Міжнародная федэрацыя тэніса | |
---|---|
Від спорту | тэніс |
Заснаванне | 1 сакавіка 1912 |
Афіцыйны сайт | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Міжнародная федэрацыя тэніса (англ.: International Tennis Federation, ITF) — кіруючая структура сусветнага тэніса. На сённяшні дзень аб’ядноўвае 205 нацыянальных арганізацый. Упаўнаважаная выпрацоўваць і змяняць правілы гульні, прадстаўляе тэніс у МАК, праводзіць шэраг спаборніцтваў, а таксама займаецца развіццём і папулярызацыяй тэніса ў свеце.
Гісторыя
Неабходнасць стварэння міжнароднай арганізацыі, якая б спрыяла супрацоўніцтву нацыянальных федэрацый тэніса і стандартызацыі правіл гульні, наспела ў пачатку дваццатага стагоддзя, у перыяд хуткага росту папулярнасці гульні і павелічэння колькасці міжнародных спаборніцтваў[1]. 1 сакавіка 1913 года прадстаўнікі 12 нацыянальных тэнісных арганізацый, сабраўшыся на ўстаноўчым сходзе ў Парыжы, прынялі рашэнне аб заснаванні Міжнароднай Федэрацыі лаўн-тэніса (англ.: International Lawn Tennis Federation). Краінамі-заснавальнікамі былі:
- Аўстралія (аб’яднаная федэрацыя Аўстраліі і Новай Зеландыі)
- Аўстрыя
- Бельгія
- Германія
- Вялікабрытанія
- Данія
- Іспанія (прадстаўнік не ўдзельнічаў, але федэрацыя даслала ліст, у якім ухвалялася стварэнне ILTF)
- Нідэрланды
- Расія
- Францыя
- Швецыя
- Швейцарыя
- Паўднёвая Афрыка
Праз паўтары гады ILTF была змушана прыпыніць сваю работу з-за пачатку Першай сусветнай вайны.
Дзейнасць была адноўлена ў 1919 годзе. У 1922 годзе засноўваецца Савет па Правілах, у задачу якога ўваходзіла распрацоўка ўніфікаваных правіл гульні, і барацьба за міжнароднае прызнанне ILTF арганізацыяй, адказнай за правілы тэніса.
Шэраг важных падзей адбываецца ў 1923 годзе:
- 16 сакавіка Генеральная Канферэнцыя арганізацыі прымае першы збор правілаў тэніса
- Амерыканская тэнісная асацыяцыя USTA уступае ў федэрацыю ў якасці асацыяванага члена
- Засноўваюцца Афіцыйныя чэмпіянаты Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Францыі і ЗША — правобразы турніраў Вялікага Шлема
У 1924 годзе МАК афіцыйна прызнаў ILTF кіруючай арганізацыяй сусветнага тэніса.
З моманту стварэння федэрацыя выступала як інстытут аматарскага спорту, але ўжо да 30-х гадоў XX стагоддзя пытанне ўдзелу прафесійных спартсменаў у спаборніцтвах і крытэрыі падзелу на прафесіяналаў і аматараў стала вельмі актуальным і ў 1934 годзе арганізацыя ўпершыню афіцыйна абмяркоўвае гэтую праблему і ўстанаўлівае «правіла васьмі тыдняў», якое дазваляе аматарам атрымліваць кампенсацыю выдаткаў за ўдзел у турнірах, але не больш за восем тыдняў у годзе.
Да 1939 года, перад пачаткам Другой сусветнай вайны, ILTF налічвае 59 членаў. Падчас вайны дзейнасць арганізацыі зноў была прыпынена, а штаб-кватэра перанесена ў Лондан, дзе яна знаходзіцца дагэтуль. Першая пасляваенная канферэнцыя адбылася 5 ліпеня 1946 года.
У 1948 годзе ўпершыню прымаюцца стандарты на тэнісныя мячы.
З пачатку 50-х гадоў адбываецца імклівая прафесіяналізацыя сусветнага тэніса, у 1951 годзе «восем тыдняў» былі пашыраны да 210 дзён у годзе.
У 1963 годзе да 50-годдзя арганізацыі засноўваецца Кубак Федэрацыі —жаночы камандны чэмпіянат, падобны на той, які праводзіўся тады незалежнай арганізацыяй, Кубак Дэвіса.
