Міхась Міхайлавіч Міцкевіч | |
---|---|
Род дзейнасці | перакладчык, пісьменнік, публіцыст, педагог, грамадскі дзеяч, дзеяч культуры, рэлігійны дзеяч |
Дата нараджэння | 13 (25) ліпеня 1897 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 25 кастрычніка 1991 (94 гады) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Веравызнанне | БАПЦ |
Бацька | Міхал Казіміравіч Міцкевіч |
Маці | Ганна Юр’еўна Міцкевіч |
Месца працы | |
Альма-матар | |
Член у | |
Творы ў Вікікрыніцах |
Міхась (Міхаіл) Міхайлавіч Міцкевіч (13 (25) ліпеня 1897, леснічоўка Альбуць[1], цяпер у Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці — 25 кастрычніка 1991, Нью-Ёрк; Псеўданімы: Антось Галіна, Міхась Мяцёлка; Крыптанімы: М, М-ч) — пісьменнік, публіцыст, перакладчык, педагог, грамадска-культурны і рэлігійны дзеяч беларускага замежжа (Германія, ЗША). Малодшы брат Якуба Коласа.
Біяграфія
Вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, у 1917 годзе яе закончыў. У 1910-х гадах удзельнік нацыянальнага руху, дэлегат 1-га Усебеларускага кангрэсу. У 1919—1920 гадах выкладаў беларускую мову ў Мінскай беларускай гімназіі. У 1920—1930-х гадах настаўнічаў.
Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР працаваў настаўнікам і дырэктарам школы ў Мікалаеўшчыне (1939—1941). Падчас нямецкай акупацыі працаваў інспектарам беларускіх школаў на Стаўбцоўшчыне. З лета 1944 года ў эміграцыі — спачатку ў Чэхіі, потым у Заходняй Германіі. Вёў настаўніцкую і асветніцкую дзейнасць сярод беларусаў, што апынуліся ў лагерах для перамешчаных асоб. Працаваў інспектарам пачатковых беларускіх школак, якія дзейнічалі ў лагерах. Стварыў для гэтых школак 10 чытанак, большасць якіх надрукавана ў 1947—1949 гадах. З 1950 года ў Нью-Ёрку (ЗША), уладкаваўся настаўнікам у беларускую школу, пазней быў вартаўніком цвінтара.
Актыўны дзеяч Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, браў удзел у яе стварэнні (1948), абраны сакратаром яе вышэйшага праўлення (1949). Уваходзіў у склад рэдакцыі часопіса «Беларус», быў рэдактарам часопіса «Голас Царквы». Займаўся перакладам літургічных тэкстаў з царкоўнаславянскай на беларускую мову.
Уласнай сям’і не меў.
Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансуіку ў штаце Нью-Джэрсі (ЗША).
Творчасць
З 1917 года займаўся літаратурнай і перакладчыцкай справай. Друкаваўся ў газетах «Вольная Беларусь», «Беларусь», «Звон» і іншых. Жывучы ў эміграцыі напісаў артыкулы пра Я. Коласа, Я. Купалу, М. Багдановіча і іншых пісьменнікаў.
Зноскі
- ↑ Даніла Міцкевіч. Любіць і помніць: Успамінае сын Якуба Коласа. — Мн .: Полымя, 2000. — С. 157. — 286 с. — 2 500 экз. — ISBN 985-07-0363-6-3.
Літаратура
- Галіна Антось. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — С. 461. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).
- Галіна Антось. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — С. 455. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
- Галіна Антось. Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. — Т. 2. Верабей — Іваноў. — С. 92. — 541 с.; іл.. — ISBN 5-85700-075-0.
- Гардзіенка А. Біяграмы // Юрэвіч Л. Літаратурны рух на эміграцыі. — Мн.: Бібліятэчка «Беларускага гістарычнага агляду», 2002.