Міхась Зуй | |
---|---|
Род дзейнасці | палітык |
Дата нараджэння | 23 кастрычніка 1909 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 24 красавіка 1995 (85 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Партыя | |
Член у |
Міхась (Міхаіл Міхайлавіч) Зуй (23 кастрычніка 1909, в. Вялікае Сяло, Германаўская воласць, Дзісенскі павет (цяпер Шаркаўшчынскі раён, Віцебская вобласць) — 24 красавіка 1995) — беларускі грамадскі і палітычны дзеяч.
Біяграфічныя звесткі
Да Другой сусветнай вайны
Нарадзіўся ў сям’і сельскага гаспадара. У 1917 годзе пачаў навучанне ў рускай пачатковай школе. Праз чатыры месяцы школа перастала працаваць у сувязі з вайной Расіі з Германіяй. У 1918—1919 годзе зноў пайшоў вучыцца ў рускую школу. Праз пяць месяцаў быў зноў змушаны пакінуць школу, гэтым разам праз хваробу бацькі, каб ва ўзросце 9-ці год выконваць за яго ўсе гаспадарчыя работы. У 1921 годзе пяць месяцаў вучыўся ў польскай школе і хадзіў на вячэрнія курсы, што ў выніку дазволіла скончыць праграму польскай сямігодкі і аднагадовы курс сельскай гаспадаркі.
Да беларускага руху далучыўся ў 1930-х гадах. У 1932 годзе арганізаваў і кіраваў (да пачатка савецкай акупацыі ў 1939 годзе) суполкай польскага «Кола Вясковай Моладзі» (Kolo Mlodzezy Wiejskiej). Спаткаўшыся ў гэты час з беларускай літаратурай, паводле ягоных успамінаў, стаў нацыянальна свядомым. У рамках арганізацыі праводзіў беларускую культурніцкую працу: пашыраў сярод беларускага насельніцтва свядомасць аб Беларусі, праз адыграванне беларускіх п’есак, ды выступы беларускага мяшанага хору з беларускімі песнямі, дапамагаў бараніцца ад паланізацыі беларусаў, а таксама даваў сялянам сельскагаспадарчыя парады. У 1936 годзе паехаў у Вільню на шасцімесячныя курсы ад Вясковага Грамадскага Універсітэту (Wiejski Uniwersytet Spoleczny). Вярнуўшыся назад, выконваў функцыю брыгадзіра па садаводстве ў воласці, а таксама арганізаваў другое Кола Вясковай Моладзі і апякаваўся ім.
Другая сусветная вайна
У 1939 годзе падчас савецкай акупацыі быў прызначаны агітатарам, каб тлумачыць савецкую канстытуцыю і палажэнне аб выбарах у акруговых вёсках, што дазволіла паясняць сялянам праўдзівае становішча з свабодай у СССР. Адначасова працаваў актывістам, дзесяцідворнікам. У палове 1940 года атрымаў прапанову супрацы з НКУС, але адмовіўся і толькі пасля чатырохгадзінных пагрозаў яму пісталетам, фармальна пагадзіўся падпісаць дакумент. Каб уратаваць суайчыннікаў ад лагераў, двойчы сустракаўся з НКУС, хоць і сам рызыкаваў за гэта туды трапіць. У верасні 1940 года, як сын кулака, з цяжкасцю стаў студэнтам «Сельскохозяйственного полеводческого техникума» ў Глыбокім, дзе вучыўся да 1941 года. Перад выбухам нямецка-савецкай вайны зноў быў выкліканы ў НКУС, але яго ўратаваў пачатак вайны і мабілізацыя ў савецкую армію. Ахоўваў склады з боепрыпасамі ў Крулеўшчыне, але ў сувязі з наступам немцаў бальшавікі ўзарвалі склады, а ён дэзертаваў і вярнуўся дамоў.