Гістарычнае для тэніса рашэнне прымаецца 30 сакавіка 1968 года на надзвычайнай сесіі ў Парыжы — прафесійным гульцам дазволены доступ на ўсе турніры ILTF, у тэнісе пачынаецца адкрытая эра. ILTF арганізуе серыю турніраў Гран-пры, упершыню ў спаборніцтвах гэтай арганізацыі тэнісістам дадзена магчымасць атрымліваць грошы за свае выступленні.
«Правілы паводзін» (англ.: Code of Conduct), якія рэгулююць нормы спартыўных паводзін падчас спаборніцтваў, зацвярджаюцца ў 1975 годзе.
У 1977 годзе з назвы федэрацыі знікае слова «Lawn» і літара L з абрэвіятуры — своеоасаблівае прызнанне факту, што большасць тэнісных турніраў больш не праводзіцца на траве.
Кубак Дэвіса — галоўнае каманднае спаборніцтва ў мужчынскім тэнісе — пераходзіць пад эгіду ITF у 1979 годзе па просьбе арганізацыйнага камітэта.
На Алімпіядзе ў Сеуле 1988 года, у год 75-годдзя ITF, тэніс пасля 64-гадовага перапынку вяртаецца ў якасці алімпійскага віду спорту.
Структура і кіруючыя органы
ITF аб’ядноўвае 205 нацыянальных тэнісных арганізацый, 145 маюць статус паўнапраўных членаў і 60 асацыяваных. Акрамя таго, на правах асацыіраваных членаў у ITF уваходзіць 6 рэгіянальных аб’яднанняў.
Федэрацыя дзейнічае на падставе Канстытуцыі ITF[2]. Вышэйшымі паўнамоцтвамі надзелены Генеральны Сход, які праводзіцца штогод. Генеральны сход зацвярджае бюджэт, разглядае заяўкі прэтэндэнтаў на членства ў федэрацыі, а таксама абірае Прэзідэнта і Савет Дырэктараў ITF. Тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта — 4, дырэктараў — 2 гады, у савет уваходзяць 12 дырэктараў. Толькі паўнапраўныя члены маюць права голасу на Генеральным Сходзе.
У цяперашні час Прэзідэнтам ITF з’яўляецца Дэвід Хагерці.
Турніры ITF
Міжнародная федэрацыя тэніса штогод арганізуе шэраг турніраў, а таксама прымае непасрэдны ўдзел у арганізацыі і правядзенні спаборніцтваў па тэнісе на Алімпійскіх гульнях і турніраў Вялікага Шлема. Пры правядзенні спаборніцтваў федэрацыя цесна супрацоўнічае з арганізацыямі прафесійных спартсменаў ATP і WTA.
Спаборніцтвы, якія праводзяцца пад эгідай ці з удзелам ITF:
- Tennis Masters Cup (сумесна з ATP) — заключны турнір мужчынскага прафесійнага сезона, у якім удзельнічаюць 8 тэнісістаў і 8 пар, якія паказалі найлепшыя вынікі ў «Гонцы ATP»
- Кубак Дэвіса — найбуйнейшыя міжнародныя камандныя спаборніцтвы ў мужчынскім тэнісе сярод нацыянальных зборных
- Кубак Федэрацыі па тэнісе — камандныя спаборніцтвы жаночых зборных, аналаг Кубка Дэвіса
- Кубак Хопмана — спаборніцтвы нацыянальных зборных для змешаных пар
- ITF — саўладальнік і суарганізатар Адкрытага чэмпіянату Японіі, які ўваходзіць у ATP-тур, і Міжнароднага Чэмпіянату Іспаніі, які з’яўляецца этапам WTA-тура
- Федэрацыя таксама праводзіць наступныя штогадовыя серыі турніраў:
Мужчынскі і жаночы тур ITF, якія складаюцца з турніраў Satellite tournament і Futures Tournaments, служаць пачатковымі прыступкамі ў свеце прафесійнага тэніса і іх вынікі ўлічваюцца ў рэйтынгах ATP і WTA.
Чэмпіянат свету па версіі ITF
Пачынаючы з 1978 года (для пар з 1996) федэрацыя вызначае чэмпіёнаў свету па версіі ITF. У цяперашні час для дарослых спартсменаў улічваюцца вынікі выступаў у турнірах Вялікага шлема, выніковым турніры года і турнірах ATP і WTA, якія праводзяцца сумесна з ITF.
