Мікалай Мікалаевіч Шчакаціхін | |
---|---|
![]() | |
Дата нараджэння | 13 кастрычніка 1896 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1 красавіка 1940 (43 гады) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | мастацтвазнавец, гісторык, настаўнік, тэарэтык мастацтва |
Навуковая сфера | архітэктура і мастацтвазнаўства |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар мастацтвазнаўства |
Альма-матар | |
![]() |
Мікола (Мікалай) Мікалаевіч Шчакаціхін (13 (1) кастрычніка 1896, Масква — 1 кастрычніка 1940, Белябей, Башкірская АССР) — беларускі мастацтвазнавец, гісторык і тэарэтык мастацтва, педагог.
Біяграфія
Сям’я і дзяцінства
Нарадзіўся ў Маскве. Маці Мікалая, Лідзія Пятроўна Шчакаціхіна нарадзіла сына ад інжынера, які рана пакінуў сям’ю[1].
Сястра маці М. Шчакахіна, Варвара Пятроўна, была жонкай расійскага юрыста Барыса Гальдэнвейзера. Іх сын, знакаміты савецкі музыкант Аляксандр Барысавіч Гальдэнвейзер пакінуў пра сваю цётку Лідзію такія ўспаміны:
![]() |
Лідзія Пятроўна вучылася ў жаночай класічнай гімназіі Фішар у Маскве, пасля заканчэння якой атрымала месца настаўніцы ў Арлоўскай гімназіі. У Арле яна і пражыла некалькі гадоў разам са сваёй маці, Аляксандрай Васілеўнай — маёй бабуляй. Жылі яны там да самай смерці бабулі, пасля чаго цётка Лідзія пераехала ў Маскву і служыла ў розных установах. У маладыя гады цётка Лідзія захварэла псіхічным засмучэннем і некалькі месяцаў лячылася ў псіхіятрычнай клініцы ў Маскве. У яе быў пасля (ужо ў Маскве) няшчасны раман, у выніку якога нарадзіўся сын Коля, таленавіты юнак, але вельмі шалапутны. У якасці мастацтвазнаўцы ён працаваў у розных гарадах Расіі. У гады грамадзянскай вайны і голаду цётка Лідзія з сынам патрапілі ў Харкаў; абодва захварэлі там сыпным тыфам. Калі Коля ачуняў і выйшаў з лякарні, маці ён нідзе не знайшоў - відавочна, яна памерла ў бальніцы. Гольденвейзер А. Б. Воспоминания. М., 2009. С. 29 |
![]() |
З дзяцінства размаўляў на 4 мовах, пазней вывучыў яшчэ некалькі (паводле розных звестак, ведаў 12 моў).
Адукацыя і прафесійная дзейнасць
![](../I/BGU-1922.jpg.webp)
Ніжні рад: С. З. Кацэнбоген, А. М. Вазнясенскі, М. М. Нікольскі, У. І. Пічэта, У. М. Ігнатоўскі, Я. Ю. Лёсік, А. А. Міхайлоўскі;
Сярэдні рад: І. М. Салаўёў, С. Я. Вальфсон, Я. І. Барычэўскі, А. А. Савіч, Д. А. Жарынаў, Я. К. Успенскі, І. Я. Герцык;
Верхні рад: У. М. Перцаў, М. М. Шчакаціхін, В. В. Якунін, М. М. Піятуховіч.
Скончыў у 1914 годзе маскоўскую гімназію Флёрава і зрабіўся паэтам. Ён уваходзіў у малавядомы літаратурны гурток, які застаўся ў летапісах адным-адзіным друкаваным зборнікам «Дворец мечтаний» і некалькімі публічнымі выступамі. У 1915 годзе выйшаў альманах гуртка, які ўтрымлівае шэсць яго вершаў. На адным з маскоўскіх аўкцыёнаў у 2018 годзе быў выстаўлены рукапісны зборнік «Щекатихин Н. Браслет экстазов», атрыбуцыя і набыццё якога дазволілі пашырыць корпус вершаў М. Шчакаціхіна ў некалькі разоў.
