Мікалай Іванавіч Гусеў | |
---|---|
![]() | |
Дата нараджэння | 9 (21) снежня 1899 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 14 лютага 1965 (65 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | мастак, графік |
Месца працы | |
Жанр | жывапіс і графіка |
Вучоба | |
![]() |
Мікалай Іванавіч Гу́сеў, часам імя пісалі як Нікалай (9 (21) снежня 1899, Вязнікаўскі павет[1], Уладзімірская губерня, Расійская імперыя — 14 лютага 1965) — беларускі жывапісец, графік і педагог. Аўтар сцяга БССР узору 1951 года[2], мадыфікацыя якога цяпер ёсць афіцыйным сцягам Беларусі. У кнізе Аляксандра Басава і Івана Куркова аўтар сцяга праз памылку перакладу названы Міхаілам Гусевым[2].
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і сялян Вязнікаўскага павета Уладзімірскай губерні, рускі паводле паходжання[1][3]. У 1906 годзе бацька прадаў маёмасць у вёсцы і працаваў на папяровай фабрыцы ў суседнім Троіцкім-Татараве, у 1908 годзе сям’я зноў пераехала, бацька працаваў рабочым на цыратавай фабрыцы, цесляром, мулярам, касцом[3]. У 1912 годзе Мікалай скончыў сельскую школу, пачаў вучыцца ў Мсцёрскім іканапісным вучылішчы, па сканчэнні ў 1916 годзе, у ліку лепшых вучняў, накіраваны ў іканапіснае вучылішча ў Петраград[3]. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года вучылішча ліквідавалі і Гусеў вымушаны вярнуцца дамоў[3]. У 1918 годзе сям’я паехала ў Барнаул, але дарогай іх высадзілі з парахода ў Пермскай губерні, дзе тым часам ішлі баявыя дзеянні грамадзянскай вайны[3]. Мікалай Гусеў трапіў у Чырвоную Армію, служыў пісарам і працаваў мастаком, пазней дывізію перадыслакавалі ў Віцебск, дзе ён дэмабілізаваўся[3].
Паступіў адразу на другі курс Віцебскага мастацкага тэхнікума, вучыўся адначасова з Заірам Азгурам, Андрэем Бембелем (1924—1926), адным з выкладчыкаў быў Валянцін Волкаў, з 1925 года браў удзел у выстаўках[3]. Затым вучыўся на аддзяленні жывапісу Ленінградскага вышэйшага мастацка-тэхнічнага інстытута (1926—1930), пасля пераехаў Менск, але неўзабаве вярнуўся на вучобу ў Ленінград, ужо на аддзяленне графікі, пераведзенае ў Маскву і рэарганізаванае ў Маскоўскі паліграфічны інстытут, там вучыўся сярод іншых у Уладзіміра Фаворскага (1930—1932)[1][3]. У 1932 годзе вяртаецца ў Менск[3]. Член Саюза савецкіх мастакоў БССР (1932). Працаваў загадчыкам мастацкай часткі Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, потым кансультантам тамсама[3]. Пэўны час выконваў абавязкі загадчыка сектара выяўленчага мастацтва Упраўлення па справах мастацтва пры СНК БССР[3]. У 1936—1941 гадах выкладаў у Беларускім політэхнічным інстытуце[1]. У 1939—1941 гадах кіраваў гуртком рысунка і акварэлі пры Саюзе савецкіх архітэктараў у Мінску[3]. Таксама быў членам рэдкалегіі часопіса «Іскры Ільіча»[4].
Пачатак Другой сусветнай вайны заспеў Гусева з іншымі мастакамі ў вёсцы каля Пухавічаў, дзе сем’і адпачывалі, а яны пісалі пейзажы[3]. Некаторыя спрабавалі пайсці на ўсход, але ўсе вярнуліся, і, чыё мінскае жытло было зруйнавана, заставаліся ў вёсцы[3]. Сядзіба Гусева на Бібліятэчнай вуліцы ацалела і ён з сям’ёй вярнуўся ў Мінск[3]. Падчас акупацыі (1941—1944) жыў у Мінску з амаль паралізаванай жонкай Тамарай і дзвюмя малымі дочкамі, супрацоўнічаў з нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй[5]. У пачатку вайны пэўны час у доме Мікалая Гусева жыў Валянцін Волкаў, разам яны пачалі зарабляць пісаннем партрэтаў[6]. Работы было шмат, пісаў Гусеў хутка, трапна, пунктуальна і гэта падабалася заказчыкам[5], за размовамі з імі вывучыў нямецкую мову[6]. У пасляваеннай анкеце Мікалай Гусеў адзначаў слабыя веды нямецкай мовы[3], паводле Вольгі Бембель, да вайны наогул не ведаў нямецкай, але за некалькі гадоў практыкі дасягнуў не горшага за яе ўзроўню[6]. Паводле Вольгі Бембель, суседкі Гусевых, яны дапамагалі ваеннапалоннаму і знаёмай з гета[6].
