Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь | |
---|---|
Штаб-кватэра | Мінск, Беларусь |
Дата заснавання | 1 студзеня 1991 года |
Прэзідэнт (старшыня) |
Павел Уладзіміравіч Калаур |
Валюта | беларускі рубель |
Рэзервы | ▼ 8 264,6 млрд долараў ЗША |
Базавая ўліковая стаўка |
▲ 12% |
Вэб-сайт | https://www.nbrb.by/bel |
Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь (НБ РБ) — цэнтральны банк Беларусі, размешчаны ў Мінску.
Гісторыя
У 1922 годзе Савет народных камісараў стварыў у БССР Беларускі рэспубліканскі банк. Неўзабаве ён перайшоў у падначаленне Дзяржаўнага банка СССР. Рэарганізацыі банка праводзіліся ў 1959 і 1987 гадах.
Вярхоўны Савет БССР, адпаведна Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, пастановай ад 21 снежня 1990 года № 475-XII «Аб Нацыянальным банку Беларускай ССР і банках на тэрыторыі рэспублікі» абвясціў ўласнасцю Беларускай ССР Беларускі рэспубліканскі банк Дзяржбанка СССР і рэспубліканскія спецыялізаваныя банкі з іх вылічальнымі цэнтрамі, установамі, прадпрыемствамі і арганізацыямі з усімі актывамі і пасівамі. Перайшло ва ўласнасць рэспублікі таксама Беларускае рэспубліканскае ўпраўленне інкасацыі Дзяржбанка СССР з падведамнай яму сеткай устаноў і арганізацый.
З прыняццем Законаў «Аб Нацыянальным банку Беларускай ССР», «Аб банках і банкаўскай дзейнасці на тэрыторыі рэспублікі», а таксама пастановы № 475-XII «Аб Нацыянальным банку Беларускай ССР і банках на тэрыторыі рэспублікі» Нацыянальны банк і ўсе спецыялізаваныя банкі выйшлі з саюзнага падпарадкавання і з 1 студзеня 1991 года пачалі ажыццяўляць самастойную дзейнасць. З гэтага часу статус Нацыянальнага банка стаў зусім іншым: ён быў падсправаздачны Вярхоўнаму Савету Беларускай ССР, мог непасрэдна ўплываць на камерцыйныя банкі праз прынятыя законы, усталяваную сістэму эканамічных нарматываў, ажыццяўляць рэгістрацыю банкаў, наглядныя і іншыя функцыі. У Беларусі быў пакладзены пачатак фарміраванню двухузроўневай банкаўскай сістэмы.
Першапачаткова ў Нацыянальным банку былі пэўныя складанасці з кадрамі. У ходзе пераўтварэнняў шмат кваліфікаваных работнікаў сышло ў Аграпрамбанк, Жылсацбанк і іншыя банкі. Катастрафічна не хапала спецыялістаў па знешнеэканамічнай дзейнасці і валютных аперацыях. Да пачатку 1991 года колькасць цэнтральнага апарата Нацыянальнага банка не перавышала 90 штатных адзінак. Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР пастановай ад 6 сакавіка 1991 года № 662-XII зацвердзіў структуру апарата Нацыянальна банка. Было створана 12 упраўленняў і аддзелаў, устаноўлены ліміт колькасці супрацоўнікаў з улікам перспектывы развіцця і новых функцый у колькасці 189 чал. (без уліку персаналу па абслугоўванню будынкаў).
З красавіка 2023 года Нацыянальны банк знаходзіцца пад санкцыямі Канады[1].