У 1914—1918 вучыўся ў Маскоўскім універсітэце, куды паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт, праз год перавёўся на прыродазнаўчае аддзяленне фізіка-матэматычнага, а ў 1917 годзе вярнуўся назад на гісторыка-філалагічны. З 1922 года ў Мінску. У 1922—1924 працаваў у БДУ, дацэнт; у 1925—1928 — у Інбелкульце (стварыў пры Інбелкульце Камісію па гісторыі мастацтва), у 1929—1930 — у БелАН[2].
Рэпрэсіі
18 ліпеня 1930 года арыштаваны ДПУ БССР па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі». 10 красавіка 1931 года па пастанове пазасудовага органа (калегіі АДПУ СССР) быў высланы ў Белябей Башкірскай АССР тэрмінам на 5 гадоў. Працаваў статыстыкам, планавіком у кааперацыі, выкладаў у сярэдніх навучальных установах. Нейкі час жыў у в. Колтаўцы (30 км ад Белябея). Працягваў займацца навуковай дзейнасцю, аб выніках якой пісаў у лістах да акадэміка У. Пічэты. Але на навуковыя пасады яму не дазволілі вярнуцца. Рэгулярна перад рэвалюцыйнымі святамі М. Шчыкаціхіна ў «прафілактычных» мэтах арыштоўвалі. У турмах захварэў на туберкулёз, ад якога і памёр. Рэабілітаваны 30 студзеня 1956 года судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР. Групавая справа М. Шчакаціхіна і іншых № 20951-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Навуковая дзейнасць
![](../I/%D0%90%D0%BD%D0%B0%D1%82%D0%BE%D0%BB%D1%8C_%D0%A2%D1%8B%D1%87%D1%8B%D0%BD%D0%B0._%D0%AD%D0%BA%D1%81%D0%BB%D1%96%D0%B1%D1%80%D1%8B%D1%81_%D0%9C%D1%96%D0%BA%D0%BE%D0%BB%D1%8B_%D0%A8%D1%87%D0%B0%D0%BA%D0%B0%D1%86%D1%96%D1%85%D1%96%D0%BD%D0%B0.jpg.webp)
![](../I/Miko%C5%82a_%C5%A0%C4%8Dakacichin._%D0%9C%D1%96%D0%BA%D0%BE%D0%BB%D0%B0_%D0%A8%D1%87%D0%B0%D0%BA%D0%B0%D1%86%D1%96%D1%85%D1%96%D0%BD_(1920-29).jpg.webp)
Адзін з заснавальнікаў беларускага мастацтвазнаўства. Даследаваў выяўленчае мастацтва і архітэктуру Беларусі ад старажытных часоў да сучаснасці: культавае дойлідства і манументальны жывапіс XI—XIX стагоддзяў, іканапіс XVII—XVIII стагоддзяў, абарончыя збудаванні, старажытныя беларускія гравюры, мастацтва кніг Ф. Скарыны, творчасць многіх беларускіх мастакоў, у тым ліку В. Вашчанкі, М. Філіповіча, В. Волкава, А. Грубэ, І. Ахрэмчыка, У. Кудрэвіча, і інш. Упершыню ў беларускім савецкім мастацтвазнаўстве выпрацаваў навуковую канцэпцыю гісторыі беларускага мастацтва, асноўныя кірункі яго развіцця, зрабіў спробу перыядызацыі. Пільную ўвагу аддаваў станаўленню нацыянальнай мастацкай школы, арганізацыі мастацкага жыцця рэспублікі. Выступаў з публікацыямі па праблемах беларускага мастацтва, аўтар артыкула пра беларускае мастацтва для 1-га выдання Вялікай Савецкай Энцыклапедыі (т. 5, 1930)[2]. Разглядзеў і апісаў будынак Мінскай халоднай сінагогі.
