Электроннамікраскапічная фатаграфія, якая паказвае мітахондрыі сысуна ў папярочным сячэнні

Мітахондрыі (ад грэч. μίτος — нітка і χόνδρος — зерне) — двумембранныя гранулярныя або ніткападобныя арганелы таўшчынёй каля 0,5 мкм, якія ўдзельнічаюць у працэсе клетачнага дыхання і забяспечваюць арганізм эўкарыётаў энергіяй у выглядзе АТФ. Характэрны для большасці эўкарыятычных клетак як аўтатрофаў (фотасінтэзавальныя расліны), так і гетэратрофаў (грыбы, жывёлы). Энергетычная станцыя клеткі; асноўная функцыя — акісленне арганічных злучэнняў і выкарыстанне вызваляемай пры іх распадзе энергіі ў сінтэзе малекул АТФ, гэта адбываецца за кошт руху электронаў па электронна-транспартным ланцугу бялкоў унутранай мембраны.

Мітахондрыі сустракаюцца практычна ва ўсіх эўкарыятычных клетках. Іх колькасць у розных клетках вар'іруецца ад адной або некалькіх (аднаклетачныя пратысты, сперматазоіды) да сотняў тысяч. Асабліва шмат мітахондрый змяшчаецца ў тых клетках, якія маюць патрэбу ў вялікай колькасці энергіі (клеткі мышцаў, печані). У фотасінтэзавальных клетках раслін мітахондрый менш, чым у клетках жывёл, паколькі іх функцыі (сінтэз АТФ) часткова выконваюць хларапласты.

Мітахондрыі могуць мець выгляд акруглых цельцаў, палачак, ніцей. Яны ўтвораны дзвюма мембранамі — вонкавай і ўнутранай, паміж якімі ёсць міжмембранная прастора. Вонкавая мембрана гладкая, яна аддзяляе змесціва мітахондрыі ад гіялаплазмы і адрозніваецца высокай пранікальнасцю для розных рэчываў. Унутраная мембрана менш пранікальная, яна ўтварае крысты — шматлікія складкі, накіраваныя ўнутр мітахондрый. За кошт крыстаў плошча паверхні ўнутранай мембраны істотна павялічваецца. Унутраная мембрана мітахондрый змяшчае ферменты, якія ўдзельнічаюць у працэсе клетачнага дыхання і забяспечваюць сінтэз АТФ.

Унутраная прастора мітахондрый запоўнена гелепадобным матрыксам. У ім змяшчаюцца розныя бялкі, у тым ліку ферменты, амінакіслоты, кальцавыя малекулы ДНК, усе тыпы РНК і іншыя рэчывы, а таксама рыбасомы. Наяўнасць уласных малекул ДНК і рыбасом забяспечвае некаторую аўтаномнасць мітахондрый, хоць у цэлым іх работа каардынуецца ядром клеткі.

Функцыя мітахондрый — сінтэз АТФ за кошт энергіі, якая вызваляецца пры акісленні арганічных злучэнняў. Пачатковыя этапы акіслення рэчываў у мітахондрыях адбываюцца ў матрыксе, а наступныя — на ўнутранай мембране. Такім чынам, мітахондрыі з'яўляюцца «энергетычнымі станцыямі» клеткі.

Мітахондрыі ў клетцы пастаянна аднаўляюцца. Напрыклад, у клетках печані сярэдняя працягласць жыцця мітахондрый складае каля 10 дзён. Павелічэнне колькасці мітахондрый у клетцы адбываецца шляхам іх дзялення.

Літаратура

  • Біялогія: падруч. для 10-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / пад рэд. М. Д. Лісава; пер. з рус. мовы В. К. Раманцэвіч. — 3-е выд. — Мн.: Нар. асвета, 2014. ISBN 978-985-03-2169-5

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.