Мяне клічуць Чырвоны
турэцк.: Benim Adım Kırmızı
Выданне
Жанр гістарычны фікшн[d]
Аўтар Архан Памук
Мова арыгінала турэцкая мова
Дата першай публікацыі 1998
Выдавецтва Alfred A. Knopf[d]

«Мяне клічуць Чырвоны» (турэцк.: Benim Adım Kırmızı) — раман турэцкага пісьменніка Архана Памука, які быў апублікаваны ў 1998 годзе і прынёс яму міжнародную вядомасць.

Апісанне

Дзеянне рамана адбываецца ў 1591 годзе ў асманскім Стамбуле. Прыдворнага мініяцюрыста Зарыфа знаходзяць забітым. Зарыф працаваў над ілюстрацыямі да кнігі, якую таемна замовіў Эніштэ султан Мурад III да тысячагоддзя хіджры. Эніштэ, які быў раней асманскім пасланнікам у Венецыі, знаёмы з італьянскім жывапісам і планаваў аформіць ілюстрацыі да кнігі ў нязвыклым для ісламскага свету еўрапейскім стылі. У заходняга жывапісу ў Стамбуле знаходзіцца шмат праціўнікаў, якія не прымаюць яго адрозненні ад ісламскага мастацтва (рэалізм, выкарыстанне перспектывы, індывідуальны стыль у кожнага мастака). Эніштэ лічыць, што забойства Зарыфа здзейсніў адзін з трох лепшых мініяцюрыстаў — Келебек, Зейтын або Лейлек. Тым часам Кара, пляменнік Эніштэ, які закаханы ў яго дачку Шэкюрэ, вяртаецца ў Стамбул пасля дванаццацігадовай адсутнасці, пасля чаго спрабуе знайсці забойцу, размаўляючы з трыма падазраванымі і аналізуючы іх малюнкі, і ў той жа час заваяваць сэрца Шэкюрэ.

Мастацкія асаблівасці

Адной з галоўных асаблівасцяў рамана з’яўляецца вялікая колькасць самых разнастайных апавядальнікаў: гэта і галоўныя героі (Кара, Шэкюрэ), і трое падазраваных (акрамя частак, расказаных пад іх імёнамі, ёсць і часткі ад асобы забойцы, які з’яўляецца адным з іх, але апавядае менавіта як забойца, не называючы сваё імя), і другарадныя героі, а таксама ўласцівыя «новаму раману» неадушаўлёныя апавядальнікі, такія як трупы, намаляваная манета, чырвоны колер[1][2].

Пасля выхаду рамана за Памукам замацавалася рэпутацыя «турэцкага Умберта Эка»[3][4]. Джон Малан адзначае падабенства кнігі з бестселерам Эка «Імя ружы». Сярод агульных рыс — спалучэнне гістарычнага сэтынга і дэтэктыва. Акрамя таго, у «Імі ружы» пошук забойцы звязаны з сярэдневяковай тэорыяй літаратуры, а ў рамане Памука — з асаблівасцямі мастацтва асманскай мініяцюры[5].

Дэрвішы танцуюць. Бехзад, ілюстрацыя да «Дывану» Хафіза, каля 1480 года. Метраполітэн-музей, Нью-Ёрк
Хасроў бачыць Шырын, якая купаецца (з імі Шэкюрэ ў рамане параўноўвае Кара і сябе). Мініяцюра школы Бехзада. Музей азербайджанскай літаратуры імя Нізамі Гянджэві, Баку

Прататыпы і гістарычныя алюзіі

У галоўнай гераіні, Шэкюрэ, ёсць два сыны — Архан (малодшы) і Шэўкет (старэйшы). Пры гэтым у Архана Памука ёсць старэйшы брат, эканаміст Шэўкет Памук, а іх маці клічуць Шэкюрэ. Па словах самога Памука, ён перанёс у раман імёны членаў іх сям’і, свае дзіцячыя сваркі са старэйшым братам і некаторыя рысы іх маці[6].

У рамане згадваюцца рукапісы многіх вядомых твораў («Хасроў і Шырын» Нізамі Гянджэві, «Шах-намэ» Фірдаўсі, «Кніга пра душу» Ібн Каіма аль-Джаузіі і іншыя) і ілюстрацыі да іх. Асаблівая ўвага нададзена мініяцюрам Бехзада.

У культуры

Кніга «Мяне клічуць Чырвоны» была адаптаваная на BBC Radio 4 у 2008 годзе[7].

У 2014 годзе ў казанскім тэатры Камала паставілі спектакль паводле рамана[8].

Французская парфумерная марка Мажда Бекалі (Majda Bekkali) выпусціла аднайменныя духі — Mon Nom Est Rouge («Мяне клічуць Чырвоны»), натхнёныя раманам Архана Памука. «Нос» — Сесіль Заракян[9].

Пераклады

Раман перакладаўся на шматлікія мовы[10].

Англійскі пераклад рамана, выкананы Эрдагам Гёкнарам, быў уганараваны Дублінскай літаратурнай прэміяй у 2003 годзе[11].

Прэміі

  • Прэмія Грынцанэ Кавур (2002)[12]
  • Прэмія за найлепшую замежную кнігу (2002)[12]
  • Дублінская літаратурная прэмія (2003), сумесна з перакладчыкам Эрдагам Гёкнарам[11]

Зноскі

  1. John Updike. Murder in Miniature (англ.). The New Yorker (3 верасня 2001). Праверана 27 лістапада 2018.
  2. Richard Eder. Heresies of the Painbrush (англ.). The New York Times (2 верасня 2001). Праверана 27 лістапада 2018.
  3. Орхан Памук. Эфир от 27.02.2017 (руск.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 8 лістапада 2018. Праверана 27 лістапада 2018.
  4. Mario Biondi. Orhan Pamuk I. Profilo II. «La nuova vita» — Recensione (італ.) (24 кастрычніка 2004). Архівавана з першакрыніцы 10 студзеня 2020. Праверана 27 лістапада 2018.
  5. John Mullan. The name of the game (англ.). The Guardian (24 кастрычніка 2004). Праверана 27 лістапада 2018.
  6. Памук Архан. Іншыя колеры. Часткі 60—61.
  7. My Name Is Red (англ.). BBC. Праверана 27 лістапада 2018.
  8. МИНЕМ ИСЕМЕМ КЫЗЫЛ / МЕНЯ ЗОВУТ КРАСНЫЙ (руск.). Театр Камала. Праверана 27 лістапада 2018.
  9. Mon Nom Est Rouge by Majda Bekkali. Art Books Events. Fragrantica (англ.). Праверана 27 лістапада 2018.
  10. Orhan Pamuk’s novels translated into 60 languages (англ.). Архівавана з першакрыніцы 28 лістапада 2018. Праверана 27 лістапада 2018.
  11. 1 2 2003 – My Name is Red (англ.). Афіцыйны сайт Дублінскай літаратурнай прэміі. Праверана 27 лістапада 2018.
  12. 1 2 Awards & Honours (англ.). Архівавана з першакрыніцы 19 лютага 2020. Праверана 27 лістапада 2018.

Спасылкі

Рэцэнзіі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.