У 1928 годзе выдаў т. 1 сваёй галоўнай працы «Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва». Прадоўжыць гэта выданне не здолеў, бо 18 ліпеня 1930 быў арыштаваны ДПУ БССР па справе «Саюза вызвалення Беларусі». У час арышту навуковы супрацоўнік БелАН, дацэнт БДУ, гадаваў дваіх дзяцей.
Памяць
![](../I/%D0%9C%D1%96%D0%BD%D1%81%D0%BA._%D0%94%D0%BE%D1%88%D0%BA%D0%B0_%D0%A8%D0%BA%D0%B0%D1%87%D0%B0%D1%86%D1%96%D1%85%D1%96%D0%BD%D1%83_(02).jpg.webp)
У 2008 годзе на доме Кастравіцкай (вул. Валадарскага, 24) у Мінску, дзе ў 1922—1930 гадах жыў Мікалай Шчакаціхін, устаноўлена мемарыяльная дошка (скульптар К. Селіханаў). На адкрыцці дошкі з прамовамі выступілі дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, старшыня праўлення Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп, пісьменнік Арсень Ліс і іншыя[3].
Творы
- Феликс Валлотон. М., 1918;
- Васіль Вашчанка — магілёўскі гравёр канца XVI — пачатку XVIII сталецця. Мн., 1925;
- Матар’ялы да гісторыі беларускага малярства XVIII ст. // Віцебшчына. Т. 1. 1925;
- Фрэскі Полацкага Барысаглебскага манастыра // Наш край. 1925, № 1;
- Наша сучаснае мастацтва і нацыянальны стыль // Трыбуна мастацтва. 1925, № 3;
- Гравюры i кнiжныя аздобы ў выданьнях Францiшка Скарыны // Чатырохсотлецьце беларускага друку 1525–1925. Мн., 1926. С. 180–227;
- Беларуская архiтэктура ў XI-XII ст. Мн., 1927;
- На шляхох новага беларускага мастацтва // Полымя. 1927, № 2;
- Да пытання аб храналогіі «Малой падарожнай кніжыцы» Скарыны: Scoriniana // Запіскі аддзела гуманітарных навук Інбелкульта. Кн. 3. Працы клясы гісторыі. Т. 2. — Мн., 1928;
- Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. Т. 1. Мн., 1928; факсімільнае выд.: Мн., 1993;
- Помнікі старадаўняй архітэктуры XVII—XVIII стагоддзяў у Мінску // Запіскі аддзела гуманітарных навук. Мн., 1928. Кн. 6. Працы камісіі гісторыі мастацтва. Т. 1, сш. 1;
- Сучаснае беларускае мастацтва. Праваднік па аддзеле сучаснага беларускага малярства і різьбярства. Мн., 1929;
- Новы Менск // Чырвоная Беларусь. 1930, № 1.
У філатэліі
- У 2021 годзе быў выпушчаны мастацкі маркіраваны канверт «Вядомыя асобы Беларусі. М. М. Шчакаціхін» (руск.). Дызайн канверта Святлана Цырулік.
- У 1996 годзе, да 100 — годдзя з дня нараджэння навукоўца, РУП «Белпошта» выпусціла паштовую марку.
Зноскі
- ↑ Соболев А. Л.На краешке стола (Записки комментатора) (руск.)
- 1 2 Шчакаціхін Мікалай Мікалаевіч // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- ↑ У памяць пра Мікалая Шчакаціхіна
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — С. 494. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — С. 238. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
- Шчакаціхін Мікалай Мікалаевіч // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі. — Т. 6. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0495-2. — C. 466.
- Шчакаціхін Мікалай Мікалаевіч // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2005.
- Ліс А. Мікола Шчакаціхін. — Мн., 1968;
- Возвращенные имена: Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталин. репрессий / сост. и авт. предисл. Н. В. Токарев; под ред. А. С. Махнача.. — Мн .: Навука i тэхнiка, 1992. — С. 117–118. — 120 с. — 1 000 экз. — ISBN 5-343-01246-9. Архівавана 31 жніўня 2021.
Спасылкі
- Шчакаціхін Мікалай Мікалаевіч
- Шчакаціхін Мікалай Мікалаевіч на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»