З пачаткам нямецкай акупацыі атрымоўваў пагрозы расстрэлу ад палякаў, паступіўшых на службу немцам. Праз Яўгена Аскерку атрымаў прапанову далучыцца да беларускай справы, а ў выніку з восені 1941 стаў старшынёй Беларускай народнай самапомачы ў Германавічах. У лістапада 1941 — старшыня Германаўскай воласці. Намінацыю аб гэтым прывёз Янка Гінько, які таксама дапамог Міхасю Зую прыняць воласць. Пачаў замяняць беларусамі працаўнікоў воласці палякаў, камендантам паліцыі таксама прызначыў беларуса. У маі 1942 прызначаны начальнікам Шаркоўшчынскага павета, пасля чаго паехаў у Шаркаўшчыну для арганізацыі павятовай управы. Выкарыстоўваючы сваё становішча і знаёмства, шмат разоў ратаваў беларускія вёскі і хутары ад нямецкіх супрацьпартызанскіх каральных акцыяў і знішчэння.
Узімку 1943 года па прапанове Уладзіслава Рыжага далучаецца да Беларускай незалежніцкай партыі (БНП), пазней становіцца сябрам ЦК БНП. Займаўся праблемай забеспячэння шпіталяў. Аднойчы быў арыштаваны нямецкім СД і правёў суткі ў турме, калі вёз з Мінска 75 скрынак з медыкаментамі шаркаўскаму шпіталю. Вясной 1943 г. уратаваў беларускую моладзь свайго павета ад мабілізацыі, дабіўшыся ад генеральнага камісара Беларусі распараджэння аб толькі добраахвотнай вярбоўцы ў войска.
У красавіку 1944 года праз Янку Гінько атрымаў загад падабраць сем дэлегатаў на Другі Усебеларускі кангрэс. Напярэдадні Кангрэсу ўдзельнічаў у нарадзе ЦК БНП: планавалася ўвогуле зрываць Кангрэс, бо была пагроза, што прэзідэнт Беларускай цэнтральнай рады Радаслаў Астроўскі скампраметуе беларусаў на ўвесь свет, заявіўшы аб супрацы з немцамі, але было аднагалосна прагаласавана за план Міхася Зуя, які хацеў зрываць кангрэс толькі ў выпадку, калі Астроўскі сапраўды «скажа хоць адно слова супраць беларускага народа». Удзельнічаў у Другім Усебеларускім кангрэсе.
Эвакуацыя і першыя гады эміграцыі
28 чэрвеня 1944 года выехаў для эвакуацыі на Захад. Па дарозе спаткаўся з капітанам Усеваладам Родзькам і па ягонай прапанове далучыўся да беларускага батальёна «Дальвіц». Таксама атрымаў дакумент на права вербаваць беларусаў у батальён і завербаваў групу ў 26 чалавек. Са жніўня 1944 — у ваеннай школе «Дальвіц» (таксама вядомай як беларускі дэсантны батальён «Дальвіц»), камандзір звяза, лейтэнант. Разам з іншымі праходзіў падрыхтоўку на партызанскую дзейнасць у Беларусі, якая павінна была пачацца разам з паўторным прыходам немцаў. Паводле ўспамінаў Міхася Зуя, батальён чакаў на нагоду здацца ў рукі Альянтаў, каб зберагчы сваё жыццё ад бальшавікоў. У некалькі пробных дэсантных групаў не трапіў, бо мусіў вербаваць хлопцаў для батальёна. Пасля пераезду батальёна ў Чэхію ездзіў па лагерах з мэтай вярбоўкі.
Пасля раззбраення батальёна ў Чэхіі затрыманы савецкімі вайскоўцамі, падчас канвою змяніў мундзір на свэтр, а потым на допытах схлусіў, нібы быў прымусова забраны на працу ў Германію. Мабілізаваны ў Чырвоную Армію, два месяцы праходзіў тактычныя заняткі, а восенню 1945 на тэрыторыі Польшчы дэзертаваў, калі яго планавалі паўторна дапытаць у НКУС. Падчас уцёкаў зламаў ногі, але ўратаваўся дзякуючы дапамозе мясцовага паляка. З гэтага часу жыў на нелегальным становішчы ў Польшчы. Праз два месяцы па часоваму пашпарту працаваў слесарам у Варшаве, ад вясны 1946 г. працуе на гадоўлі фруктовых дрэўцаў у той жа вёсцы, дзе дэзертаваў раней. 4 снежня 1946 года пераехаў да сваёй сям’і, якая пасялілася ў заходняй Польшчы, год працаваў у бюро надлясніцтва. У снежні 1947 года ўночы па яго прыехалі супрацоўнікі НКУС для арышту, але ён уцёк у лес і дзесяць дзён змагаўся за сваё існаванне. Пасля гэтага, маючы на руках фальшывыя дакументы, сеў у цягнік, выехаў да сябра і хаваўся ў яго паўтара месяца. Зрабіў другія дакументы на новае прозвішча, пераехаў пад чэшскую мяжу да сябра і чакаў на мажлівасць эміграцыі.
