |
|
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Надзе́я Артымо́віч (польск.: Nadzieja Artymowicz; 18 лютага 1946, Аўгустова, Бельскі павет, Польшча — 3 кастрычніка 2023, Бельск Падляскі) — беларуская паэтка ў Польшчы.
Біяграфічныя звесткі
Нарадзілася ў 1946 годзе. Дзяцінства Надзеі Артымовіч прайшло ў Бельску Падляскім, тут яна хадзіла ў пачатковую школу і Беларускі агульнаадукацыйны ліцэй імя Тарашкевіча. У 1965—1967 гадах вывучала рускую філалогію на настаўніцкіх курсах у Беластоку, у наступныя гады — беларускую філалогію ў Варшаўскім універсітэце, які закончыла ў 1972 годзе. Пасля жыла і працавала (у тым ліку перакладчыцай) у Варшаве. Член Беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа» і Саюза польскіх пісьменнікаў з 1986 года. На пенсіі Надзея Артымовіч жыла ў Бельску Падляскім. Памерла 3 кастрычніка 2023 года[1].
Творчасць
Паэтычны дэбют Надзеі Артымовіч адбыўся ў газеце «Ніва» («Ой, ляцелі гусі») у 1970 годзе. На працягу 1970—1975 гадоў тут было надрукавана 13 прапанаваных паэткай вершаў. Пачынаючы з 1976 года выйшлі новыя вершы, якіх ужо нямала друкавалася на старонках «Нівы», у «Беларускім календары», часопісе «Маладосць» і інш. Многія з іх тычацца працэсу духоўнай адаптацыі асоб, якія ва ўмовах індустрыялізацыі апынуліся ў віры жыцця вялікіх гарадоў; паэтэса асэнсоўвае гэта, пазбягаючы плыткага сентыменталізму і настальгіі па адыходзячай традыцыйнай вёсцы. У вершах «Мой родны горад», «Грудка зямлі», «Ёсць тое», «П’ю прагна» гучаць патрыятычныя матывы, увасабленнем якіх ёсць пакінуты родны кут, зямля дзяцінства; для іх характэрны ідэйны і эмацыйны зарад, вера і здаровы аптымізм. Значныя мастацкія вартасці выяўляе лірыка кахання (цыкл «Мы так блізка сябе»). Выразна паэтэса паказала сваю творчую манеру ў вялікім цыкле рэфлексійных вершаў «Варшаўскія пейзажы», водгук на разнастайныя праявы жыцця знайшоў тут адлюстраванне як у дыяпазоне праблем, так і ў мастацкіх сродках іх выяўлення.
Зборнікі
- «We śnie w bólu słowa» (1979)
- «Роздумы» (1981)
- «Сезон у белых пейзажах» (1990)
- «З неспакойных дарог» (1993)
- «Дзверы» (1994, разам з Алесем Разанавым)
- «Лагодны час» (1998)
- «Адплывае спакойнае неба» (1999)
Крыніцы
- ↑ Памерла беларуская паэтка Надзея Артымовіч . Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка Kamunikat.org. Праверана 3 кастрычніка 2023.
Літаратура
- Мальдзіс А. Артымовіч Надзея // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992. — Т. 1. Абуховіч — Ватацы. — С. 105—106. — 542 с.; іл.. — ISBN 5-85700-061-0.
- Туронак Ю. Пейзажы Надзеі Артымовіч // Ніва. 1978. 3 верасня.
Спасылкі
- Артымовіч Надзея . Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка Kamunikat.org. Праверана 3 кастрычніка 2023.