Славутасць | |
Мінскі гарадавы | |
---|---|
53°53′56″ пн. ш. 27°33′09″ у. д. | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Скульптар | Аляксандр Дранец |
Архітэктар | Павел Вайніцкі |
Дата заснавання | 2017 |
Дата пабудовы | 2017 год |
|
Мінскі гарадавы — бронзавая скульптура ў Мінску, размешчаная па вул. Гарадскі Вал, насупраць будынка Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Атрымала дурную славу ў часы міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча пасля шматлікіх інцыдэнтаў з затрыманнем людзей, якія спрабавалі кантактаваць з ёй.
Гісторыя
Рашэнне ўсталяваць скульптуру мінскаму гарадавому было прынята пры правядзенні рэканструкцыі будынка 1914 года, у якім у наш час размяшчаецца музей МУС[1], і прымеркавана да 100-годдзя міліцыі Беларусі, якое адзначалася ў 2017 годзе. 2 сакавіка 2017 года адбылося ўрачыстае адкрыццё скульптурнай кампазіцыі і музея[2], у якім прынялі ўдзел Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, Міністр культуры Барыс Святлоў, старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіча, старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац і іншыя адказныя асобы[1].
Апісанне
Аўтарам «Мінскага гарадавога» стаў скульптар Аляксандр Дранец. Канцэпцыя помніка належыць міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу, які настаяў на прысутнасці ў кампазіцыі двух яе характэрных элементаў: маленькага беспароднага сабачкі, які ўтульна прыстроіўся каля ног гарадавога, і ліхтара, які па начах будзе гарэць над іх галовамі. Фігура царскага гарадавога выканана паводле архіўнай фатаграфіі. Як і гістарычны прататып ён мае розныя пагоны: у тыя часы на службу галоўным чынам бралі былых салдатаў — на адным плячы заставаўся армейскі пагон, з якім ён звальняўся, а на іншым — паліцэйскі, які яму выдавалі[1].
Цікавыя факты
З’яўленне скульптуры прымеркавана да 100-годдзя беларускай міліцыі, якая вядзе сваю гісторыю ад бальшавікоў — з 4 сакавіка 1917 года, калі баявыя атрады рабочых пад кіраўніцтвам Міхаіла Фрунзэ захапілі ў Мінску паліцэйскую ўправу і раззброілі паліцэйскіх, узяўшы горад пад свой кантроль. Аднак гарадавы — прадстаўнік гарадской паліцыі Расійскай імперыі, якіх і раззбройвалі бальшавіцкія атрады[3]. У часе рэвалюцыйных падзей гарадавых арыштоўвалі і нават забівалі[4].
Інцыдэнты
- Увечары 12 сакавіка 2017 года актывіст Вячаслаў Касінераў у знак пратэсту супраць міліцэйскага бязмежжа, праследавання актывістаў, журналістаў і простых грамадзян за ўдзел у мірных акцыях накінуў пятлю на шыю скульптуры гарадавога. Суд прызнаў Касінерава вінаватым у хуліганстве і аштрафаваў на 105 рублёў[5][6].
- 28 чэрвеня 2018 года тэатральная лабараторыя Fortinbras пры Беларускім свабодным тэатры правяла акцыю у падтрымку ЛГБТ-супольнасці. Яна паспрабавала стварыць вясёлкавую клумбу і намаляваць вясёлкавыя сляды на тратуары. Тры ўдзельнікі акцыі і фотажурналіст БелаПАН Андрэй Шаўлюга былі затрыманы і атрымалі штрафы[7][8]. Раней разгарэўся скандал, калі 20 мая 2018 года на сайце МУС быў размешчаны каментарый, які тычыўся дзеянняў пасольства Вялікабрытаніі, якое 17 мая, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, трансфобіяй і біфобіяй, вывесіла ЛГБТ-сцяг. Удзельнікі акцыі заявілі, што заклікаюць МУС пераступіць праз забабоны і абараняць правы ЛГБТ-грамадзян, якія не парушаюць закон і сплачваюць падаткі, дзякуючы якім Міністэрства і існуе[7].
Выбачэнне перад скульптурай
У лістападзе 2018 года 17-гадовы падлетак у скачку даў скульптуры поўху. Гэта заўважылі міліцыянеры, якія затрымалі хлопца, апыталі і склалі адміністрацыйны пратакол паводле арт. 17.1 КаАП РБ («хуліганства»). Міністэрства ўнутраных спраў выклала на сваім Youtube-канале відэаролік, у якім падлетак выбачаецца перад скульптурай гарадовага і перад міліцыянтамі[9][10]. Дзеянні супрацоўнікаў МУС выклікалі абурэнне ў грамадстве, якое палічыла іх празмернымі, тым больш, што скульптура не мае статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і не з’яўляецца помнікам[11].