Кіраўнікі Беларускай канторы Дзяржбанка СССР
- Навум Іосіфавіч Нісяльсон (1921—1924)
- Антон Сцяпанавіч Карпешын (1924—1928)
- Ілья Веніямінавіч Яршоў (1928—1930)
- Іосіф Маркавіч Фельдман (1930—1933)
- Казімір Паўлавіч Галятоўскі (1933—1937)
- Аляксей Афрыканавіч Чарназуб (1937—1941)
- Іван Стэфанавіч Палякоў (1943—1964)
- Пётр Якаўлевіч Пчолін (1964—1971)
- Васіль Сцяпанавіч Клепча (1971—1986)
Кіраўнікі Нацыянальнага Банка Рэспублікі Беларусь
- Мікалай Уладзіміравіч Амельяновіч (1986 [Беларуская кантора Дзяржбанка СССР] — 1991)
- Станіслаў Антонавіч Багданкевіч (1991—1995)
- Тамара Дзмітрыеўна Віннікава (1996—1997)
- Генадзь Станіслававіч Алейнікаў (1997—1998)
- Пётр Пятровіч Пракаповіч (1998—2011)
- Надзея Андрэеўна Ермакова (2011—2014)
- Павел Уладзіміравіч Калаур (з 2014)
Функцыі
Нацыянальны банк выконвае наступныя функцыі:
- распрацоўвае Асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь і сумесна з Урадам Рэспублікі Беларусь забяспечвае правядзенне адзінай грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь у парадку, устаноўленым Банкаўскім кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь;
- ажыццяўляе аперацыі, неабходныя для выканання асноўных мэт дзейнасці Нацыянальнага банка;
- з’яўляецца для банкаў крэдыторам апошняй інстанцыі, ажыццяўляючы іх рэфінансаванне;
- ажыццяўляе эмісію грошай;
- ажыццяўляе выпуск (эмісію) каштоўных папер Нацыянальнага банка;
- фарміруе залаты запас Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў і каштоўных камянёў Рэспублікі Беларусь і ажыццяўляе аператыўнае кіраванне ім у межах сваёй кампетэнцыі;
- стварае золатавалютныя рэзервы па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і кіруе імі ў межах сваёй кампетэнцыі;
- ажыццяўляе валютнае рэгуляванне і валютны кантроль у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;
- рэгулюе крэдытныя адносіны;
- рэгулюе і арганізоўвае грашовае абарачэнне;
- выконвае функцыі фінансавага агента Урада Рэспублікі Беларусь і мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў па пытаннях выканання рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў;
- устанаўлівае правілы і парадак ажыццяўлення банкаўскіх аперацый;
- дае згоду на ажыццяўленне банкамі і нябанкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі аперацый з каштоўнымі паперамі ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;
- узгадняе выпускі каштоўных папер банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый у выпадках, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;
- арганізоўвае дзейнасць банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый па выдачы і абарачэнні вэксаляў, калі іншае не вызначана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь;
- ажыццяўляе дэпазітарную дзейнасць у парадку, вызначаным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;
- устанаўлівае для банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый патрабаванні па ажыццяўленні імі аперацый з форварднымі і ф’ючарснымі кантрактамі, апцыёнамі і іншымі фінансавымі інструментамі;
- рэгулюе адносіны, якія ўзнікаюць пры аб’яднанні грашовых сродкаў і (або) каштоўных папер у фонд банкаўскага кіравання на падставе дагавораў давернага кіравання фондам банкаўскага кіравання, калі іншае не прадугледжана заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь;
- вызначае парадак правядзення ў Рэспубліцы Беларусь разлікаў у безнаяўнай і наяўнай формах, у тым ліку памер, разлікаў наяўнымі грашовымі сродкамі у беларускіх рублях паміж юрыдычнымі асобамі, іх адасобленымі падраздзяленнямі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі;
- арганізоўвае інкасацыю і перавозку наяўных грашовых сродкаў, плацежных інструкцый, каштоўных металаў і каштоўных камянёў і іншых каштоўнасцей;
- ажыццяўляе разліковае і (або) касавае абслугоўванне Урада Рэспублікі Беларусь, арганізацый, пералік якіх вызначаны ў Статуце Нацыянальнага банка, і іншых арганізацый у выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь;
- устанаўлівае парадак адкрыцця рахункаў у каштоўных металах і ўмовы іх вядзення ў банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама ўмовы адкрыцця рэзідэнтамі такіх рахункаў у банках і іншых крэдытных арганізацыях за яе межамі;
- устанаўлівае сумесна з упаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі парадак увозу ў Рэспубліку Беларусь і вывазу за яе межы каштоўных металаў і каштоўных камянёў пры ажыццяўленні банкаўскіх аперацый;
- устанаўлівае цэны куплі-продажу каштоўных металаў і каштоўных камянёў пры ажыццяўленні банкаўскіх аперацый;
