Муроўка ў архітэктуры — размяшчэнне камянёў, каменных блокаў, цэглы ў пэўнай сістэме, якая выяўляецца малюнкам швоў па паверхні сцяны.
Удасканальванне тэхнікі муроўкі, выкарыстанне розных тыпаў цэглы, сістэма злучэння цаглін паміж сабой адлюстроўваюць узровень развіцця будаўніцтва і даюць магчымасць стварыць дакладную шкалу для датавання помніка архітэктуры. Малюнак муроўкі неатынкаваных фасадаў з'яўляецца асноўным фактарам паліхроміі ў манументальным дойлідстве. Для архітэктурна-будаўнічнай практыкі пэўнай эпохі і рэгіёна уласцівы асобныя сістэмы муроўкі.
Вядома са старажытнасці.
Беларусь
На Беларусі існавалі мяшаная (з камянёў і цэглы), цагляная і каменная муроўка. Першае збудаванне ў тэхніцы мяшанай муроўкі (Opus mixtum) — Полацкі Сафійскі сабор (XI ст.). Пластыку фасадаў узбагачалі чаргаванне радоў камянёў са слаямі плінфы, якая звязвала канструкцыю муроўкі (тэхніка са «схаваным радам»).
![](../I/%D0%92%D1%96%D1%86%D0%B5%D0%B1%D1%81%D0%BA._Annunciation_(%D0%94%D0%B0%D0%B1%D1%80%D0%B0%D0%B2%D0%B5%D1%88%D1%87%D0%B0%D0%BD%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F)_church_(XII_century).jpg.webp)
Для Полацкай школы дойлідства XII ст. характэрна таксама муроўка са «схаваным радам», якая утварала 2-колерную гаму паверхні сцяны. У тэхніцы каменнай муроўкі (Opus incertum) будавалася Мінская замкавая царква (XII ст.). Яе сцены ў сярэдзіне выкладвалі камянямі, а вонкавую паверхню абкладалі невялікімі прамавугольнымі блокамі вапняку. У тэхніцы дэкаратыўнай мяшанай муроўкі пабудавана Віцебская Дабравешчанская царква (XII ст.). Яе сцены мелі радавую муроўку: 1 рад ачасанага вапняку, 2 рады плінфы і г.д.
![](../I/%D0%93%D1%80%D0%BE%D0%B4%D0%BD%D0%B0_2015._%D0%9A%D0%B0%D0%BB%D0%BE%D0%B6%D0%B0._%D0%94%D1%8D%D1%82%D0%B0%D0%BB%D1%8C_2.jpg.webp)
Для Гродзенскай школы дойлідства XII ст. характэрна дэкаратыўная раўнарадавая муроўка, калі акрамя плінфы вонкавую паверхню сцен аздаблялі рознакаляровыя шліфаваныя камяні, паліваныя пліткі, з якіх выкладваліся розныя крыжападобныя фігуры. У інтэр'еры сцены мелі роўную паверхню з плінфы, на іх фоне вылучаліся круглыя гарлавіны галаснікоў.
У XIII—XVII стст. ужывалася лусковая муроўка, калі з цэглы ці спецыяльна падабраных камянёў выкладвалі вонкавыя паверхні сцен, а прамежкі паміж імі забутоўвалі кавалкамі цэглы і дробным каменнем (Камянецкая вежа, Гальшанскі палац). Для другой паловы XIII — сярэдзіны XIV ст. характэрна цагляная балтыйская муроўка з чаргаваннем 2—З рубаў і старчака цэглы (Крэўскі замак). У першай палове XIV ст. існавала каменная муроўка (гранд апарайль; Лідскі замак).
