Міжзорнае асяроддзе — рэчыва і палі, якія запаўняюць міжзорную прастору ўнутры галактык. Міжзорнае асяроддзе складаецца з міжзорнага газу, пылу (1% ад масы газу), міжзорных магнітных палёў, касмічных промняў, а таксама нябачнай чорнай матэрыі. Хімічны склад міжзорнага асяроддзя — прадукт першаснага нуклеасінтэзу і ядзернага сінтэзу ў зорках. На працягу існавання зорак ад іх ідзе зорны вецер, які вяртае ў асяроддзе элементы з атмасферы зоркі. А ў канцы жыцця зоркі з яе скідваецца абалонка, якая ўзбагачае міжзорнае асяроддзе прадуктамі ядзернага сінтэзу.
Прасторавае размеркаванне міжзорнага асяроддзя нетрывіяльнае. Акрамя агульнагалактычных структур, такіх як перамычка (бар) і спіральныя рукавы галактык, ёсць і асобныя халодныя і цёплыя воблакі, аточаныя болей гарачым газам. Агульная асаблівасць міжзорнага асяроддзя — яго надзвычай нізкая шчыльнасць — 0,1..1000 атамаў у кубічным сантыметры.