Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч | |
---|---|
Дата нараджэння | 31 студзеня 1926 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 27 мая 2020 (94 гады) |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Бацька | Якуб Колас |
Жонка | Наталля Іванаўна Фёдарава[d] |
Дзеці | Марыя Міхайлаўна Міцкевіч |
Род дзейнасці | навуковец |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар тэхнічных навук |
Альма-матар | |
Вядомы як | даследчык у галіне апрацоўкі металаў |
Прэміі |
|
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Міхась (Міхаіл) Канстанцінавіч Міцкевіч (31 студзеня 1926, Менск — 27 мая 2020, Мінск) — беларускі навуковец у галіне апрацоўкі металаў. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1980). Доктар тэхнічных навук (1985). Майстар спорту СССР па стэндавай стральбе. Малодшы сын Якуба Коласа[1].
Біяграфія
Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч маладзейшы з трох сыноў Якуба Коласа.
Да пачатку нямецкай акупацыі ў час Другой сусветнай вайны закончыў восем класаў сярэдняй школы № 49 Мінска (I—VII класы вучыўся ў школе № 14 Мінска), у 1943 г. — дзесяцігодку ў Ташкенце з атэстатам выдатніка. Паступіў у Варонежскі авіяцыйны інстытут на машынабудаўнічы факультэт (інстытут месціўся ў Ташкенце ў час эвакуацыі); у тым самым годзе перавёўся ў Маскоўскі авіяцыйны інстытут на аналагічны факультэт. У 1947 г. пераехаў у Мінск. У 1949 г. скончыў Беларускі політэхнічны інстытут (цяпер — БНТУ) па спецыяльнасці «тэхналогія машынабудавання».
З 1949 г. працаваў у Фізіка-тэхнічным інстытуце Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, дзе займаў пасады малодшага навуковага супрацоўніка (1949—1961), галоўнага інжынера лабараторыі (1961—1968), загадчыка лабараторыі (1969—1993). З 1993 г. — галоўны навуковы супрацоўнік.
Падрыхтаваў больш за 150 навуковых прац, аўтар звыш 20 вынаходніцтваў.
Памёр 27 мая 2020 года[2]. Пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску.
Узнагароды
За распрацоўкі ў галіне тэхналогіі і абсталявання для электраэразійнай апрацоўкі металаў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй БССР (1980).
Сям’я
Жонка Міхася Канстанцінавіча — Наталля Іванаўна Фёдарава (1924—2012), дачка беларускага пісьменніка Янкі Маўра.
Спорт
Мае званне «майстар спорту», браў удзел і быў прызёрам першай спартакіяды народаў СССР (1956) у спаборніцтвах па стэндавай стральбе.
Хобі
Захапленні — паляванне, фатаграфія, складанне эпіграм.
У літаратурнай творчасці свайго бацькі
Стаў прататыпам галоўнага героя дзіцячай паэмы Якуба Коласа «Міхасёвы прыгоды» (1934). Малодшаму сыну паэт прысвяціў таксама вершы: «Рагатка» (1934), «Дронік» (1935—1936), «Не тужы» (1939), «Сыну» (1942), «Міхасю» (1943), «…Адстану я, і час разлукі» (1946).
Зноскі
- ↑ Грушэцкі А.Л.. Памёр Міхась Міцкевіч, малодшы сын Якуба Коласа(недаступная спасылка). Новы Час (27 мая 2020). Архівавана з першакрыніцы 28 мая 2020. Праверана 28 мая 2020.
- ↑ Памёр малодшы сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч
Літаратура
- Міцкевіч Міхаіл Канстанцінавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10). — С. 489.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч
- Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч // yakubkolas.by
- Сын Якуба Коласа: З часоў бацькі стан беларускай мовы толькі пагоршыўся Архівавана 10 сакавіка 2016. // lit-bel.org