Нагорскі пасад, пазней Стары горад — гандлёва-рамесная і найбольш старажытная частка Магілёва. Згадваецца ў дакументах XVI—XVIII стагоддзяў. Тэрыторыя пасада ў наш час абмежавана вуліцамі Лазарэнкі (былая Вялікакняжацкая, Віленская), Камсамольская (былая Дваранская), Архірэйскі вал Г. Каніскага (былы вал Чырвоная Зорка, Архірэйскі вал) і Левая Дубровенка[1].
Гісторыя
Першапачаткова пасад абмяжоўваўся з поўдня і ўсходу высокімі берагамі Дняпра і Дубравенкі, з поўначы — глыбокім абарончым ровам. Уключаў так званую Астрожскую сотню і Нагорскае прадмесце. Да Нагорнага пасада прылягалі так званыя Нагорская і Ледзькаўская сотні[2].
У XV ст. пачалася складвацца планіроўка пасада, у 1478 годзе была пабудавана драўляная Спаская царква. Верагодна, яна размяшчалася на тэрыторыі квартала, абмежаванага з поўдня вул. Архірэйскі Вал, з поўначы вул. Ветраная, з захаду Спаскім, з усходу — Фарным (да сярэдзіны XVII ст. вул. Няхвёдаўская) завулкамі, дзе ў XVI—XVIII стст. сфарміраваўся комплекс Спаскага манастыра. Ускосна гэта пацвярджаецца знойдзенымі ў 1994 годзе рэшткамі могілак XV ст.[3]
Каля 1526 года на месцы старажынага замка на высокім плато, дзе цяпер размяшчаецца парк імя Горкага, быў пабудаваны новы Магілёўскі замак, плошчай больш за 1 га. Паміж замкам і пасадам сфарміравалася гандлёвая плошча, якая ў пачатку XVII ст. займала тэрыторыю больш за 2 га і мела форму няправільнага многавугольніка. На плошчы знаходзілася 26 драўляных крам[1].
На працягу XVI стагоддзя тэрыторыя Нагорскага пасада пашыралася, на поўначы каля яго фарміравалася новае паселішча, якое пазней было названа Новым горадам, адначасова ўзніклі паселішчы за Дняпром (Задняпроўскі пасад) і Дубравенкай (Задубравенскі пасад)[2].
У другой палове XVI — пачатку XVII ст. канчаткова сфарміраваліся вуліцы Вялікая Шклоўская (цяпер Першамайская), Ветраная (Ленінская), Няхвёдаўская, Спаская, Мікольская (не захаваліся)[3].
Найбольш магутны культурны пласт XVII ст., добра насычаны знаходкамі (кафля, скураныя, металічныя і шкляныя вырабы), што сведчыць пра высокую шчыльнасць забудовы. Стары горад з’яўляўся найбольш прэстыжнай часткай Магілёва. Тут размяшчаліся галоўныя культавыя збудаванні, ратуша, дом войта, сядзібы магілёўскага купецтва, магістрацкай і цэхавай вярхушкі[3].
За будынкам Магілёўскай ратушы, на месцы мураваных гандлёвых радоў XVIII ст., побач з домам № 9 па вул. Ленінская І. А. Марзалюк у 2009 выявіў рэшткі багатага сядзібнага комплексу канца XVI — сярэдзіны XVII ст. Зафіксаваны зялёнапаліваная і паліхромная кафля з геральдычнымі сюжэтамі, калекцыя скураных вырабаў (шырокі пояс з бронзавай спражкай, шматслойны гуж ад павозкі, плётка-карбач і інш.), фрагменты похваў шпагі з раслінна-геаметрычным арнаментам і кінжала другой паловы XVI — 1-й паловы XVII ст. На тэрыторыі квартала, абмежаванага з захаду вул. Няхвёдаўская, з поўначы — Вялікая Шклоўская, з поўдня — Ветраная, размяшчаліся майстэрні ювеліраў і гарбароў. У 1989—1990 гадах Д. Л. Яцкевіч разам з рэшткамі пабудоў XVII—XVIII стст. выявіў 214 тыгляў, сотні фрагментаў скураных вырабаў, абрэзкаў, нарыхтовак, некалькі цэлых форм абутку, збаны і глякі з-пал дзёгця. На прылеглым з захаду квартале размяшчаўся комплекс будынкаў Богаяўленскага манастыра. Забудова па вул. Шклоўскай бліжэй да гандлёвай плошчы была пераважна купецкай. На гэтай частцы пасада з XVI ст. існавала драўляная Мікольская царква. Дамы заможных гараджан знаходзіліся і побач са Спаскім манастырскім комплексам, у паўночна-ўсходняй частцы вул. Ветраная. Пры ахоўных археалагічных раскопках 1989 у двары дома № 15 па вул. Ленінскай Д. Л. Яцкевічам знойдзены завал кафлі сярэдзіны 17 ст. плошчай каля 4 м², сабраны 2 тыс. фрагментаў пераважна паліхромнай і зялёнапаліванай кафлі, каля 100 цэлых вырабаў. Сярод іх унікальныя медальёны з выявамі «Пагоні», двухгаловага арла на геральдычным шчыце[3].