- рэгулюе дзейнасць банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый;
- ажыццяўляе банкаўскі нагляд;
- устанаўлівае ў адпаведнасці з Банкаўскім кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь прадак дзяржаўнай рэгістрацыі банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый і ажыццяўляе іх дзяржаўную рэгістрацыю;
- ажыццяўляе ліцэнзаванне банкаўскай дзейнасці;
- ажыццяўляе маніторынг фінансавай стабільнасці;
- арганізоўвае функцыянаванне плацежнай сістэмы Рэспублікі Беларусь і ажыццяўляе нагляд за ёй;
- ажыццяўляе фарміраванне і развіццё адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы, забяспечвае функцыянаванне аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы;
- забяспечвае правядзенне адзінай дзяржаўнай палітыкі ў галіне бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці для Нацыянальнага банка, банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый;
- ажыццяўляе метадалагічнае кіраўніцтва бухгалтарскім улікам і справаздачнасцю Нацыянальнага банка, банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый, іншыя паўнамоцтвы ў галіне бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь;
- распрацоўвае і зацвярджае нацыянальныя стандарты бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці і іншыя нарматыўныя прававыя акты па бухгалтарскім уліку і справаздачнасці, абавязковыя для выканання Нацыянальным банкам, банкамі і нябанкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі;
- устанаўлівае для банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый парадак складання статыстычнай справаздачнасці па формах і ў тэрміны, вызначаныя заканадаўствам рэспублікі Беларусь;
- фарміруе статыстыку плацежнага балансу, міжнароднай інвістыцыйнай пазіцыі і знешняга доўгу банкаўскай сістэмы, банкаўскую статыстыку, статыстыку фінансавага рынку, у тым ліку ўнутранага валютнага рынку і наяўнага грашовага абарачэння, а таксама статыстыку фінансавай устойлівасці і размяшчае статыстычныя звесткі на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт;
- праводзіць аналіз плацежнага балансу, прымае ўдзел у распрацоўцы органамі дзяржаўнага кіраваня прагнозу плацежнага балансу;
- праводзіць аналіз і прагназаванне тэндэнцый у грашова-крэдытнай сферы і размяшчае апаведныя аналітычныя матэрыялы на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт;
- ажыццяўляе маніторынг арганізацый, заснаваны на правядзенні рэгулярных апытанняў, для выяўлення тэндэнцый эканамічных працэсаў, іх аналізу і прагнозу ва ўзаемадзеянні з інструментамі грашова-крэдытнай палітыкі;
- рэалізоўвае дзяржаўную палітыку ў сферы ахоўнай дзейнасці банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый;
- устанаўлівае для банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый абавязковыя патрабаванні да бяспечнага функцыянавання аб’ектаў і бяспекі аказання банкаўскіх паслуг, абароны інфармацыйных рэсурсаў і інфармацыі, распаўсюджванне і (або) прадастаўленне якіх абмежавана, калі іншае не прадугледжана заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь;
- устанаўлівае патрабавані да тэхнічных магчымасцяў банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый, іх філіялаў, стуктурных падраздзяленняў і аддаленых працоўных мест для правядзення банкаўскіх аперацый, ажыццяўляе тэхнічнае нарміраванне і стандартызацыю ў галіне банкаўскай дзейнасці;
- ажыццяўляе кантроль за забеспячэннем бяспекі і абароны інфармацыйных рэсурсаў у банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях;
- устанаўлівае патрабаванні да ўзнаўлення выяў банкнотаў і манет;
- фарміруе крэдытныя гісторыі на падставе прадстаўленых крыніцамі фарміравання крэдытных гісторый звестак пра крэдытныя пагадненні і прадастаўляе крэдытныя справаздачы карыстальнікам крэдытных гісторый і суб’ектам крэдытных гісторый;
- заключае пагадненні з цэнтральнымі (нацыянальнымі) банкамі і крэдытнымі арганізацыямі замежных дзяржаў;
- выконвае іншыя функцыі, прадугледжаныя Банкаўскім кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
Кіраванне
Органам кіравання Нацыянальнага банка з’яўляецца Праўленне Нацыянальнага банка — калегіяльны орган, які вызначае асноўныя напрамкі дзейнасці Нацыянальнага банка і ажыццяўляе кіраўніцтва і кіраванне ім.
Колькасць членаў Праўлення Нацыянальнага банка ўстанаўліваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Кампетэнцыя Праўлення Нацыянальнага банка і парадак склікання яго пасяджэнняў вызначаюцца Статутам Нацыянальнага банка.
