Моладзь БНФ
Моладзь Беларускага Народнага Фронта (Моладзь БНФ)
Лідар Арцём Касавараў
Дата заснавання 2005
Штаб-кватэра г. Мінск, вул. Чарнышэўскага 3-39
Краіна
Ідэалогія

беларускі нацыяналізм, нацыянал-дэмакратыя, кансерватызм,

нацыянал кансерватызм
Саюзнікі і блокі Партыя БНФ
Колькасць членаў 750
Дэвіз «Свабода, Незалежнасць, Адраджэнне», «Жыве Беларусь!»
Сайт moladz.info

Моладзь Беларускага Народнага Фронта — моладзевая палітычная арганізацыя з уласнай структурай, з’яўляецца моладзевым крылом Партыі БНФ.

Гісторыя

Моладзевая камісія партыі БНФ была зацверджана Соймам 7 лістапада 2005 года. Моладзь БНФ стваралі маладыя людзі, якія былі членамі Партыі БНФ. У аргкамітэт увайшлі: Алесь Каліта, Франак Вячорка, Аляксандр Мазанік, Яўген Пугач, Кацярына Маркоўская, Сяргей Семянюк, Аляксей Трубкін.

  • I З’езд арганізацыі Моладзь БНФ прайшоў 24 верасня 2006 года. Старшынёй арганізацыі стаў Алесь Каліта, намеснікамі — Ілля Богдан і Сяргей Семянюк. Была абрана Рада з 9 чалавек.
  • II З’езд (11 лістапада 2007 года). Алесь Каліта быў пераабраны старшынёй Моладзі БНФ[1].
  • III З’езд (26 кастрычніка 2008 года). Старшынёй быў абраны член Партыі БНФ Франак Вячорка[2]. 28 студзеня 2009 Франака Вячорку, нягледзячы на медычныя супрацьпаказанні, забралі ў войска[3]. Выконваючым абавязкі старшыні стала Кацярына Маркоўская.
  • IV З’езд (19 кастрычніка 2009 года). На з’ездзе старшынёй Моладзі БНФ быў абраны Андрусь Крэчка[4], намеснікамі сталі Антось Каліноўскі, Аляксандра Клімовіч і Сяргей Семянюк.
  • V З’езд (9 красавіка 2011 года). Вырашана скасаваць пасаду старшыні арганізацыі і дэлегаваць каардынацыйныя паўнамоцтвы Радзе, што будзе збірацца кожны месяц[5].
  • VI З’езд (9 кастрычніка 2016 года). Адменена рашэнне V з’езда аб скасаванні пасады старшыні арганізацыі і вырашана змяніць сімвал арганізацыі на герб Фенікс. Таксама ўнесены змены ў палажэнне Моладзі БНФ: абмежавана колькасць разоў знаходжання на пасадзе кіраўніка арганізацыі да двух, створана Рада, якая будзе складацца з намеснікаў старшыні, кіраўнікоў гарадскіх арганізацый і кіраўнікоў накірункаў, абмежаваны паўнамоцтвы кіраўнікоў. Старшынёй быў абраны Юрый Лукашэвіч.[6]

У 2008—2010 гадах многія члены арганізацыі прайшлі праз рэпрэсіі: на сутках неаднаразова сядзеў Алесь Каліта, з універсітэта незаконна былі выключаныя Франак Вячорка, Зміцер Жалезнічэнка[7]. Яны, як і Алесь Каліта, трапілі ў войска[8].

У 2012—2015 гадах арганізацыя адчувала праблемы ў сувязі з палітычнымі рэпрэсіямі.

25 жніўня 2015 года выконваючым абавязкі кіраўніка Моладзі БНФ стаў Юрый Лукашэвіч.

У верасні 2015 года Моладзь БНФ пачала адраджэнне. У 2015 і 2016 гадах правяла дзясяткі розных акцый у розных гарадах Рэспублікі Беларусь.

Пасля парламенцкай кампаніі 2016 года некаторыя члены арганізацыі трапілі пад рэпрэсіі з боку навучальных устаноў, але гэта не спыніла дзейнасць арганізацыі: у Мінску, Гродна, Брэсце, Магілёве, Гомелі, Віцебску, Слоніме, Рэчыцы, Оршы, Полацку, Наваполацку, Бабруйску, Баранавічах, Барысаве, Жодзіна, Лідзе, Смаргоні, Маладзечна, Пінску актывісты Моладзі БНФ працягваюць рэалізоўваць свае кампаніі, праводзіць мерапрыемствы і акцыі.

