Мсціслаўская кафля – архітэктурна-дэкаратыўная кераміка 15—18 стст. з горада Мсціслаў. У 15 — 16 ст. выраблялі гаршковую кафлю з крыжападобным, квадратным або круглым вусцем, пазней — каробчатую тэракотавую і паліваную (паліхромную і размаляваную), пакрытую зялёнай, светла- і цёмна-карычневай палівай.
Тэракотавая кафля 16 — 17 ст. з рэльефнай вонкавай пласцінай без рамкі была паліхромная (пераважалі зялёны, сіні і белы колеры) або з 2-прыступкавай рамкай і раслінным арнаментам на вонкавай пласціне. У сярэдзіне — 3-й чвэрці 17 ст. яна мела рамку па краі вонкавай пласціны, багата аздаблялася раслінным арнаментам, у канцы 17 ст. рамка адсутнічала, аздаблялася барэльефным дывановым арнаментам; з пачатку 18 ст. мела вялікія памеры, з тоўстай вонкавай пласцінай, упрыгожанай раслінным або геральдычным арнаментам (высокі рэльеф).
У кафлі 2-й паловы 18 ст. малюнак на вонкавай пласціне адсутнічаў. Паводле прызначэння мсціслаўскай кафлі падзялялася на сценную, карнізную (простую, складаную і вуглавую), паясную, каронкі (гарадкі). У аздабленні пашыраны раслінны, геральдычны, геаметрычны, зааморфны, сюжэтны арнаменты. У 2-й палове 17 ст. мсціслаўскія цаніннікі (найбольш вядомы С. Палубес) працавалі ў Маскоўскай дзяржаве, дзе выраблялі кафлю.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).