Пасёлак гарадскога тыпу
± | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Міжгір’я[1] (укр.: Міжгір’я) — пасёлак гарадскога тыпу ў Закарпацкай вобласці Украіны на тэрыторыі Бойкаўшчыны, цэнтр Міжгірскага раёна, вядомы курорт і турыстычны цэнтр у Карпатах.
Геаграфія
Размешчаны за 133 км на ўсход ад абласнога цэнтра — Ужгарада, у Міжгірнай катлавіне, якую атачаюць горныя масівы Баржава (з захаду) і паўднёва-заходняя частка ўнутраных Гарган (з усходу). Высокія вяршыні, размешчаныя паблізу: на паўночным усходзе-Каменка (1587 м) і на паўднёвым захадзе — Кук (1365 м). Праз пасёлак праходзяць аўтадарогі Далына — Хуст і Ніжнія Вароты — Калачава-Буштына.
Гісторыя
Першая згадка пра Валавэ (Валавэ Полэ) датуецца 1415 г., паселішча ўзгадваецца як адно з уладанняў венгерскіх феадалаў Урмезэіў. Пасля — Довгаіў, Ліпчаіў. З сярэдзіны XIX ст. вядомая пячатка паселішча з выявай вала (што абыгрывала назву паселішча) і кірылічным надпісам: «Пячатка вёскі Валавэ».
Па народных паданнях і па самай распаўсюджанай версіі даследчыкаў назвалі паселішча Валавэ першыя пасяленцы-жывёлагадоўцы, якія пасвілі валоў пад гарамі Кук (1365 м) і Каменка (1587 м). Гэтыя пастухі будавалі для сябе калыбы, а пасля — невялікія хаціны, так з’явілася невялікае сяло. Новаму селішчу жыхары далі назву самай вялікай сваёй каштоўнасці — сваіх валоў, якія дапамаглі выжыць першым пасяленцам у цяжкіх горных умовах.
Па іншай версіі, першымі даліну асвойвалі лесарубы, якіх зацікавіў тут хвойны лес, бо ўніз па тячэнню рэчак Рака і Ціса пераважаў ліставы лес. Транспартавалі драўніну з гор да ракі па пракладзеных спецыяльных драўляных жолабах, якія называліся «валовы» (гэта слова і цяпер бытуе на Верхавіне). Вось так паселішча, дзе праводзілася нарыхтоўка лесу, выкарыстоўваючы валовы, атрымала назву — Валавэ (Валавэ Поле). З часам жолабы (валовы) для транспарціроўкі лесу сталі называцца рызамі — у часы з’яўлення ў краі нямецкіх каланістаў.
У савецкія часы, у 1953 г. ужо вялікаму райцэнтру Валавэ прысвоілі больш паэтычную назву — Міжгір’я, што адпавядае натуральнаму размяшчэнню пасёлка (існуюць таксама здагадкі, што назва была зменена, каб прадухіліць блытаніну з назвай іншага раённага цэнтра Закарпацця — Валавэць).
У канцы XIX ст. Валавэ стала цэнтрам павета Мармарошскага камітату, які ахопліваў увесь басейн рэчкі Рака. Пасля Першай сусветнай вайны ў 1919 г. паселішча адыйшло да Чэхаславакіі. Пасля абвяшчэння 15 сакавіка 1939 г. поўнай самастойнасці Карпацкай Украіны, Валавэ ўвайшло ў яе склад. У 1945 г. яна адышла да СССР у складзе УССР. У 2001 г. пасёлак атрымаў новы герб, яго аўтарам стаў вядомы мастак-геральдыст, аўтар герба Івана-Франкоўска Іван Марчук.
Зноскі
- ↑ Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 177-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Украіны на беларускую мову»