Тэрыторыя пасада была ў XVII—XVIII ст. абнесена земляным абарончым валам, які называўся Кругавым, або Блізкім, і праходзіў па цяперашнім Тэатральным скверы. За валам ішоў глыбокі роў, які аддзяляў тэрыторыю Стары горад ад Новага[1]. У сярэдзіне XVII ст. ва ўмацаваннях Старога горада меліся 4 брамы — Алейная (на спуску з гандлёвай плошчы да берага Дняпра), драўляная Ветраная і мураваная Каралеўская (у паўночнай частцы ўмацаванняў, дзе праходзіў роў), Дубравенская (Малая, у заходняй лініі абароны горада, кантралявала спуск да Дубравенкі)[3]. Ад Ветранай і Каралеўскай брам цераз роў перакідваўліся драўляныя масты. Ад Ветранай брамы пачыналася вуліца Ветраная (цяпер вул. Ленінская), ад Каралеўскай — вуліца Шклоўская (цяпер вул. Першамайская), якія вялі да гандлёвай плошчы. Гэта двухпрамянёвая сістэма планіроўкі Нагорскага пасада, якая сфарміравалася да XVII ст., захавалася да нашага часу[1].
У XVII ст. па тэрыторыі пасада пабудаваны мураваныя храмы: Фарны касцёл (1624), Богаяўленская царква (1633—1634). На працягу 1686—1725 гадоў склаўся архітэктурны ансамбль езуіцкага касцёла з калегіумам побач з Каралеўскай брамай. На месцы спаленай у пачатку XVIII ст. войскамі Пятра I драўлянай Спаскай царквы ў 1740—1762 гадах была ўзведзена мураваная (да 1802 кафедральны сабор Магілёва), побач з ёй у 1762—1785 — архірзйскі палац. Фарны і езуіцкі касцёлы фланкіравалі галоўныя брамы Старога горада[3] — Ветраную і Каралеўскую.
У канцы XVIII ст. на гандлёвай плошчы створаны ансамбль мураваных грамадскіх будынкаў. У 1809 годзе роў быў засыпаны, а частка вала на яго працягу скапана[1].
Славутасці
На тэрыторыі Нагорскага пасада адноўлена гарадская ратуша (XVII ст.), рэшткі езуіцкага калегіума (XVII—XVIII стст.), фарны касцёл (XVII ст.), архірэйскі палац (XVIII ст.), будынак гарадской управы (XIX ст.), будынак акруговага суда (XVIII—XIX стст.), абласнога драмтэатра (XIX ст.), жылы дом (XVIII ст.). Акрамя таго ў мінулым на тэрыторыі пасада знаходзіліся два буйнейшыя праваслаўныя манастыры XVII ст. — Богаяўленскі і Спаскі[1].
Зноскі
- 1 2 3 4 5 6 І. А. Пушкін. Гістарычная і культурная спадчына горада Магілёва Архівавана 5 сакавіка 2016.
- 1 2 Могилевский Кремль.(недаступная спасылка)
- 1 2 3 4 5 6 Магілёўскія пасады // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2011. — Т. 2: Л—Я. — 464 с. — ISBN 978-985-11-0549-2.
Літаратура
- Магілёўскія пасады // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2011. — Т. 2: Л—Я. — 464 с. — ISBN 978-985-11-0549-2.
Спасылкі
- Могилевский Кремль.(недаступная спасылка)