Для народнай музыкі Венгрыі характэрна узаемадзеянне старажытна-ўсходняй асновы (пентатоніка) і больш позніх уплываў (гемітоніка, мажора-мінор). З X ст. вандроўныя спевакі-казачнікі прытрымліваліся традыцыі язычніцкіх эпічных спеваў. У XI ст., з прыняццем каталіцтва, на тэрыторыі Венгрыі пашырыліся грыгарыянскія спевы. З XIII ст. сярод венгерскіх народных інструментаў рог, фуруя (род флейты), больш познія — духавыя валынка (дуда), тарагата; струнныя кабза, скрыпка, лютня, цытра, цымбалы.

З XV ст. ў Венгрыі развівалася заходне-еўрапейская прыдворная культура: сольныя спевы ў суправаджэнні лютні і скрыпкі, вакальна-інструментальныя капэлы; каралеўская капэла ў Будзе была адна з лепшых у Еўропе. З XVI ст. вядомыя свецкія музычныя творы на венгерскія тэксты, апублікаваныя ў зборніках Ш. Тынадзі (1554) і Б. Бакфарка (1553, 1565). У XVIIXVIII стст. у рэзідэнцыях аўстра-венгерскіх арыстакратаў ствараліся аркестры, у 17611790 гг. аркестрам князёў Эстэрхазі кіраваў Ё. Гайдн.

Фарміраванне нацыянальнага стылю адбывалася ў рамках стылю вербункаш (канец XVIII ст.), развітога ў творчасці скрыпачоў-віртуозаў і кампазітараў Я. Біхары, Я. Лаваты, А. Чэрмака, кіраўнікоў цыганскіх аркестраў і тэатральных труп. Уплыў вербункаша відавочны ў першых венгерскіх операх І. Ружычкі («Уцёкі Белы» і «Кемень Шыман», 1822), А. Бартаі («Аўрэлія», 1837; «Хітрасць», 1839), М. Рожавёльдзі («Шукальнікі скарбу з Вішэграда», 1839), у операх Ф. Эркеля на тэмы нацыянальна-вызваленчага руху («Ласла Хуньядзі», 1844; «Банк бан», 1852; «Дзьёрдзь Дожа», 1867). Сярод музыкантаў-рамантыкаў XIX ст. віртуозы-скрыпачы Э. Рэменьі, Е. Хубаі, а таксама Ё. Ёахім і Л. Аўэр, якія пачалі творчую дзейнасць у Венгрыі. Вяршыня развіцця венгерскай музыкі XIX ст., асабліва праграмнага сімфанізму, — творчасць Ф. Ліста.

На пачатку XX ст. вядомасць набылі аперэты Ф. Легара, І. Кальмана, які унёс у аперэту элементы венгерскай песенна-танцавальнай мелодыкі. Развіццё венгерскай музыкі першай паловы XX ст. звязана з імёнамі Б. Бартака і З. Кодая. Сярод буйнейшых сучасных кампазітараў П. Кадаша. Д. Ранкі, А. Сёлёшы, Ш. Балаша, Д. Лігеці, Ж. Дурка. Сусветную вядомасць набылі балеты Бартака («Драўляны прынц», 1917; «Цудоўны мандарын», 1919), а таксама оперы Ш. Сокалаі («Крывавае вяселле», 1964) і Э. ПетравічаC’est la guerre», 1962). Сярод выканаўцаў дырыжоры А. Нікіш, Я. Ферэнчык, піяністы А. Фішэр, З. Кочыш, спевакі М. Базілідэс, Д. Меліш, Э. Хазі.

Праводзяцца міжнародныя конкурсы выканаўцаў і кампазітараў, у т.л. Фестываль імя Б. Бартака (з 1948). У Будапешце працуюць: Венгерскі оперны тэатр, Будапешцкі сімфанічны аркестр, Саюз венгерскіх музыкантаў (з 1949), Інстытут музыказнаўства пры Венгерскай акадэміі навук1969), Вышэйшая музычная школа (з 1919), кансерваторыя імя Б. Бартака, Музей музыкі (з 1986) і інш.

Літаратура

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.