Паводле Валянціна Тараса і Яўгена Ціхановіча, пасля вызвалення Мінска мастакоў Мікалая Гусева і Мікалая Дучыца арыштавалі праз супрацоўніцтва з нямецкай адміністрацыяй, нягледзячы на заступніцтва Заіра Азгура і Івана Ахрэмчыка перад Панцеляймонам Панамарэнкам, Мікалай Гусеў быў асуджаны і 4 гады адбываў пакаранне[5][7]. Аднак, заступніцтва мусіць дапамагло, прынамсі пра адбыванне пакарання няма пэўных звестак і гэта вымагае дадатковай праверкі[3]. Адразу па вызваленні горада Мікалай Гусеў актыўна выконваў ужо савецкія заказы[3].
У 1948—1950 гадах вучыўся ў вячэрнім універсітэце марксізму-ленінізму пры Мінскім гаркаме КПБ[3]. З канца 1940-х да 1965 года выкладаў у Беларускім політэхнічным інстытуце, з 1954 года — дацэнт[1], з 1963 года — загадчык кафедры рысунка, акварэлі і скульптуры[3].
Адна з дачок Гусева — першая жонка мастацтвазнаўца і журналіста Уладзіміра Бойкі[3].
Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.
Творчасць
Працаваў у стылі сацыялістычнага рэалізму, спецыялізаваўся на тэматычных карцінах і партрэтах.
Сярод твораў Мікалая Гусева даваеннага часу тэматычная карціна «У ліцейнай майстэрні» (1929), графічныя партрэты Максіма Горкага (1934), Ізі Харыка (1930-я) і іншых, плакаты.[1]
Падчас акупацыі, у 1942—1944 гадах кіраваў абнаўленнем роспісу Петра-Паўлаўскага сабора[8]. З гэтага перыяду, апроч прыватных заказаў, вядомы партрэты Адольфа Гітлера (1943), Радаслава Астроўскага (1944)[5].
У пасляваенны час аўтар партрэтаў Андрэя Бембеля, Аляксея Глебава, Янкі Купалы (усе канец 1940-х гадоў), Петруся Броўкі, Рыгора Шырмы (абодва 1960 год), Пятра Глебкі, Ніны Глебка і іншых, тэматычных карцін «Будуемся!» (1947), «Янка Купала і Ян Райніс» (1959) і інш.[1], шаржаў. Аўтар выявы сцяга БССР узору 1951 года[2].
Упершыню экспанаваў свае творы яшчэ студэнтам тэхнікума ў 1925 годзе на Першай Усебеларускай выстаўцы. Браў удзел ва Усесаюзнай мастацкай выстаўцы (1950) у Маскве. Член Саюза мастакоў СССР.
Творчыя дакументы: акадэмічныя рысункі, эцюды да гравюр і карцін; фотаздымкі твораў; лісты Мікалаю Гусеву ад В. К. Дзежыца, К. М. Касмачова, І. Немагая і інш.; дакументы да біяграфіі Мікалая Гусева: аўтабіяграфія, асабістыя дакументы, дакументы службовай дзейнасці; фотаздымкі, асобныя і групавыя; дакументы жонкі, Т. С. Гусевай, заўховаюцца ў БДАМЛіМ (BY БГАМЛИ ф. 170, 50 адз. зах.).
- Партрэт Адольфа Гітлера на трыбуне першамайскіх свят 1943 года ў гарадскім парку Мінска.[5]
- Янка Купала (1949)
- Сцяг Беларускай ССР (1951)
- Якуб Колас (1957)
- Пятрусь Броўка (1960)
Зноскі
- 1 2 3 4 5 6 7 БелЭн 1997, с. 544.
- 1 2 3 Басаў А. Н., Куркоў І. М. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Н. Найдовіч. — Мн.: Полымя, 1994. С. 24.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 Мартинович 2020.
- ↑ «Іскры Ільіча» № 4, крас. 1941.
- 1 2 3 4 5 Ціхановіч Я. Партрэт стагоддзя. — Мінск: Лімарыус, 2015. — С. 119.
- 1 2 3 4 Бембель-Дедок О. А. Воспоминания / Предисл. Е. И. Гаповой; Вступ. ст. Т. О. Бембель. — Мн: Пропилеи, 2006. — 235 с., [12] л. ил. — (Великая эпоха: женское свидетельство) — ISBN 985-6239-63-9
- ↑ Тарас В. Хлапчук са старога здымку Раздзелы з кнігі «На выспе ўспамінаў» // Дзеяслоў № 2(15), 2005.
- ↑ Антановіч К. Як храм ля замчышча ўзвялі? // Культура № 29 (1051), ліп. 2012.
Літаратура
- Гусеў Мікалай Іванавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 544. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
Спасылкі
- Мартинович Д. Изобразил Гитлера и спасал военнопленного. Кто нарисовал красно-зеленый флаг(руск.) // TUT.BY, 16 снежня. — 2020. Архівавана з першакрыніцы 24 студзеня 2021.