16 лістапада блогер Яўген Ліпковіч запусціў на Petitions.by збор подпісаў за знос скульптуры, названай «маламастацкім творам», абгрунтаваўшы гэта тым, што яна «правакуе жыхароў і супрацоўнікаў міліцыі на неадэкватныя дзеянні»[12].
Пасля відэа, апублікаванага МУС, беларусы арганізавалі флэшмоб, пачаўшы прасіць прабачэння ў помнікаў у сацсетках і публікуючы іх пад хэштэгамі #помнікпрабач (руск.: #памятникпрости)[12].
17 лістапада 2018 года міліцыя затрымала і правяла выхаваўчую гутарку з мінчуком, які завязаў шалік скульптуры. Паводле меркавання супрацоўнікаў праваахоўных органаў «гэта скульптура з’яўляецца тварам МУС», таму «нічога на помнік вешаць не варта»[13].
Раніцай 19 лістапада чатыры акцёркі «Свабоднага тэатра» прыйшлі да скульптуры гарадавога з сабакам, каб выказаць пратэст яе «асабліваму статусу». Яны пачалі яе цалаваць, абдымаць, каб «сагрэць», і рабіць сэлфі. Практычна адразу з Музея МУС выйшлі два міліцыянеры, якія папярэдзілі, што скульптуру цалаваць і нават датыкацца да яе нельга[14][15].
20 лістапада ў прэс-службе МУС паведамілі, што фатаграфавацца побач са скульптурай гарадавога, абдымаць яе і гладзіць скульптуру сабачкі можна[11].
На пачатку снежня 2018 года анархісты паставілі каля скульптуры памінальны вянок з надпісам: «Іміджу МУС». Іх адправілі на ноч у ізалятар на Акрэсціна, пасля чаго суд аштрафаваў іх за «дробнае хуліганства». 18-гадовая студэнтка правяла два дні ў ізалятары за тое, што зрабіла выгляд быццам замахваецца на гарадовага нагой[16].
Паводле інфармацыі «Нашай Нівы» за іміджавы правал з выбачэннямі перад гарадавым звольнены начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Георгій Яўчар[17]
Пасля сыходу Ігара Шуневіча з пасады міністра ўнутраных спраў, інцыдэнты вакол скульптуры скончыліся. Новы міністр Юрый Караеў сказаў, што з помнікам можна фатаграфавацца і «рабіць усё, што не абражае чалавечую годнасць»[18].
У сярэдзіне лютага 2020 года ў сувязі з чуткамі аб затрыманні Ігара Шуневіча па «цукровай справе» да скульптуры прынеслі пачак цукру.
Зноскі
- 1 2 3 В Минске установили памятник городовому
- ↑ ДОСЬЕ: К 100-летию белорусской милиции
- ↑ В Минске появился памятник городовому Архівавана 25 сакавіка 2018.
- ↑ В Петербурге почтили память городовых — жертв Февральской революции (руск.)(недаступная спасылка). rusk.ru (26 траўня 2008). Архівавана з першакрыніцы 17 лістапада 2018. Праверана 17-11-2018.
- ↑ Касінерава аштрафавалі за пятлю на шыі «царскага гарадавога». Жывы блог
- ↑ Анекдот с петлёй на шее. № 17 (1093) 2 мая 2017 г. Общество. БелГазета
- 1 2 Каля статуі гарадавога насупраць МУС зьявілася ЛГБТ-клюмба. Фатафакт
- ↑ Журналіста Андрэя Шаўлюгу і ўдзельнікаў акцыі насупраць МУС пакаралі штрафамі ў 73,5 рубля
- ↑ Як у Чачні: падлетак, які даў поўху скульптуры гарадавога, просіць прабачэння ў помніка і міліцыянтаў ВІДЭА
- ↑ Міліцыя апублікавала ВІДЭА выбачэньняў хлопца перад помнікам царскаму гарадавому
- 1 2 МВД: «Делать селфи с городовым можно! Гладить собачку тоже»(недаступная спасылка)
- 1 2 За знос менскага помніка царскаму гарадавому пачалі збор подпісаў
- ↑ Міліцыя правяла выхаваўчую гутарку з мінчуком, які завязаў шалік скульптуры гарадовага ВІДЭА
- ↑ Милиционер запретил девушкам дотрагиваться до памятника городовому
- ↑ Міліцыя забараніла дзяўчатам цалаваць скульптуру царскага гарадавога ў Менску. ФОТА і ВІДЭА
- ↑ Караеў распавёў, што цяпер можна рабіць з гарадавым
- ↑ Крыніцы: за іміджавы правал з выбачэннямі перад гарадавым звольнены прэс-сакратар МУС Георгій Яўчар
- ↑ Дазволіў фоткацца з гарадавым. Што змяніў Юрый Караеў за месяц кіраўніцтва МУС Архівавана 6 жніўня 2020.