Мінскі гарадскі суд

Мінскі гарадскі суд — суд у Мінску, размешчаны па вуліцы Дуніна-Марцінкевіча, 1, корпус 3. Мінскі гарадскі суд складаецца з 47 суддзяў, у тым ліку старшыні, першага намесніка і намеснікаў старшыні суда. Мінгарсуд і Вярхоўны суд адзіныя суды, якія могуць выносіць смяротнае пакаранне ў Мінску.

Гісторыя

Мінскі гарадскі суд утвораны Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 25 снежня 1978 года № 2523-IX на правах абласнога суда. У адпаведнасці з рашэннем сесіі Мінскага гарадскога Савета народных дэпутатаў ад 24 мая 1979 года прыступіў да выканання абавязкаў старшыня Міхаіл Міхайлавіч Германовіч, які кіраваў судом да 1986 года. У 1979 годзе суд складаўся з 16 суддзяў і 270 народных засядацеляў.

У выніку рэфармавання судовай сістэмы з 1 студзеня 2014 года Мінскі гарадскі суд надзелены дадатковымі паўнамоцтвамі па арганізацыйным, матэрыяльна-тэхнічным, інфармацыйным і кадравым забеспячэнні дзейнасці раённых (гарадскіх) судоў. Да гэтага моманту вырашэнне названых пытанняў было ўскладзена на Міністэрства юстыцыі і яго органы на месцах. Адпаведна зазнала змены і структура Мінскага гарадскога суда.

Структура

На 2020 год апарат суда складаўся з шасці структурных падраздзяленняў:

  • аддзела арганізацыйнага забеспячэння судовай дзейнасці;
  • аддзела кадраў і дзяржаўнай службы;
  • аддзела статыстыкі і аналізу судовай практыкі;
  • аддзела інвестыцый, дзяржаўных закупак і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння;
  • аддзела фінансавання, бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці;
  • аддзялення праграмна-інфармацыйнага забеспячэння.

У Мінскім гарадскім судзе ўтвораны:

  • прэзідыум;
  • судовая калегія па грамадзянскіх справах;
  • судовая калегія па крымінальных справах.

Кампетэнцыя суда

  • разглядае ў межах сваёй кампетэнцыі ў якасці суда першай інстанцыі, у парадку нагляду і па новых абставінах грамадзянскія, крымінальныя справы і справы аб адміністрацыйных правапарушэннях;
  • разглядае ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі ў межах сваёй кампетэнцыі грамадзянскія справы ў апеляцыйным парадку, крымінальныя справы ў апеляцыйным парадку, а таксама скаргі (пратэсты) на пастановы раённых (гарадскіх) судоў па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях;
  • ажыццяўляе нагляд за судовай дзейнасцю ніжэйстаячых судоў, аказвае ім дапамогу ў прымяненні заканадаўства;
  • вывучае і абагульняе судовую практыку, вядзе і аналізуе судовую статыстыку;
  • ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

Старшыні

Санкцыі ЕС

10 кастрычніка 2011 года па выніках жорсткага разгону акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2010 года і пераследу яе ўдзельнікаў дзевяць суддзяў суда (Валерый Камісараў, Уладзімір Сцяпурка, Сяргей Хрыпач, Васіль Назаранка, Вольга Камароўская, Вікторыя Зайцава, Тамара Унукевіч, Ігар Крот, Уладзімір Хробастаў), якія адхілілі касацыйныя скаргі шэрагу ўдзельнікаў працэсаў па справе 19 снежня (Плошча 2010), і Уладзімір Корнаў, суддзя па справе Бяляцкага (Алесь Бяляцкі), былі ўнесены ў Чорны спіс Еўрасаюза. 27 лютага 2012 года да іх ліку быў дададзены старшыня суда Уладзімір Пуцыла[5][6], які адхіліў апеляцыі палітвязняў Паўла Севярынца і Аляксандра Атрошчанкава[7].

Зноскі

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.