Дзейнасць

Сяброўства ў арганізацыі «Моладзь БНФ» з’яўляецца адкрытым. Любы чалавек ва ўзросце ад 14 да 35 гадоў, які запоўніў анкету Моладзі БНФ, можа стаць членам арганізацыі. Ва ўзросце ад 16 гадоў сябры арганізацыі маюць магчымасць па жаданні ўступіць у грамадскае аб’яднанне БНФ «Адраджэнне», а маючы 18 год — у Партыю БНФ. Члены арганізацыі «Моладзь БНФ» маюць магчымасць прымаць удзел ва ўсіх мерапрыемствах Партыі БНФ. Кіраўнікі аддзелаў, мясцовых суполак, сябры Рады абавязкова павінны з’яўляцца членамі Партыі БНФ і прымаць удзел у паседжаннях мясцовых радаў. Члены Моладзі БНФ, якія з’яўляюцца сябрамі Партыі БНФ, могуць удзельнічаць у выбарах як кандыдаты ад Партыі БНФ.

Моладзь БНФ правяла шэраг грамадскіх кампаній, сярод іх: «Кампанія салідарнасці з палітвязнямі»[9], «Кампанія супраць адмены ільготаў»[10], «За беларусізацыю мабільных аператараў»[11], «За прафесійнае войска»[12], «Моладзь БНФ — Беларускаму народу»[13], «Я слухаю беларускую музыку» (кампанія супраць «чорных» спісаў забароненых беларускіх музыкаў), «Я люблю Беларусь»[14], «Абарона Лошыцкай сядзібы», «Кампанія супраць пераносу помніка М. Багдановічу», «Кветкі бацькам нацыі»[15].

У прэзідэнцкай кампаніі 2010 года актывісты Моладзі БНФ прымалі актыўны ўдзел у перадвыбарчай кампаніі кандыдата ад Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Збіралі подпісы, агітавалі, каардынавалі працу асобных рэгіёнаў.

Моладзь БНФ актыўна прымала ўдзел у парламенцкіх выбарах у 2016 годзе, агітуючы за кандыдатаў ад партыі БНФ.

Па стане на 2016 год Моладзь БНФ праводзіць кампанію «За рэабілітацыю Ларысы Геніюш»[16] і кампанію супраць ціску па палітычных матывах «Ірыска супраць ціску!»[17]

Сімволіка

Сімвалам арганізацыі з’яўляецца герб Фенікс, які сімвалізуе адраджэнне, магутнасць, росквіт і справядлівасць.

Неафіцыйнымі сімваламі арганізацыі з’яўляюцца герб Гедымінавічаў «Калюмны» і герб Ягелонаў.

Зноскі

  1. У Мінску праходзіць З’езд Моладзі БНФ — Наша Ніва: першая беларуская газета
  2. Франак Вячорка стаў новым кіраўніком " Моладзі БНФ "- Наша Ніва: Першы беларуская газета
  3. Франака Вячорку забіраюць у войска 26 Студзень | Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
  4. Старшынёй «Моладзі БНФ» абраны Андрэй Крэчка — Наша Ніва: першая беларуская газета
  5. У Мінску прайшоў V з’езд «Моладзі БНФ»
  6. «Моладзь БНФ» патрабуе вярнуць Ларысу Геніюш у школьную праграму
  7. Зміцер Жалезнічэнка: «Я хачу служыць у арміі, Дзе загады аддаюцца па-беларуску» — Народная Воля(недаступная спасылка)
  8. БНФ прызвалі ў войска — Наша Ніва: першая беларуская газета
  9. Моладзь БНФ прыняла рашэнне аб далучэнні да агульнанацыянальнай кампаніі салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі, зніклымі апазіцыянерамі, іх сем’ямі, незалежнымі журналіс…
  10. У Мінску разагналі акцыю моладзі супраць скасавання ільгот: ёсць збітыя і затраманыя | Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
  11. ЗА МТС ПА-БЕЛАРУСКУ | грамадзянская кампанія Архівавана 23 сакавіка 2018.
  12. http://www.dw-world.de/dw/article/0,,3990682,00.html
  13. Грамадства | Матэрыялы | Радыё Рацыя(недаступная спасылка)
  14. Акцыя моладзі БНФ на Плошчы Якуба Коласа — Наша Ніва: першая беларуская газета
  15. Моладзь БНФ заклікае далучыцца да флэшмобу «Кветкі бацькам нацыі»
  16. #Геніюш2016. Стартавала кампанія за рэабілітацыю Ларысы Геніюш
  17. «Моладзь БНФ» начинает кампанию против политического давления Архівавана 26 верасня 2016.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.