Члены Праўлення Нацыянальнага банка не могуць займаць іншыя дзяржаўныя пасады, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, а таксама знаходзіцца ў палітычных партыях.
Будынак
Будынак Дзяржбанка ўзведзены ў 1947—1952 гадах па праекце акадэміка АН БССР архітэктара М. Паруснікава, які перамог у 1947 годзе на закрытым конкурсе распрацоўкі праекта першай чаргі Савецкай вуліцы (сучасны пр. Незалежнасці). Была адзначана ўдала выбраная архітэктарам шырыня вуліцы і вышыня забудовы, буйны маштаб забудовы, у меру падкрэсленая манументальнасць будынкаў. Будынак Дзяржбанка разам з будынкам Дзяржаўнага ўніверсальнага магазіна (пр. Незалежнасці, 21) вырашаў складаны вугал праспекта на перакрыжаванні з вул. Леніна. Будынак уражвае сваёй прастатой і манументальнасцю. Пластыку фасадаў узбагачаюць канеліраваныя пілястры карынфскага ордара на вышыню чатырох паверхаў, арачныя праёмы асноўнай аперацыйнай залы на другім паверсе, вянчаючы карніз. Будынак Нацыянальнага банка — помнік савецкай архітэктуры з выкарыстаннем класіцыстычнай спадчыны.
Герб Беларусі на будынку зроблены ў 1998 годзе скульптарам У. Жбанавым[2].
Структура
Старшыне праўлення непасрэдна падпарадкоўваюцца яго намеснікі, Кіраўнік Галоўнага ўпраўлення бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці – галоўны бухгалтар і Кіраўнік Упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей – прэс-сакратар Нацыянальнага банка.
Таксама старшыне падпарадкаваны непасрэдна Галоўнае ўпраўленне ўнутранага аўдыту, якое складаецца з Упраўлення комплекснага аўдыту і Аддзела інфармацыйнага аўдыту, і Упраўленне аналізу інстытуцыянальнай эфектыўнасці, у склад якога ўключаны Пратакольна-рэдакцыйны аддзел.
Першаму намесніку старшыні праўлення падпарадкаваны:
- Галоўнае ўпраўленне манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу
- Галоўнае ўпраўленне аперацый на фінансавых рынках
- Галоўнае ўпраўленне валютна-фінансавага маніторынгу
- Галоўнае ўпраўленне міжнароднага супрацоўніцтва
- Галоўнае фінансава-эканамічнае ўпраўленне
- Галоўнае ўпраўленне сакратарыята
- Упраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязей.
Акрамя Цэнтральнага апарату да структурных падраздзяленняў Нацыянальнага банку адносяцца:[3]
- Галоўныя ўпраўленні Нацбанка па Мінску і абласцях (будуць скасаваны з 1 сакавіка 2022 года)[4].
- Вучэбны цэнтр
- Цэнтральнае сховішча
Нацыянальны банк мае права па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь ствараць арганізацыі, неабходныя для забеспячэння сваёй дзейнасці.
Юрыдычныя асобы, створаныя з удзелам Нацыянальнага банку:[3]
- ААТ «Цэнтр банкаўскіх тэхналогій»
- ААТ «Банкаўскі працэсінгавы цэнтр»
- ЗАТ «Банкаўска–фінансавая тэлесетка»
- ААТ «Санаторый «Азёрны»
- ААТ «Санаторый «Ружанскі»
- ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа»
- Дзяржаўная ўстанова «Агенцтва гарантаванага пакрыцця банкаўскix укладаў»
- ААТ «Беларускі міжбанкаўскі разліковы цэнтр»
Серыі манет
Зноскі
- ↑ Канада ввела санкции против Нацбанка Беларуси и ряда крупнейших банков
- ↑ Л. Ф. Салавей. Мінскае мастацкае прадпрыемства «Скульптурны камбінат» // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).
- 1 2 Архіўная копія (недаступная спасылка). Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. Архівавана з першакрыніцы 2 мая 2013. Праверана 15 красавіка 2013.
- ↑ Указ № 392 от 15 октября 2021 г.
Літарартура
Спасылкі
- Афіцыйны сайт Архівавана 13 мая 2011.
- Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь на сайце «Архіварта»