Эміграцыя на Захад
28 чэрвеня 1948 года з дапамогай камандзіра Арміі Краёвай перайшоў мяжу з Германіяй. На трэці дзень перабраўся ў амерыканскую зону акупацыі Берліна, дзе жыў каля двух з паловай месяцаў. На пачатку восені з дапамогай сяброў БНП Міхася Маеўскага і Уладзіміра Сенькі выляцеў у брытанскую зону акупацыі Германіі. Жыў у беларускім лагеры ДП у Ватэнштаце, арганізаваў беларускія пастаноўкі, прымаў актыўны ўдзел у грамадскай працы. Стаў сябрам ЦК Замежнага сектара БНП.
З дапамогай генерала ангельскай разведкі 9 кастрычніка 1949 года пераплывам дастаецца ў Аўстралію, дзе называе сваё ўласнае імя і 6 месяцаў у лагеры Банагіла чакае на праверку таго, што ён не ваенны злачынец. 13 снежня 1949 года атрымоўвае ранг надлейтэнанта ад БЦР. Навязвае сувязь з беларусамі, працуе ў Альбуры на ліманаднай фабрыцы. Застае выбраны сябрам управы Беларускага аб’яднання ў Новай Паўднёвай Валіі. Пераязджае ў Сідней. Абраны старшынёй Галоўнай Управы Беларускага Аб’яднання ў Аўстраліі, арганізоўвае мешаны хор, які выступаў на нацыянальных святкаваннях і міжнацыянальных канцэртах, робіць публічныя беларускія забавы і кожны год нацыянальныя святкаванні. 1 лютага 1952 года за грамадскую працу атрымоўвае рангу капітана ад БЦР. Кіраўнік Дэлегатуры БЦР у Аўстраліі (з 1952). Адзін з кіраўнікоў Беларускага вызваленчага фронту. У 1965 годзе арганізоўвае высылку беларускіх дэлегатаў на міжнародныя палітычныя канферэнцыі Сусветнай Антыкамуністычнай лігі. 13 лістапада 1978 года атрымаў ад прэзідэнта БЦР ранг генерала. На XIX Пленуме БЦР у 1987 быў абраны прэзідэнтам БЦР.
Пад канец 1994 года Міхась Зуй захварэў і апынуўся ў шпіталі з ракам. На просьбу Сяргея Ярша напісаў успаміны назовам «Мая аўтабіяграфія».
Памёр 24 красавіка 1995 года. Пахаваны 1 мая на могілак Роквуд у Сіднэі. Абрад паховінаў выканаў а. Ігар Хлябіч, гроб быў накрыты бел-чырвона-белым сцягам, упрыгожаны ўзнагародамі Міхася Зуя — трыма медалямі БКА і БЦР.
Бібліяграфія
- Зуй М. Мая аўтабіяграфія // Вяртаньне БНП. Асобы й дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі. — Менск — Слонім: БГАКЦ, 1998. С. 71-82.
Літаратура
- Соловьев А. Белорусская Центральная Рада: создание, деятельность, крах. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995. С. 157;
- Вежан Я. [Ёрш С.] Памёр Міхась Зуй // Пагоня (Гродна), 1995. № 23, 16-22 чэрвеня;
- Ёрш С. Лісты прэзыдэнта // Пагоня, 1995, № 46, 8-14 сьнежня;
- Ёрш С. Успамін пра Міхася Зуя // Ніва, 1996, № 39, 29 верасня;
- Лісты прэзыдэнта // Вяртаньне БНП. Асобы й дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі. — Менск — Слонім: БГАКЦ, 1998. С. 69-83;
- Гардзіенка Н. Беларусы ў Аўстраліі. Да гісторыі дыяспары. — Мінск: «Беларускі кнігазбор», 2004. С. 422—423.