Чэмпіёны свету па версіі ITF
Адзіночны разрад
Год | Дарослыя | Юніёры[3] | ||
---|---|---|---|---|
Мужчыны[4] | Жанчыны[5] | Юнакі | Дзяўчаты | |
1978 | Б’ёрн Борг | Крыс Эверт | Іван Лендл | Гана Мандлікава |
1979 | Б’ёрн Борг | Марціна Наўрацілава | Рауль Вівер | Мэры-Лу Піятэк |
1980 | Б’ёрн Борг | Крыс Эверт | Цьеры Тулан | Сьюзан Маскарын |
1981 | Джон Макінрой | Крыс Эверт | Пат Кэш | Зіна Гарысан |
1982 | Джымі Конарс | Марціна Наўрацілава | Гі Фаржэ | Грэтхен Раш |
1983 | Джон Макінрой | Марціна Наўрацілава | Стэфан Эдберг | Паскаль Парадзі |
1984 | Джон Макінрой | Марціна Наўрацілава | Марк Крацман | Габрыэла Сабаціні |
1985 | Іван Лендл | Марціна Наўрацілава | Клаўдыя Пісталезі | Лаура Гаронэ |
1986 | Іван Лендл | Марціна Наўрацілава | Хаўер Санчэс | Патрысія Тарабіні |
1987 | Іван Лендл | Штэфі Граф | Джэйсан Столтэнберг | Наталля Зверава |
1988 | Матс Віландэр | Штэфі Граф | Нікалас Перэйра | Крысціна Тэсі |
1989 | Барыс Бекер | Штэфі Граф | Ніклас Кулці | Фларэнсія Лабат |
1990 | Іван Лендл | Штэфі Граф | Андрэа Гаудэнці | Карына Габшудава |
1991 | Стэфан Эдберг | Моніка Селеш | Томас Энквіст | Здэнка Малкава |
1992 | Джым Кур’е | Моніка Селеш | Браян Дан | Расана Дэ Лас Рыяс |
1993 | Піт Сампрас | Штэфі Граф | Марсела Рыяс | Ніно Луарсабішвілі |
1994 | Піт Сампрас | Аранча Санчэс Вікарыя | Федерыка Браун | Марціна Хінгіс |
1995 | Піт Сампрас | Штэфі Граф | Марыяна Сабалета | Ганна Курнікава |
1996 | Піт Сампрас | Штэфі Граф | Себасцьян Грожан | Амелі Марэсмо |
1997 | Піт Сампрас | Марціна Хінгіс | Арно Дзі Паскуале | Кара Блэк |
1998 | Піт Сампрас | Ліндсей Дэвенпорт | Роджэр Федэрэр | Алена Докіч |
1999 | Андрэ Агасі | Марціна Хінгіс | Крысціян Плес | Ліна Краснаруцкая |
2000 | Густава Куэртэн | Марціна Хінгіс | Эндзі Родык | Марыя-Эмілія Салерні |
2001 | Лейтан Х’юіт | Джэніфер Капрыяці | Жыль Мюлер | Святлана Кузнецова |
2002 | Лейтан Х’юіт | Серэна Уільямс | Рышар Гаскэ | Барбара Стрыцава |
2003 | Эндзі Родык | Жусцін Энэн-Ардэн | Маркас Багдаціс | Кірстэн Фліпкенс |
2004 | Роджэр Федэрэр | Анастасія Мыскіна | Гаэль Манфіс | Міхаэла Крайчак |
2005 | Роджэр Федэрэр | Кім Клейстэрс | Дональд Янг | Вікторыя Азаранка |
2006 | Роджэр Федэрэр | Жусцін Энэн-Ардэн | Ціма дэ Бакер | Анастасія Паўлючэнкава |
2007 | Роджэр Федэрэр | Жусцін Энэн-Ардэн | Рычардас Беранкіс | Урсула Радваньская |
2008 | Рафаэль Надаль | Алена Янкавіч | Ян Цунхуа | Напаван Летчывакан |
2009 | Роджэр Федэрэр | Серэна Уільямс | Даніэль Берта | Крысціна Младэнавіч |
2010 | Рафаэль Надаль | Каралін Вазняцкі | Хуан Себасцьян Гомес | Дар’я Гаўрылава |