![](../I/Belarus-Mir-Castle-17.jpg.webp)
![](../I/%D0%A6%D0%B0%D1%80%D0%BA%D0%B2%D0%B0_%D0%A1%D1%8C%D0%B2%D1%8F%D1%82%D0%BE%D0%B3%D0%B0_%D0%9C%D1%96%D1%85%D0%B0%D1%96%D0%BB%D0%B0_(%D0%A1%D1%8B%D0%BD%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D1%96%D1%87%D1%8B)._%D0%A4%D0%B0%D1%81%D0%B0%D0%B4._(%D0%B3%D0%B0%D1%82%D1%8B%D1%87%D0%BD%D0%B0%D1%8F_%D0%BC%D1%83%D1%80%D0%BE%D1%9E%D0%BA%D0%B0).jpg.webp)
У XVI—XVII стст. практыкавалі 2 тыпы мяшанай муроўкі: чаргаванне суцэльных радоў камянёў і цэглы і хаатычна раскіданыя валуны па складзенай з цэглы паверхні (Гродзенскі Стары замак, Мірскі замак). З сярэдзіны XIV ст. да сярэдзіны XVI ст. пераважала цагляная гатычная муроўка з чаргаваннем у радзе старчака і руба (Сынкавіцкая царква-крэпасць). З XV ст. пашырылася дэкаратыўная гатычная муроўка, дзе выкарыстоўвалася перапаленая цэгла-клінкер (цёмна-сіняга, амаль чорнага колеру), з якой выкладвалі розныя ўзоры, найчасцей у выглядзе рамбічнай сеткі (Ішкалдскі Троіцкі касцёл).
У другой палове XVI ст. з'явілася рэнесансавая муроўка, якая ўяўляла сабой чаргаванне радоў з старчакоў і рубаў цэглы. У XVI—XVII стст. ужываўся крыжовы варыянт рэнесансавай муроўкі, калі швы стыкаў рубаў знаходзіліся адзін над адным у кожным 5-м радзе цэглы (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква).
У XVII—XVIII стст. вядома і галандская муроўка, у якой рады з старчакоў чаргаваліся з радамі, дзе старчак чаргаваўся з рубам (Мсціслаўскі езуіцкі калегіум). У фартыфікацыйным будаўніцтве XVI—XVIII стст. выкарыстоўвалася старчаковая муроўка (Мураванкаўская царква-крэпасць). З другой паловы XVI ст. фасады будынкаў атынкоўваліся, што прывяло ў XVII ст. да адраджэння раўнарадавай муроўкі (збудаванні Магілёўскай архітэктурнай школы).
![](../I/%D0%94%D0%B7%D0%B5%D1%80%D0%BA%D0%B0%D1%9E%D1%88%D1%87%D1%8B%D0%BD%D0%B0._%D0%9A%D0%B0%D1%81%D1%86%D1%91%D0%BB_(03).jpg.webp)
У XIX — пачатку XX ст. ў архітэктуры стыляў рамантызму, несапраўднай готыкі, мадэрн і інш. выкарыстоўвалі розныя тыпы муроўкі, але часцей гатычную. Для архітэктуры невялікіх капліц, касцёлаў, цэркваў, мураваных агароджаў гаспадарчых пабудоў XIX—XX стст. характэрна т.зв. разынкавая муроўка, калі вялікія камяні абмазваліся вапнай і ў яе утыкаліся дробныя каменьчыкі, здалёк падобныя на разынкі; часам з іх выкладвалі розныя ўзоры.
У сучаснай архітэктуры практыкуецца мяшаная, цагляная і каменная муроўкі з выкарыстаннем прыродных і штучных (бетонныя блокі, керамічныя пліты, абліцовачная цэгла) матэрыялаў. Дэкаратыўны эфект муроўкі дасягаецца сістэмай перавязкі цаглін паміж сабой, камбінацыяй колераў і фактуры цэглы.
Літаратура
- Муроўка. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
- Пазняк З. Беларускі каменны арнамент // Маладосць. 1968. № 12;
- Трусов О. А. Основные типы кладки XI—XII вв. на территории Белоруссии // Древнерусское государство и славяне. Мн., 1983;
- Трусаў А. Старонкі мураванай кнігі. Мн., 1990.
Спасылкі
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Муроўка