Богуш Міхал Багавіцінавіч
Герб «Пелікан»
Герб «Пелікан»
Вялікі падскарбі літоўскі
1520 1530
Папярэднік Абрам Езафовіч
Пераемнік Іван Гарнастай

Смерць 1530(1530)
Род Багавіцінавічы
Бацька Богуш Багавіцінавіч
Жонка Фядора Сангушка
Дзеці Ганна, Фядора, Ульяна
Веравызнанне праваслаўе
Дзейнасць дыпламат

Міхаіл Богуш-Багавіцінавіч, Міхайла Богуш-Багавіціновіч, Міхаіл Богуш (? — лістапад-снежань 1530) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч. Дзяк гаспадарскі (1499—1503), вялікі пісар літоўскі (1504—1530). Адначасова гараднічы троцкі (1506—1507), маршалак гаспадарскі (1510—1530), падскарбі земскі літоўскі (часова ў 1509, 1520—1530). Тым жа часам намеснік пералайскі (1500—1505), жыжморскі (1508—1509), даўгоўскі (1508—1518), камянецкі (1518—1530), дзяржаўца слонімскі (1522—1530).[1]

Біяграфія

З валынскага баярскага роду Багавіцінавічаў, сын Богуша Багавіцінавіча[1]. У 1509 годзе браў удзел у польскім паходзе на Малдову.

Таксама зарэкамендаваў сябе як дыпламат[1]. Браў удзел у пасольстве ў Маскву ў 1509 годзе, як пасол быў там у 1517—1518, 1520, 1522, 1526 гадах. Удзельнік Венскага кангрэса 1515 года. У 1518 годзе прадстаўнік ВКЛ у пасольстве Э. Цёлка на германскі рэйхстаг у Аўгсбургу. Прадстаўнік Жыгімонта Старога на Віленскім сойме 1520 года.

У 1513 годзе разам з братамі атрымаў велікакняжацкае пацвярджэнне на маёнткі нададзеныя ix продкам вялікімі князямі Вітаўтам i Казімірам. Пад канец жыцця сканцэнтраваў значныя ўладанні, асноўныя з іх у Троцкім павеце (Прамезі), Слонімскім павеце (Азярніца, дзе пабудаваў замак, Блізна), у Берасцейскім павеце (Славяцічы, Даўгаброды, Сямацічы, Яблычна), на Падляшшы (Арляя, Тапчыкалы, Кашалі, Вярвенкі) на Валыні (Берасцечка, Жукаў, Свінярын) i іншымі.[1]

На Попіс 1528 года ставіў 64 «коней», т.б. валодаў агулам 512 службамі сялян[1]. Сам пан Міхаіл Богуш-Багавіцінавіч быў адным з кіраўнікоў складання гэтага Попісу, апошняй з найбольш значных яго прац у Канцылярыі[2].

Сям’я

У шлюбе з Федзяй, дачкой князя Андрэя Сангушкі, меў дачок Ганну (жонка Станіслава Тэнчынскага), Фядору (жонка паслядоўна князя Фрыдэрыка Пронскага, ваяводы кіеўскага, М. Тшэбухоўскага, кашталяна гнезненскага, i Міхала Дзялынскага, падкаморага хэлмскага) і Ульяну, жонку Івана Гарнастая.

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 Груша, Спірыдонаў, Вайтовіч, 2003. С. 36.
  2. Груша, Спірыдонаў, Вайтовіч, 2003. С. 37.

Літаратура

  • Груша А. І., Спірыдонаў М. Ф., Вайтовіч М. А. Перапіс войска Вялікага княства Літоўскага 1528 г. Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кніга 523. Кніга Публічных спраў 1 / рэдкал.: Г. Я. Галенчанка (адк. рэд.) і інш. — Мінск: Беларуская навука, 2003. — 444 с.
  • Канановіч У. Богуш Міхал Багавіцінавіч — велікакняжацкі дыпламат Жыгімонта Старога // Штогоднік Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Выпуск 1. — Мн.: Інстытут гісторыі НАНБ, 1999. — С. 31-39
  • Пазднякоў В. Багавіціны // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 275. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.