2011 | Новак Джокавіч | Петра Квітава | Іржы Веселы | Ірына Храмачова |
2012 | Новак Джокавіч | Серэна Уільямс | Філіп Пеліва | Тэйлар Таунсенд |
2013 | Новак Джокавіч | Серэна Уільямс | Аляксандр Звераў | Белінда Бенчыч |
2014 | Новак Джокавіч | Серэна Уільямс | Андрэй Рублёў | Кэтрын Беліс |
2015 | Новак Джокавіч | Серэна Уільямс | Тэйлар Фрыц | Далма Галфі |
2016 | Эндзі Марэй | Анжаліка Кербер | Міямір Кецмановіч | Анастасія Патапава |
2017 | Рафаэль Надаль | Гарбінье Мугуруса | Аксель Гелер | Уітні Осігу |
2018 | Новак Джокавіч | Сімона Халеп | Чунь Сінь Цен | Клара Бюрэль |
Парны разрад
Год | Мужчыны | Жанчыны |
---|---|---|
1996 | Тод Вудбрыдж Марк Вудфард | Ліндсей Дэвенпорт Мэры-Джо Фернандэс |
1997 | Тод Вудбрыдж Марк Вудфард | Ліндсей Дэвенпорт Яна Новатна |
1998 | Яка Элтынг Пол Хаархус | Ліндсей Дэвенпорт Наталля Зверава |
1999 | Махеш Бхупаці Леандэр Паес | Марціна Хінгіс Ганна Курнікава |
2000 | Тод Вудбрыдж Марк Вудфард | Жулі Алар-Дэкюжы Ай Сугіяма |
2001 | Ёнас Б’ёркман Тод Вудбрыдж | Лайза Рэйманд Рэнэ Стабс |
2002 | Даніэль Нестар Марк Ноулс | Вірхінія Руана Паскуаль Паола Суарэс |
2003 | Боб Браян Майк Браян | Вірхінія Руана Паскуаль Паола Суарэс |
2004 | Боб Браян Майк Браян | Вірхінія Руана Паскуаль Паола Суарэс |
2005 | Боб Браян Майк Браян | Лайза Рэйманд Саманта Стосур |
2006 | Боб Браян Майк Браян | Лайза Рэйманд Саманта Стосур |
2007 | Боб Браян Майк Браян | Кара Блэк Лізель Хубер |
2008 | Ненад Зіманіч Даніэль Нестар | Кара Блэк Лізель Хубер |
2009 | Боб Браян Майк Браян | Серэна Уільямс Вінус Уільямс |
2010 | Боб Браян Майк Браян | Жысела Дулка Флавія Пенета |
2011 | Боб Браян Майк Браян | Квета Пешкэ Катарына Сработнік |
2012 | Боб Браян Майк Браян | Сара Эрані Раберта Вінчы |
2013 | Боб Браян Майк Браян | Сара Эрані Раберта Вінчы |
2014 | Боб Браян Майк Браян | Сара Эрані Раберта Вінчы |
2015 | Жан-Жульен Роер Харыя Тэкэу | Саня Мірза Марціна Хінгіс |
2016 | Джэймі Марэй Бруно Саарэс | Каралін Гарсія Крысціна Младэнавіч |
2017 | Лукаш Кубат Марсела Мела | Марціна Хінгіс Чжань Юнжань |
Зноскі
- ↑ Тут і далей у раздзеле выкарыстаны даныя афіцыйнай старонкі гісторыі ІТФ: ITF History (англ.). ITF. Архівавана з першакрыніцы 20 лютага 2012. Праверана 5 лістапада 2011.
- ↑ Афіцыйны тэкст канстытуцыі Архівавана 23 жніўня 2007. (англ.), (фр.)
- ↑ Чемпионы ITF. Юниоры . Архівавана з першакрыніцы 29 красавіка 2015. Праверана 14 сакавіка 2013.
- ↑ Чемпионы ITF. Мужчины . Архівавана з першакрыніцы 2 мая 2015. Праверана 14 сакавіка 2013.
- ↑ Чемпионы ITF. Женщины . Архівавана з першакрыніцы 30 мая 2017. Праверана 14 сакавіка 2013.
Гл. таксама
Спасылкі
- Афіцыйны сайт (англ.)