Мікалай Аляксандравіч Волкаў | |
---|---|
Дата нараджэння | 9 чэрвеня 1985 (38 гадоў) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | гісторык |
Месца працы | |
Навуковая ступень | кандыдат гістарычных навук (2016) |
Альма-матар |
|
Мікалай Аляксандравіч Волкаў, вядомы як Мікола Волкаў (нар. 9 чэрвеня 1985, Мінск) — беларускі гісторык. Кандыдат гістарычных навук (2016).
Біяграфія
Бацька — Аляксандр Міхайлавіч, паходзіць з Брагінскага раёна, маці — Таццяна Мікалаеўна (Шагун), з Зажэвічаў Салігорскага раёна.
Скончыў у 2008 годзе гістарычны факультэт БДУ, у 2009 годзе магістарскую праграму «Ахова і інтэрпрэтацыя гісторыка-культурнай спадчыны» ў ЕГУ. У 2009—2010 гадах навучаўся ў магістратуры НАНБ, у 2011—2013 гадах — у аспірантуры РІВШ пры БДУ, у 2013—2016 гадах — у аспірантуры Інстытута гісторыі НАНБ. Абараніў кандыдацкую дысертацыю «Забеспячэнне абароназдольнасці рэзідэнцый роду Радзівілаў на беларускіх землях Вялікага Княства Літоўскага ў XVI — пачатку XVIII ст.» (снежань 2016).
Стажыраваўся ва ўніверсітэце Марціна Лютэра ў Гале (2006), Варшаўскім універсітэце (2010—2011), Вольным універсітэце Берліна (2012—2013), Літоўскім эдукалагічным універсітэце ў Вільні (2014).
У 2014—2020 гадах працаваў у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі: малодшы навуковы супрацоўнік, старшы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі Беларусі Сярэдніх вякоў і пачатку Новага часу. З 2015 года таксама працаваў у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі: вядучы навуковы супрацоўнік аддзела старажытных актаў, старшы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-даследчай і публікацый надзейнасці[1].
У 2020 годзе браў удзел у пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў, гвалту і беззаконня, за што арыштоўваўся рэжымам Лукашэнкі[2]. 17 лістапада трапіў у лік навукоўцаў, якім кіраўніцтва НАНБ не працягнула кантракт[3].
Супрацоўнік Цэнтра па рэгенерацыі гісторыка-культурных ландшафтаў і тэрыторый[1].
Навуковая дзейнасць
Сфера навуковых зацікаўленняў: абарончая архітэктура, горадабудаўніцтва і артылерыя Вялікага Княства Літоўскага ў XVI—XVIII стагоддзях.
Аўтар больш за 50 публікацый, у т.л. кніг «Артылерыя Нясвіжскага замка» (2015) і «Слуцк на старых планах» (2017).
Заўвагі
Літаратура
- ВОЛКАЎ Мікалай Аляксандравіч // Сучасныя беларускія даследчыкі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага : біябібліяграфічны даведнік / С. П. Марозаў. — Гродна-Каўнас: ЮрСаПрынт, 2022. — 290 с. — ISBN 978-985-7257-57-7, 978-609-96340-1-2.
Спасылкі
- Старонка М. Волкава на academia.edu
- Старонка М. Волкава Архівавана 18 ліпеня 2021. на сайце ІГ НАНБ
- Выбраныя працы М. Волкава на pawet.net