Мотальскі строй — традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення ў Заходнім Палессі. Бытаваў у 19 — 1-й палове 20 ст. на невялікай тэрыторыі Іванаўскага раёна (вёскі Моталь, Тышкавічы, Асаўніца).
Жаночае адзенне
Аснову летняга касцюма жанчын складалі кашуля, спадніца, фартух, гарсэт.
Кашуля
Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, прышытымі па аснове, са шматлікімі складкамі вакол стаячага каўняра. Тыповым прыёмам аздаблення былі звычайныя строчкі, уручную прашытыя чорнай баваўнянай ніткай упоперак стаячага каўняра, манжэты.
Спадніца
Спадніца — гладкафарбаваны, бурачковы ці чырвоны андарак або палатнянік з белага кужалю, сабранага па лініі таліі на матузок.
Фартух
Фартух кроілі з 4 полак кужэльнага палатна, якія злучалі дэкарыраваным швом, што дазваляла насіць яго на два бакі. Арнамент натыкання вызначаўся дробным малюнкам чырвонага, чырвона-чорнага, блакітна-чырвона-чорнага геаметрычнага або расліннага арнаменту.
Гарсэт
Гарсэт шылі з чырвонага фабрычнага сукна, з серабрыстай парчы, аздаблялі нашыўкамі тасьмы-галуна, стужак, пацерак. Гарсэт запраўлялі ў спадніцу і падпяразвалі шырокім бурачкова-чырвоным поясам ручнога пляцення.
Галаўны ўбор
Галаўны ўбор — моцна накрухмаленая намітка, завітая на каробачку з чапцом, аздобленая кветкамі па баках або паўкругам спераду.
Мужчынскае адзенне
Мужчынскае адзенне складалі нагавіцы і кашуля навыпуск, падперазаныя шырокім плеценым поясам з кутасамі, галаўны ўбор — саламяны брыль, магерка. Верхняе адзенне — світка, катанка, куртка з чорнага валенага сукна, аздобленая цёмна-сіняй аблямоўкай, з бакавымі клінамі-«вусамі».
Прыгожым мастацкім аздабленнем вылучаліся аўчынныя кажухі і паўкажушкі.